Хлеб штодзённы

3 снежняAdwent-1-2

1-я нядзеля Адвэнту, год В

 

Да спаткання з Хрыстом

 

1 чытанне — Іс 63, 16b-17. 19b;64, 2b-7.

2 чытанне — 1 Кар. 1, 3-9. 

Евангелле — Мк 13, 33-37.

 

 

“Пане, Ты – Айцец наш, мы – гліна, а Ты – наш ганчар і ўсе мы  – справа рукі Тваёй”.   (Іс 63, 16-17).

Распачынаем  чарговы  перыяд Адвэнту ў нашым жыцці. Прыкладаем намаганні для навяртання, усведамляючы, што рыхтуемся да спаткання з Хрыстом, які прыходзіць у свет. І гэтае спатканне не толькі ў таямніцы Яго нараджэння, але найперш падчас Яго прыйсця пры сканчэнні свету, калі Ён прыйдзе судзіць неба і зямлю як канчатковы пераможца. Божае слова заклікае нас чуваць.

Чакаючы прыйсця Пана, нам неабходна спакойна выконваць свае абавязкі, будучы свабоднымі ад празмернага клопату пра тое, што часовае. Хрысціянін мае паслугоўвацца сучасным светам, а не служыць яму. Адкуль бярэцца страх перад прыйсцем Пана? Гэты страх сведчыць пра адсутнасць або недахоп любові. Якая ж наша любоў да Хрыста, калі мы баімся Ягонага прыйсця? Ці сапраўды мы любім Яго? А можа больш любім свае грахі? Пан прыйдзе незалежна ад таго, хоча чалавек гэтага ці не. Не ведаем ні дня, ні гадзіны, калі прыйдзе. Аднак калі, прыйшоўшы, знойдзе нас прыгатаванымі, то нам зусім не перашкодзіць тое, што мы не ведалі, калі прыйдзе.

Злыя баяцца прыйсця Пана як пакарання, а добрыя любяць і чакаюць Яго з надзеяй. Злы, калі не апамятаецца і не навернецца, то не палепшыць свайго стану, спадзяючыся на Божую міласэрнасць.

Евангелле пералічвае розныя поры прыйсця Пана: увечары, апоўначы, пры спеве пеўняў, раніцай. Гэтыя акрэсленні паказваюць на час, калі распачынаецца або дзейнічае цемра, або калі  яшчэ няма добрага дзённага святла. Цяперашняе  жыццё – з’яўляецца ноччу, пакуль не прыйдзе Хрыстус і не асветліць усе задумы сэрца чалавечага. Перыяд Адвэнту прыпамінае нам,  што  на тую сустрэчу з Хрыстом-суддзёй неабходна быць падрыхтаваным у кожную хвіліну нашага жыцця.


 10 снежняAdvent-2

2-я нядзеля Адвэнту, год В

 

Голас  Таго, Хто кліча

 

1 чытанне — Іс 40, 1-5. 9-11.

2 чытанне — 2 П 3, 8-14. 

Евангелле — Мк 1, 1-8.

 

 

“Падрыхтуйце дарогу Пану”  (Мк 1, 1–8).

У асобе Яна Хрысціцеля заўважаем вялікую ласку і годнасць. Чалавек быў пасланы перад Богам-Чалавекам, распазнаў Яго прысутнасць, убачыў у Ім Пана, паказаў Яго людзям.

Самога сябе Ян называў голасам таго, хто кліча ў пустыні, згодна з прароцтвам Ісаі. Святы Аўгустын казаў: Ян – голас, Хрыстус – Слова. Спачатку чуем моцны голас, каб потым зразумець слова. Гаворка ідзе пра Слова, якое на пачатку было ў Бога, і праз Яго ўсё сталася. Гэтае Слова было перад голасам і само сабе ўчыніла голас. Якая розніца паміж голасам і словам? Голас можа быць неразборлівым гукам, напрыклад, крыкам або стогнам. Слова, аднак, азначае пэўнае паняцце. Слова мае значэнне таксама і без голасу, напрыклад, можа быць у думках або напісанае. Голас без слова не мае зместу. Тое, што хочам сказаць, узнікае ўнутры па-за межамі моўнай формы і шукае спосаб выказаць гэта звонку на мове, якую слухач разумее.

Ян Хрысціцель увасабляе голас, з’яўляецца голасам Слова. Кажа пра Хрыста: Ён павінен узрастаць, а я змяншацца. Чым больш набліжаемся да Слова, тым менш патрэбны голас. Святое Пісанне кажа, што ўбачым Бога такім, які ёсць. Тады нам не патрэбны будзе голас прарокаў, не будзем там чытаць ні Евангелле, ні Апостальскія лісты. Голас знікае, калі ўзрастае Слова. Калі кажам пра павелічэнне Слова, гэта не азначае Яго перамены, бо яно само ў сабе нязменнае, не ўзрастае і не змяншаецца. Узрастанне Слова неабходна разумець наступным чынам: Слова ўзрастае ў нас, калі мы ўзрастаем, набліжаючыся да Яго і становячыся Яго прапаведнікамі.


 17 снежняAdvent-3

3-я нядзеля Адвэнту, год В

 

Светач на нашай дарозе

 

1 чытанне — Іс 61, 1-2а. 10-11.

2 чытанне — 1Тэс 5, 16-24. 

Евангелле — Ян 1, 6-8. 19-28.

 

 

 Узрадуюся ў Пану”  (Іс 61, 10 )

Кажучы пра вялікіх святых, прарокаў, прапаведнікаў Слова Божага, Святы Аўгустын часта выкарыстоўваў вобраз гары. Людзі, гледзячы на горы, захапляюцца іх прыгажосцю, моцаю і веліччу. Аднак не могуць ускладаць надзею на іх саміх, але толькі ў Богу.  Гара пагружаная ў цемру, пакуль не асветліць  яе  Божае  святло.

Такою гарою быў святы Ян Хрысціцель, пра  якога напісана, што не быў святлом, але прыйшоў, каб засведчыць пра святло. Езус прыйшоў да людзей, зраненых грахом як да хворых, вочы якіх не маглі глядзець на святло. Гледзячы на прадмет, асветлены бляскам сонца, можна зразумець, што сонца ўжо ўзышло, хоць самога сонца яшчэ немагчыма пабачыць. Таксама гледзячы на Яна Хрысціцеля і прымаючы яго сведчанне, мы прыходзім да пазнання Езуса Хрыста, які з’яўляецца сапраўдным святлом. Ян Хрысціцель з’яўляецца светачам, пры бляску якога шукаем святло. Не чыніў цудаў: не выганяў злых духаў, не аздараўляў хворых, не ўваскрашаў мёртвых, не размнажаў хлеб, не хадзіў па вадзе, не загадваў ветру і мору, але праз усё, што казаў, даваў сведчанне пра Езуса Хрыста. Езус, кажучы пра Яна Хрысціцеля, падкрэслівае, што ён светач, што гарыць і свеціць. Светачамі могуць быць названыя прарокі, апосталы, прапаведнікі. Слова Божае, якое абвяшчаюць, з’яўляецца светачам на нашай дарозе. У цемры карыстаемся з яго святла і цешымся ім, аднак светач кажа чакаць новага дня і бляску сонца. Нельга затрымоўвацца выключна пры светачу і думаць, што ягонага святла нам хопіць. Канешне, гэта не азначае, што светач з’яўляецца лішнім. Сведчанне чалавека для нас патрэбнае перадусім для таго, каб скіраваць нас да Бога, на якога маем ускладаць наш давер.


 24 снежняAdvent-4

4-я нядзеля Адвэнту, год В

 

Па  веры  вашай…

 

1 чытанне — 2 Сам 7, 1-5. 8b-12. 14а. 16.

2 чытанне — Рым 16, 25-27. 

Евангелле — Лк 1, 26-38.

 

 ”Няхай мне станецца паводле твайго слова”  (Лк 1, 38).

У сённяшнім Евангеллі чытаем добра  вядомую  сцэну Звеставання. Адказам Марыі на  словы  Арханёла  Габрыэля з’яўляецца спачатку ўважлівае слуханне, затым вера. Яе  розум  прыняў  з  верай  таямніцу,  якая   споўнілася  ў Яе  целе. Святы  Аўгустын казаў: “Марыя, поўная веры, хутчэй зачала Хрыста  ў  розуме сваім, чым ва ўлонні. Арханёл  дабравесціць, Дзева слухае, верыць, зачынае. Вера ў розуме, Хрыстос  ва ўлонні”. Гэтай падзеі ў жыцці Марыі папярэднічаў акт  Яе поўнага прысвячэння сябе Богу, праз што падкрэсліваецца Яе поўны  любові выбар, а не толькі паслухмянасць Божай волі.

Марыя  пытаецца: “Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?”. Не сумняваецца  ў  Божай  ўсемагутнасці, але  шукае  тлумачэння.  Яе пытанне не выключае веры, і Арханёл ведае пра гэта, таму шукаючай і давяраючай Богу  дае  тлумачэнне: “Дух Святы  сыйдзе  на  Цябе, і моц Найвышэйшага  ахіне  Цябе”.

Марыя, слуга Панская, была абрана  на  Маці  Збавіцеля,  прыйсця  якога чакала  чалавецтва. Марыя паверыла і  споўнілася тое, у што паверыла. Калі і  мы будзем верыць, то споўніцца  тое, што нам патрэбна і чаго чакаем. Па веры вашай дадзена вам будзе.


 31 снежняРожд

Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа, год В

 

Дзіцятка, поўнае  велічы

 

1 чытанне — Сір 3, 2-6.  12-14.

2 чытанне — Клс 3, 12-21. 

Евангелле — Лк 2, 22-40.

 

 

 “Дзіця ж расло (…) і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім”  (Лк 2, 40).

У фрагментах  Евангелля, звязаных  з  перыядам  Божага Нараджэння, паяўляецца шмат розных асоб. Спачатку  бачым Марыю і Юзафа, Захарыю і Альжбету, затым анёлаў, пастухоў і мудрацоў з Усходу, а ў Евангеллі  на  нядзелю  Святой Сям’і таксама Сімяона і прарочыцу Ганну. У  непасрэднай  блізкасці ад ясляў Бэтлеемскіх  знаходзяцца падзеі, якія падахвочваюць  задумацца над вобразам  сям’і, задачамі яе членаў і правільным  парадкам у сямейных адносінах. Акрамя  прыкладу для бацькоў  і  дзяцей,  знаходзім  аднясенне таксама да дзядулі і бабулі, вобраз якіх можам заўважыць у асобе  Сімяона  і  Ганны.  Яны  ўказваюць на святыню, як на месца малітвы, благаслаўлення, пошуку мудрасці, адкрыцця  жыццёвага  паклікання. Усе гэтыя асобы, пра якія нам гаворыць  Слова  Божае,  даюць  сведчанне  пра  спатканне  з  Богам, які рэальна і сапраўдна ўваходзіць у жыццё  чалавека.

Хрыстос  прыйшоў  да  ўсіх  лю-дзей  і  ўсім  прынёс  надзею  збаўлення. Старац  Сімяон прыняў на свае рукі  Хрыста і ў малым Дзіцятку пазнаў веліч, кажучы: “вочы  мае ўбачылі збаўленне Тваё”. У невялічкім  Дзіцятку  распазнаў Стварыцеля  неба  і зямлі і вельмі ўсцешыўся,  бачачы  спаўненне  абяцання, якое  атрымаў. У сваіх  руках  трымаў Таго, які  прыйшоў  у слабасці і прыніжэнні, каб нам  удзяліць  моцы.

Пане Езу, у гэты апошні дзень 2023 года  заступніцтву  Тваёй зямной  сям’і  – Марыі  і Юзафа – давяраем нашы сем’і. Удзялі ласкі, каб мы  ў  кожны  дзень  наступаючага года знаходзілі Тваю прысутнасць і любоў.

 

 

 кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий