Хлеб штодзённы

3 сакавікаgr-str-30

3-я нядзеля Вялікага посту, год В

 

Навесці  парадак у сэрцы

 

1 чытанне — Зых 20, 1-17.

2 чытанне — 1 Кар 1, 22-25.

Евангелле — Ян 2, 13-25.

 

 ”Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе”   (Ян 2, 19).

Сёння ў сваім Слове да нас Езус адкрывае, што Яго Цела – гэта Святыня Бога, каб мы ведалі, што з натуры сваёй нашыя целы з’яўляюцца святыняй Духа Святога. А чым ёсць святыня? Гэта – месца спаткання з Богам (малітвы), месца ахвяры (дару з сябе), месца спакою (цеплыні, засяроджанасці), месца еднасці (саюзу сувязі) і міласэрнасці (паяднання). Запытаем сябе: ці з’яўляемся такой святыняй? Напэўна, яшчэ не, але ўсё перад намі. Пан Езус з вялікай стараннасцю, якая Яго “з’ядае”, хоча і нас такімі ўчыніць.

Запрашаю паразважаць, што знаходзіцца ў нашым сэрцы і хто ў ім пануе. Магчыма, будзе неабходным “развязаць” вузел сваёй прывязанасці да розных асобаў, рэчаў і неўпарадкаваных схільнасцяў і “прывязацца” да Езуса, да таго, што ў адносінах з Богам будзе дапамагаць і спадарожнічаць: гэта перадусім сакрамэнты, пост, учынкі міласэрнасці, малітва, а таксама добрыя сябры, рэлігійныя кнігі, хрысціянская музыка і г.д.

Заахвочваю дазволіць Езусу навесці парадак у нашым сэрцы. Калі гэта зробіць Езус, то нам няма па-трэбы баяцца, што прыдуць нашы неўпарадкаваныя схільнасці і ўвойдуць у сваю ўласнасць, дзе прабывалі на працягу гадоў. Яны, напэўна, прыдуць, аднак, убачыўшы ўнутраны парадак і тое, што месца для іх няма, напэўна, так зрэагуюць, як і кніжнікі з фарысеямі, якія былі вельмі незадаволеныя дзейнасцю Хрыста ў святыні. Але апаганіць нашае сэрца і сумленне ім не ўдасца, бо мы, злучаныя з Езусам, будзем трываць у моцнай сувязі Ім.


 10 сакавікаgr-str-30-2

4-я нядзеля Вялікага посту, год В

 

Праз  Бога  ўзрастаем

 

1 чытанне — 2 Кр 36, 14-16, 19-23.

2 чытанне — Эф 2, 4-10.

Евангелле — Ян 3, 14-21.

 

 “Вы ж збаўлены ласкаю праз веру”   (Эф 2, 8).

Ці можа быць нейкі больш ясны і відавочны доказ таго, наколькі Бог клапоціцца пра нас, наколькі палюбіў нас, чым тое, што Сын Божы прыняў удзел у нашай натуры і ўзяў на сябе нашыя грахі? У сённяшнім Евангеллі Езус падкрэслівае найвышэйшую Любоў, звяртае ўвагу на найвышэйшую Ахвяру: “Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16). Езус гаворыць пра сваю Ахвяру дзеля Любові Айца і свайго стварэння – чалавека, гэта значыць, нас з вамі.

Гэта Бог першы нас палюбіў, яшчэ перад тым, як мы Яго палюбілі. Ён задарма ўдзяляе нам ласкі. Не за нашыя заслугі, не таму, што мы іх вартыя, але перадусім таму, што Ён хоча гэтую ласку нам даць! А наш адказ на любоў Бога нас самых узбагачае, а не Бога. Гэта мы ўзрастаем праз Яго, а не Ён праз нас!

Хрыстус прыйшоў як лекар, каб аздаравіць хворых; як Збаўца – каб адкупіць свет; як Жыццё наша – каб нас вырваць з сілы смерці.

Езус кажа пра сябе, што не прыйшоў, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго (пар. Ян 3,17). Ён адначасова сцвярджае, што хто не паверыць у імя Адзінароднага Сына Божага – ужо асуджаны. Гэты сакрыты суд з’яўляецца прыгатаваннем да адкрытага суда, які адбудзецца адразу, калі прыйдзе Гасподзь судзіць жывых і памерлых, а хто верыць у Яго і выконвае Слова Яго ў сваім жыцці, – не падлягае асуджэнню.


 17 сакавіка

5-я нядзеля Вялікага посту, год В

 

Як  пшанічнае  зерне

 

1 чытанне — Ер 31, 31-34.

2 чытанне — Гбр 5, 7-9.

Евангелле — Ян 12, 20-33.

 

 “Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застаецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён”   (Ян 12, 24).

Гэтыя словы пра зерне прамовіў Езус пасля ўваскрашэння Лазара і пры ўрачыстым уездзе ў Ерузалем. Кіраўнікі абранага народа ўжо вырашылі, што Езус мае памерці. Аднак чужыя народы, прадстаўленыя праз грэкаў, хочуць Яго ўбачыць і з гэтай просьбай звяртаюцца да апосталаў.

Напэўна, усе ведаюць, што некалі зерне збіралася цяжкай працай на жніве, складалася ў стагі, малацілася, ачышчалася. Калі б хтосьці не ведаў прынцыпаў працы фермера, то неразважлівасцю і марнатраўствам лічыў бы кіданне ў зямлю тога зерня, якое каштавала столькі высілкаў. Зерне, кінутае ў зямлю, здаецца нічым, марнее і памірае, але ўкрытая ў ім сіла прыносіць плён.

Езус мог адным словам зрынуць тых, хто Яго пераследаваў. Аднак вытрымаў зняволенне, дазволіў сябе бічаваць, апляваць, цернем укаранаваць, прыбіць да крыжа. У вачах свету здаецца гэта глупствам і паражэннем, аднак перавышае ўсялякую мудрасць. Езус, як зерне, упаў у зямлю падчас мукі, а прынёс плён ва Ўваскрасенні. Знешне, у вачах людзей, будучы на крыжы, быў знясіленым і пагар-джаным, але ўнутры меў сілу і моц прыцягнуць усіх да сябе.

“Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой”. Гэтыя словы Езуса ўказваюць на ўзнагароду, якой з’яўляецца жыццё з Ім.


 24 сакавікаgr-str-31

Нядзеля Мукі Пана, год В

 

Смерць  на  крыжы

 

1 чытанне — Іс 50, 4-7.

2 чытанне — Флп 2, 6-11.

Евангелле — Мк 14, 1 – 15, 47.

 

 “Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана”   (Мк 11, 9).

У Евангеллі, паводле Марка, асаблівым чынам акцэнтуецца самотнасць і пакіданне Езуса падчас мукі. Прадказваючы здраду Юды і адрачэнне Пятра, Езус насуперак упэўненасці вучняў кажа: “Вы ўсе засумняваецеся ўва Мне”. Маючы гэтую свядомасць, у Гетсэманію, аднак, бярэ з сабою Пятра, Якуба і Яна, даручаючы ім, каб разам з Ім чувалі. Адышоўшы на малітву, тройчы  вяртаецца  да іх і за кожным разам знаходзіць іх спячымі. Горкае расчараванне выражаюць словы, скіраваныя да Пятра: “Сымоне, спіш? Ты  не мог чуваць адной гадзіны?”.

Кажучы пра сыноў Зэбэдэя і пра Пятра, варта ўзгадаць іх ранейшае запэўніванне ў  вернасці Настаўніку. Калі Езус пытаўся ў Яна і Якуба: “Ці можаце піць Мой келіх?” – адразу адказалі: “Можам”. Таксама і Пётр, упэўнены ў сабе: “З Табою  гатовы пайсці нават на смерць”. Ці не пераацэньваў сябе, абяцаючы аддаць жыццё за Хрыста, яшчэ перад тым, як Ён аддасць жыццё за яго?

Езус, адкінуты сваім народам, адданы на здабычу ворагам, выведзены за горад, залічаны да злачынцаў, Яго  пракліналі і здзекаваліся над Ім, памірае ганебнай смерцю на крыжы. Засмучаныя, плачучыя і шкадуючыя былі Яго вучні і прыяцелі, аднак яны сумавалі людскім  спосабам, па прычыне Яго  цярпенняў і смерці. Ён жа сумаваў з-за тых, якія, будучы за-слепленымі, адкінулі ахвяраванае ім збаўленне.


 31 сакавікаgr-str-31-2

Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана, Вялікдзень, год В

 

Устань  і  ты!

 

1 чытанне — Дз 10, 34а. 37-43.

2 чытанне — Клс 3, 1-4 або

1 Кар 5, 6b-8.

Евангелле — Ян 20, 1-9.

 

 Трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых”   (Ян 20, 9).

Хрыстос Уваскрос! Пустая магіла – першая сведка Ўваскрасення. Марыя Магдалена,  убачыўшая адсунуты ад магілы камень і спалоханая  думкамі, што нехта забраў Цела Езуса. Вучні бягуць да магілы, каб пераканацца ў яе словах. І зноў магіла – першая сведка вялікай таямніцы Ўваскрасення, перамогі жыцця над смерцю, а таксама сведка вызнання веры праз другога вучня. Напісана: “убачыў і паверыў”.

Марыя  Магдалена прыйшла, калі было яшчэ цёмна, каб убачыць святло Змёртвыхпаўстання. Таму і ты ўстань з цемры свайго граху, і бяжы што ёсць сіл, стань перад пустой  магілай і паглядзі. Няма Яго там. Уваскрос, каб даць табе новае жыццё. Каб вызваліць цябе, каб жыў!

 

 кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий