Свята Хросту Пана, год В
Пазнаць Святло
1 чытанне — Іс 55, 1-11.
2 чытанне — 1 Ян 5, 1-9.
Евангелле — Мк 1, 7-11.
“Ідзіце да водаў: паслухайце і жыць будзе душа ваша» (Іс 55, 1-2).
Сёння, калі адзначаем свята Хросту Пана, варта ўзгадаць сакрамэнт хросту, які мы прынялі. Што такое Сакрамэнт Святога Хросту? Прасцей за ўсё сказаць – гэта дзеянне Бога знешнімі знакамі. Як і кожны сакрамэнт – бачны знак нябачнай Божай ласкі. Для нашых вачэй гэта будзе просты жэст – галава дзіцяці паліваецца вадой і чутныя словы: “Я цябе хрышчу, у імя Айца і Сына і Духа Святога”.
Мы добра ведаем, што жыццё– гэта не толькі тое, што мы бачым, але таксама і той духоўны свет, які мы не заўважаем, не адчуваем пачуццямі. Ці вы заўважаеце свае думкі? Іх можна вымавіць, выказаць, перадаць словамі, але саміх думак не відаць. Вы бачыце любоў? Таксама не, бачым толькі яе праявы. Канкрэтныя ўчынкі любові. Таму ў нашым жыцці ёсць прасторы, якія не бачныя. Тое ж самае і з сакрамэнтам хросту. Пад вонкавым жэстам і вымаўленымі словамі сакрыта праўда веры. Праўда аб тым, што Бог сапраўды дзейнічае ў гэтых знаках. У чым заключаецца дзеянне Бога ў Сакрамэнце Хросту? Тыя, хто прымае яго, ачышчаюцца ад першароднага граху. Гэта ачышчэнне ад першароднага граху можна адлюстраваць вобразна як смерць для граху і нараджэнне – дзякуючы Езусу– для новага жыцця. Праз хрост мы становімся новым тварэннем. Дзякуючы гэтаму сакрамэнту, мы далучаемся да супольнасці Касцёла. Хрост яднае нас у агульным імкненні да Нябеснага Валадарства. Хрост – гэта брама для прыняцця ўсіх іншых сакрамэнтаў. Сакрамэнт Святога Хросту – пакідае на душы незнішчальную пячатку. Пячатку прыналежнасці да Бога, прыналежнасці да Хрыста, дзякуючы Якому мы ўваскрэснем і бу-дзем жыць вечна. Прымаючы хрост, чалавек становіцца дзіцём Божым і спадкаемцам неба.
Пасля прыняцця хросту пачалася публічная дзейнасць Езуса, які быў жывым Евангеллем, словамі і ўчынкамі абвяшчаў хвалу Айца, Які пасылае Яго. Пасылае, каб нас вырваць з цемры граху, каб дапамагчы нам спазнаць тое адзінае Святло – самога Бога; Бога, які хоча быць вельмі блізка нас і давесці да шчаслівай вечнасці. Мы таксама павінны прыкласці кан-крэтныя намаганні, каб, прыняўшы Сакрамэнт Хросту, штодня жылі, паводле Божых Запаведзяў, ва ўсім шукаючы і выконваючы Яго волю. Каб нашыя словы і ўчынкі абвяшчалі хвалу Айца, Які нас любіць.
14 студзеня
2-я нядзеля звычайная, год В
Наш адказ на заклік Бога
1 чытанне — 1 Сам 3, 3b-10. 19.
2 чытанне — 1 Кар 6, 13с-15а. 17-20.
Евангелле — Ян 1, 35-42.
“Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой” (1 Сам 3, 9).
Бог выбірае нас і запрашае да такога жыцця, якое прывядзе нас да Збаўлення. Аднак выбар нас Богам патрабуе чалавечага адказу. Гэта найбольш ярка праяўляецца ў сённяшнім Евангеллі, да якога мы хочам схіліцца цяпер асаблівым чынам. Апісаная ў ёй сцэна паклікання першых вучняў надзвычай глыбокая зместам. Падчас гэтай падзеі чуем выдатныя словы Хрыста: “Чаго шукаеце?” Вучні адказваюць канкрэтна: “Настаўнік, дзе жывеш?”. Яны пытаюцца Езуса неяк пра тое, хто Ён на самой справе, каб яны маглі паверыць. Ён не адхіляе іх пытанне, а дае цікавы адказ: “Ідзіце і ўбачыце”. На гэта евангеліст Лука дадае сваё рэзюмэ: “…а яны пайшлі і ўбачылі, дзе ён жыве, і ў той дзень засталіся ў Яго”.
Каб зразумець, наколькі важным з’яўляецца заклік Бога і адказ нашай веры на яго, давайце разгледзім тры ключавыя дзеясловы з сённяшняга Евангелля: яны пайшлі, убачылі і засталіся ў Яго.
Яны пайшлі за Езусам. Напэўна, нікому не трэба даказваць, што пацвярджэннем нашага шляху за Езусам з’яўляецца наша вызнанне веры, якое мы больш свядома ці часцей за ўсё вуснамі нашых бацькоў вымаўляем у Сакрамэнце Святога Хросту. Святы Хрост – гэта пачатак жыцця ў прысутнасці Бога. Дзякуючы гэтаму сакрамэнту, мы становімся супольнасцю Касцёла, дзецьмі Божымі. З яго выцякае наша вера. А вера ж, як казаў Клімент Александрыйскі, ёсць толькі аснова нашага рэлігійнага жыцця. Таму са стадыі ісця за Хрыстом нам неабходна перайсці да таго месца, дзе ён жыве.
Яны ўбачылі, дзе ён жыве. Яны паверылі Яму і на Яго ўсклалі сваю надзею, даверыліся Яму. Гэта, у сваю чаргу, азначае, што ў нашым жыцці неабходна клапаціцца аб сваёй веры, важна яе паглыбляць, развіваць, нанова адкрываць. Ажыццяўленне гэтага магчыма, перш за ўсё, шляхам захаплення Езусам. Трэба глядзець на Яго жыццё, на дзейнасць сярод нас і ў нас тут і цяпер, на вучэнне.
Яны засталіся ў яго. Калі вера ў Бога выяўляецца шляхам вандроўкі за Езусам, а надзея – у тым, дзе ён жыве, то трэцяя з іх – любоў, безумоўна, азначае застацца з Ім. А заставацца з Езусам выяўляецца ў наследаванні апосталаў, якія з увагай слухалі Яго вучэнне, хоць, вядома, спачатку зусім не разумелі Яго. Ва ўсім гэтым варта памятаць, каб заўсёды суправаджаць Яго і будаваць з Ім супольнасць жыцця. А жыццё з Езусам – гэта жыццё, заснаванае на Яго вучэнні і на любові на ўзор Хрыста. І гэтая любоў па-вінна ажыццяўляцца ў адносінах да Бога і да чалавека.
Знайшоўшы Збаўцу Езуса Хрыста ў Касцёле, неабходна заставацца з Ім, а застацца з ім – значыць запрасіць Яго ў сваё жыццё і дазволіць Яму суправаджаць нас, даверыцца Яму.
3-я нядзеля звычайная, год В
Ці перажываем навяртанне?
1 чытанне — Ён 3, 1-5. 10.
2 чытанне — 1 Кар 7, 29-31.
Евангелле — Мк 1, 14-20.
“Кайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15).
Сапраўднае і глыбокае навяртанне прыносіць канкрэтныя плады. Адным з іх, можа найважнейшым, з’яўляецца змена перспектывы жыцця, адкрыццё яго сэнсу, дарогі і мэты. У Бібліі, у яе грэчаскай версіі, знаходзім два словы, якія перакладаюцца як “навяртанне”. Першае, найбольш вядомае, гэта “мэтаноя”. Яно ўказвае на перамену жыцця ў вымярэнні духоўным і маральным з-за Бога і Яго Слова. Такому навяртанню спрыяюць слуханне і вера. Другое слова – “эпістрэфэін”– сустракаем у кнізе Захарыі (Зах 1,3). Азначае яно звярнуць з няправільнага шляху, звяртаючыся да Бога; такая пастава прыводзіць да таго, што і Ён звернецца да чалавека.
Сённяшняе Божае Слова змяшчае абодва значэнні навяртання. Тычыцца яно кожнага з нас. Так, як у часы Ёны, так і ў часы Езуса слова было скіравана да людзей рэлігійных, якім выдавалася, што не маюць патрэбы нічога змяняць у сваім жыцці. Варта сёння паразважаць, колькі разоў на працягу дня “адварочваю” сваё сэрца ад Бога? Колькі жыццёвых рашэнняў прымаю без распазнавання, без малітвы, без звяртання да Божага Слова? Злы дух заўсёды скажа: не патрабуеш ніякага навяртання, іншыя горшыя; гэта тваё жыццё, а Пан Бог няхай будзе сабе ў Небе, у Касцёле. Тое, што не бачым патрэбы пастаяннага навяртання, не азначае, што не патрабуем яго. Святло Духа Святога здольнае паказаць нам усе гэтыя сферы і закуткі нашага сэрца, якія дагэтуль закрытыя на Бога.
28 студзеня
4-я нядзеля звычайная, год В
Бог робіць чалавека свабодным
1 чытанне — Дрг 18, 15-20.
2 чытанне — 1 Кар 7, 32-35.
Евангелле — Мк 1, 21-28.
“Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу” (Мк 1, 22).
Літургія Слова сёння звяртае нашу ўвагу на дзейнасць Бога ў свеце, а таксама на прысутнасць зла, мэтай якога з’яўляецца знішчыць чалавека і прывесці ў пекла. Таму незалежна ад таго, якую прафесію маем, якія абавязкі выконваем, пакліканне ўсіх нас як хрысціян складаецца ў тым, каб выконваць волю Бога і імкнуцца да святасці.
Грэх у сваёй аснове з’яўляецца недахопам веры ў Бога, якая найчасцей выклікана залішняй самаўпэўненасцю, калі мы больш верым у саміх сябе (у нашыя здольнасці, думкі, перакананні і г.д.), чым у Бога. Грэх шкодзіць не Богу, а самому чалавеку (пар. Ер 7,19). Бог так моцна любіць нас, што, ведаючы, якое зло прыносіць нам грэх, ведаючы, што грэх знішчае чалавека і закрывае на ласку збаўлення, – забараняе нам грашыць і быць нявольнікамі граху. Дзеля нашага дабра. (…)
У сённяшнім Евангеллі мы заўважаем дзейнасць Езуса, які Сваім Словам выганяе д’ябла з чалавека, робіць чалавека свабодным, вяртае яму ласку жыцця з Богам. (…)
Кожны знак служыць аб’яўленню нейкай праўды. У гэтым мэта вызваленняў ад злых духаў і аздараўленняў, якія здзяйсняе Бог. (…) Яны адбываюцца, каб нагадаць, што цяпер, калі паўсюдна пануюць законы эфектыўнасці і прагматызму, Бог прысутнічае сярод нас і здольны чыніць цуды. Яны дэманструюць Божую моц, каб мы цалкам спадзяваліся на Яго ва ўсіх аспектах нашага чалавечага жыцця. Наш Бог цудоўны, Ён здольны ўвайсці ў самыя глыбіні нашых праблемаў дзеля таго, каб аздараўляць і вызваляць нас. Бог жадае нашага дабра і збаўлення!
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ