5-я нядзеля звычайная, год В
Крыніцы сілы
1 чытанне — Ёв 7, 1-4.
2 чытанне — 1 Кар 9, 16-19. 22-23.
Евангелле — Мк 1, 29-39.
“Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання?” (Ёв 7,2)
Усё часцей сустракаюся з тым, што сярод шматлікіх веруючых людзей размова з Богам адкладаецца на апошнюю чаргу, або ўвогуле адсутнічае. На пытанне “чаму?” чую адказ: “А калі? Сіл ніякіх не маю, і такое жыццё ўжо надакучыла – а вы мне тут пра малітву! Маю сілы – малюся, не маю – не малюся”… «Але малітва і з’яўляецца крыніцай сілы жыцця», – адказваю я. Кожны чалавек сапраўды мае шмат важных і неабходных спраў. І насамрэч праблема не ў гэтым, праблема ў тым, што чалавек часта губляе размову з Богам, губляе гэту “крыніцу жывой вады і засыхае”.
Літургія Слова запрашае нас прыгледзецца да жыцця Езуса. Як Ён, маючы столькі спраў тут, на зямлі, з усімі выдатна спраўляўся? Вакол Езуса збіраліся натоўпы лю-дзей. Яны прагнулі слоў, якія прапаведаваў ім Езус. Яны таксама прыходзілі шукаць аздараўлення душы і цела. Як кажа Евангеліст: “Ён аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выганяў многіх злых духаў”. Мы можам сабе ўявіць, наколькі Ён быў заняты. Але Ён не даў сябе паглынуць да канца шалёнай актыўнасці. Чытаем далей: “На досвітку, устаўшы вельмі рана, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся”. Ён ведаў, як шмат яшчэ неаздароўленых, што столькі прыхо-дзяць да яго са сваімі бедамі, балячкамі, столькі пакутуе па сённяшні дзень, па ўсім свеце, – і ўсё ж адыходзіў ў цень, каб трываць на малітве. У сваёй чалавечнасці Езус патрабуе не толькі фізічнага адпачынку, але і часу сам-на-сам са Сваім Айцом. Яму патрэбен быў кантакт са Сваім Айцом, і ў гэтым быў сакрэт Яго велізарнай сілы і эфектыўнай дзейнасці. Менавіта ў малітве, услухоўваючыся перад Айцом у найглыбейшыя жаданні свайго сэрца, Ён прымае рашэнні.
Мы таксама маем патрэбу ў кантакце з Богам, каб зарадзіцца Божай “энергіяй”, якая дапамагае жыць больш поўна і асэнсавана. Няхай разважанне над нашым асабістым жыццём, прывядзе да поўнай еднасці з Богам, праз час на малітву, праз час для самога сябе, праз нашы планы і штодзённыя справы.
11 лютага
6-я нядзеля звычайная, год В
Важнасць Сакрамэнту Споведзі
1 чытанне — Лев 13, 1-2. 44-46.
2 чытанне — 1 Кар 10, 31 – 11, 1.
Евангелле — Мк 1, 40-45.
“І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты” (Мк 1, 42)
Людзі, хворыя на праказу, былі найбольш нешчаслівымі і трагічнымі постацямі ў старажытнасці. Жыццё іх было пеклам ужо тут, на зямлі. Здаровыя не падыходзілі да пракажоных, бо баяліся смяротна заразіцца. Таму ненавідзелі пракажоных, лічачы іх за грэшнікаў.
І сёння ў Евангеллі мы чуем, як вось такі чалавек, хворы на праказу, упаў перад Хрыстом на калені і прасіў Яго: “Калі хочаш, можаш мяне ачысціць”. Пан Езус працягнуў Свае рукі, дакрануўся да яго і сказаў яму: “Хачу, будзь ачышчаны”.
Біблія часта параўноўвае хваробу праказы да хваробы граху. У такім сэнсе ўсе мы духоўна пракажоныя, бо ўсе дапускаем грахі, якія чыняць нас нешчаслівымі і вядуць да смерці.
Калі б маральную праказу такіх грахоў, як нянавісць, зайздрасць, эгаізм, пыха, неадпаведная пачуццёвасць, можна было ўбачыць на тварах людзей, то падобна, што гэта быў бы яшчэ горшы выгляд, чым твар і цела пракажонага чалавека.
Браты і сёстры! Як нелечаная хвароба праказы вядзе да фізічнай смерці, таксама нелечаная праказа грахоў вядзе да смерці духоўнай.
Хворы на праказу робіць даволі смелы ўчынак і прыходзіць да Хрыста, тым самым парушаючы закон Майсея. Ён рызыкуе быць выгнаным і пакараным. Цікавая ягоная просьба. Ён просіць не аб аздараўленні, а аб ачышчэнні, што дае намёк на яго глыбокую прагу зноў увайсці ў малітоўную супольнасць Ізраэля. Езус працягвае Сваю руку і ачышчае хворага на праказу. Да-крануцца да такога хворага – рызыкоўны жэст для чалавека, але для Хрыста – гэта жэст непераможнай Боскай моцы.
Хваробу духоўнай праказы лечыць Хрыстус у Сакрамэнце Споведзі. Часамі чалавек недаацэньвае важнасці і неабходнасці гэтага сакрамэнту і адкідае яго. Ідзе да споведзі не адразу пасля цяжкага граху, але раз у месяц, год ці радзей, дазваляючы граху знішчаць сябе духоўна, а калі і ідзе да споведзі, то цалкам не падрыхтаваны, прамінаючы перад споведдзю рахунак сумлення. Нешчаслівыя тыя людзі, якія Сакрамэнту Споведзі не маюць, або пазбягаюць яго, або не рыхтуюцца да яго.
“Калі хочаш, можаш ачысціць мяне”, – усклікаў да Хрыста пракажоны. “Калі хочаш, можаш ачысціць маю душу з праказы грахоў і залежнасцей”, – неабходна ўсклікаць нам да Езуса падчас споведзі ў канфесіянале.
Дзякуем сёння Хрысту за тое, што лечыць нашыя душы з праказы грахоў у Сакрамэнце Споведзі і адначасова молімся аб навяртанні для тых, хто яшчэ не спазнаў міласэрнай любові Езуса.
1-я нядзеля Вялікага посту, год В
Галоўная абарона ад спакусаў
1 чытанне — Быц 9, 8-15.
2 чытанне — 1 П 3, 18-22.
Евангелле — Мк 1, 12-15.
“Хрыстус раз пацярпеў за грахі, справядлівы за несправядлівых, каб прывесці вас да Бога” (1 П 3, 18)
Бог падрыхтаваў для кожнага з нас шчасце і радасць збаўлення…А праціўнік стараецца любым спосабам разрушыць гэты Божы план збаўлення чалавека. Таму, пачуўшы Божы голас, які кліча нас да жыцця вечнага, у гэтым свеце таксама пачуем і спакусы праціўніка.
Святы Ігнацый выдзяляе тры прычыны спакусы: д’ябал, свет (у значэнні негатыўным, без Бога), а таксама нашы пажадлівасці. У кожнай спакусе заўсёды прысутнічае няпраўда. Усе спакусы, якія вядуць нас да зла і граху, паходзяць ад праціўніка Бога і чалавека. Вельмі часта яны перадаюцца праз людзей, якія звязаныя грахом або злом. Кожная спакуса заўсёды вядзе да парушэння Божага Слова і Божых запаведзей, кіруе супраць Хрыста і Новага Запавету. Спакуса вядзе да непрыняцця навукі Касцёла і сакрамэнтаў.
Малітва – галоўная абарона ў спакусах.
Важна сабе ўсвядоміць, што момант спакусы павінен стаць момантам малітвы. Як толькі прыходзіць спакуса – адразу маліся! Наступны важны момант у малітве – гэта рэгулярнасць. Малітва неабходная разам з сям’ёй, разам з парафіяльнай супольнасцю, сябрамі, калегамі і г. д. Наступны важны момант у малітве – не выпрабоўваць Бога. Спакушаць і выпрабоўваць – гэта азначае не любіць Бога і Яму не давяраць. Нельга дапускаць у сваё жыццё магію, гараскопы, чары, давяраць бабкам-шаптушкам, астралогіі, экстрасэнсам, розным іншым формам акультызму – ўсё гэта здрада Богу і страшэннае зло. Наступны важны момант у малітве – гэта пакланенне. Пакланенне – галоўнае дзеянне чалавека ў дачыненні да Бога Створцы, да Збаўцы нашага Езуса Хрыста і Духа Святога – аднаўляючага нашу асобу праз святыя сакрамэнты і даруючы нам жыццё вечнае.
2-я нядзеля Вялікага посту, год В
Перамяненне на гары Табор
1 чытанне — Быц 22, 1-2. 9а. 10-13. 15-18.
2 чытанне — Рым 8, 31b-34.
Евангелле — Мк 9, 20-10.
“Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце” (Мк 9, 7).
У сённяшнім Евангеллі чуем, як Езус хоча падрыхтаваць сваіх вучняў на цяжкі досвед свайго цярпення і смерці на крыжы. Для іх ён быў Настаўнікам, а на гары Табор могуць убачыць у Ім Бога, ахінутага святлом і агнём, узмоцненага голасам Айца.
Прысутнасць Іллі, найвялікшага з прарокаў, і Майсея, які перадаў Ізраэлю Божы Закон, дапамагаюць зразумець, што ў асобе Езуса Хрыста выконваюцца ўсе прароцтвы і ўвесь Закон, запісаны ў Старым Запавеце.
Езус забараніў вучням распавядаць пра тое, што бачылі і чулі на гары перамянення – таму што сэнс гэтага здарэння адкрываецца ў перспектыве Яго смерці і Ўваскрасення.
Хвала Езуса – гэта ва ўсім выканаць волю Айца, аддаючы самога сябе за збаўленне чалавека, праходзячы праз крыж да Ўваскрасення.
Браты і сёстры, і мы, у вобразе перамянення Пана з сённяшняга Евангелля, можам знайсці ўзмацненне на шляху за Езусам. Той, у Каго верым, не толькі з’яўляецца асаблівым Правадніком і Настаўнікам, які нястомна суправаджае нас. З’яўляецца магутным Богам, нашым Стварыцелем. Гэтая ўпэўненасць можа стаць для нас дапамогай у хвілінах слабасці, цярпення, непаразумення і адзіноты.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ