Хлеб штодзённы

7 красавікаgr-str-30

Нядзеля Божай Міласэрнасці, год В

 

Стань сярод нас, Пане Божа!

 

1 чытанне — Дз 4, 32-35.

2 чытанне — 1 Ян 5, 1-6.

Евангелле — Ян 20, 19-31.

 

 “Усё, што народжана ад Бога, перамагае свет”   (1 Ян 5, 4)

У Евангеллі сённяшняй нядзелі чытаем, што “дзверы дома, дзе збіраліся вучні,  былі  замкнёныя з-за страху перад  юдэямі”. Пра што яны думалі і чаго баяліся, зачыняючы дзверы ад  юдэяў? Ім здавалася, што трэба планаваць нанова. І хто ведае, ці не разышліся б кожны ў свой бок, калі б «у першы дзень тыдня» не стаў сярод іх Уваскрослы Хрыстос.

Калі Ён  стаяў  пасярод іх, у Яго не  было  ні шкадаванняў, ні прэтэнзій да іх. Ён коратка прывітаў іх: “Супакой вам!”. Ён здзівіў іх сваёй жывою прысутнасцю і моцай сваёй Божай  Міласэрнасці. Можна сказаць, што ён “адрадзіў іх да жывой веры і надзеі”. Ён не толькі прабачыў іх, але і даручыў служэнне прабачэнню: “Вазьміце Святога Духа! Каму прабачыце грахі, таму прабачаны будуць, а на кім пакінеце, на тым застануцца». Тыя, хто спачатку сам адчуў на сабе Божую міласэрнасць, зараз павінны былі стаць яе распарадчыкамі. Напрыканцы сённяшняга Евангелля чытаем: “Паверыўшы, што Езус – гэта Хрыстус, Сын Божы, будзеце мець жыццё ў імя Ягонае”.

Браты і сёстры! Вера – гэта не столькі ўпэўненасць у тым, што Бог “ёсць”, але гэта перажыванне кожнага дня “кім” ёсць Бог. Ён – Айцец, які нас па-сапраўднаму любіць, Ён– надзея, якая не падвядзе, Ён – мэта людской веры, якой з’яўляецца сустрэча з Богам.


 14 красавікаgr-str-30-2

3-я Велікодная нядзеля,  год В

 

Грэх прыводзіць да смерці

 

1 чытанне — Дз 3, 13-15. 17-19.

2 чытанне — 1 Ян 2, 1-5а.

Евангелле — Лк 24, 35-48.

 

 “Хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая”   (1 Ян 2, 5).

Святы Ян Павел II казаў, што найвялікшае няшчасце нашага часу – гэта нейтралізаваць грэх, жыць так, як быццам граху не існуе.

У святле сённяшніх літургічных  чытанняў  грэх – найвялікшае няшчасце, з якім можа сутыкнуцца чалавек. Хрыстос, з’я-віўшыся  сярод  вучняў, “паказаў ім свае рукі і ногі”. Сляды ран нагадалі, што Яго пакуты былі адкупленнем чалавечых грахоў. У кожным граху ёсць пагарда да Бога і Яго запаведзяў. Грэх адрывае нас ад крыніцы жыцця, якою ёсць Бог, гэта значыць грэх прыводзіць нас да смерці. Такім чынам, грэх – маральная смерць душы. Сумна, але, на жаль, праўдзіва, што многія сучасныя людзі страцілі пачуццё зла і граху. Усё больш прыкметная тэндэнцыя жартаваць  над грахамі, памяншаць  іх  шкоду або нават не ўспрымаць іх. Напрыклад, многія ў цяперашні час не кажуць, што людзі хлусяць, але што яны проста хаваюць факты ці маніпулююць праўдай; кажуць, што людзі не крадуць, а проста пазычаюць або прысвойваюць рэчы ім належныя; кажуць, што  не здзяйсняюць чужалоства, а проста атрымліваюць асалоду ад жыцця; кажуць, што людзі не забіваюць ненароджаных дзяцей, а проста перарываюць цяжарнасць ці выдаляюць непажаданы плод.

Многія людзі не вераць у Хрыста  толькі  па той прычыне, што не лічаць сябе грэшнікамі, і, на іх думку, Езус не можа прапанаваць ім  нічога  цікавага. Іх вобраз мыслення такі: калі я не грэшнік, то мне не трэба ніякага прабачэння, мне не патрэбны Збаўца. “Калі мы кажам, што не маем граху, то ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды” (1Ян 1,8). Ёахім Гюнтэр сказаў: “Наколькі сур’ёзна ставішся да граху, настолькі сур’ёзна ставішся да Бога”. А Томас Карлайл сцвярджае, што “самы смяротны грэх – гэта поўнае ганарыстасці ўсведамленне таго, што чалавек без граху”.

З’явіўшыся вучням, Езус вітае іх словамі: “Супакой вам”. У гэтым  прывітанні гучыць прадвесце жыцця  і ўваскрасення ад граху. Хрыстос спасылаецца на Пісанне і кажа: “Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў”. Аб тым, што яго смерць і ўваскрасенне вяртаюць нам жыццё, кажа і Ве-лікодная прэфацыя: “Ён праз смерць, знішчыў нашу смерць, а ўваскрэсшы з мёртвых, вярнуў нам жыццё”.


 21 красавікаgr-str-31

 Нядзеля Добрага Пастыра, год В

 

Езус  шукае  нас

 

1 чытанне — Дз 4, 8-12.

2 чытанне — 1 Ян 3, 1-2.

Евангелле — Ян 10, 11-18.

 

 “Убачым Бога, якім Ён ёсць”   (1 Ян 3, 1–2)

«Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак»: гэтае сцвярджэнне    паўтараецца  некалькі  разоў у сённяшнім  урыўку, каб дапамагчы нам лепш усвядоміць «вобраз дзеянняў» нашага Збаўцы і Пана. Езус Хрыстус, праз Сваю муку, смерць  і ўваскрасенне – збавіў нас! Адчыніў  нам брамы вечнасці!

Добры Пастыр адкрывае нам перспектыву жыцця, якое мае перспектыву вечнасці, бо перамагае смерць і зло; перспектыву свабоды, якая не залежыць ад знешніх абставінаў, бо жыве ў сэрцы, поўным любові. Езус – Пастыр, мы авечкі. Мы не адзінокія ў сваіх праблемах. Езус застаецца Добрым Пастырам назаўсёды, нават калі мы заблукаем. Ён жыццё аддае за нас. Ён ведае нас. Калі мы згубімся – шукае, каб быў адзіны статак і адзін пастыр.

Няхай  Пан  адорыць  нас ласкай Свайго Духа, каб, адчуваючы Яго любоў і клопат пра нас, мы самі ўмелі дзяліцца імі з нашымі бліжнімі.


 28 красавікаgr-str-31-2

5-я Велікодная нядзеля, год В

 

Жыць у Яго прысутнасці

 

1 чытанне — Дз 9, 26-31.

2 чытанне — 1 Ян 3, 18-24.

Евангелле — Ян 15, 1-8.

 

 “А запаведзь Яго такая, каб мы верылі і любілі”   (1 Ян 3, 18–24).

“Я вінаградная лаза, вы – галінкі. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён!” Урывак з Евангелля пра вінаградную лазу мае шмат інтэрпрэтацый. Адна з іх кажа аб тым, што прынашэнне плёну з’яўляецца прыпадабненнем да Езуса, бо ў гэтым жа фрагменце Евангелля Езус кажа: “Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён!” Езус просіць сваіх вучняў трываць у Ім, таму што толькі бесперапыннае знаходжанне ў Яго асвячальнай ласцы прыводзіць да плённага, г.зн. духоўнага жыцця!

Калі трываем у Езусе, так як галінка ў вінаграднай лазе, маем жыццё ў Богу, а Бог у нас! Бог становіцца нашай абаронай і моцай, дапамогай і суцяшэннем! Бо трываць у Ім – г.зн. жыць у Яго прысутнасці і выконваць Яго волю! Трываць у Хрысце – гэта не мімалётнае спатканне з Езусам пры аказіі Вялікадня! Апостал Ян тлумачыць, што трываць у Езусе г.зн. не любіць толькі словам і моваю, але ўчынкам і праўдаю, жывучы паводле Божых запаведзяў.

Здзяйсняючы грахі, чалавек перастае знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі, перастае трываць у Езусе і такім чынам засыхае, перастае прыносіць плён жыцця!

Езус нас вобразна параўноўвае да вінаградных галінак: “Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў!”

Мы належым да Божага вінаградніку, калі прыдзе Пан, што зробіць з такімі вінаграднымі галінкамі  як  мы, ачысціць каб больш плёнаў  прыносілі  праз служэнне ці выкіне вон на спаленне, бо столькі слоў было сказана і не пачулі, не служылі, столькі бачылі і не паверылі, не любілі, не трывалі ў Езусе?

Жыццё хрысціяніна без Езуса – з’яўляецца бясплодным і агідным! Няхай ўсведамленне таго, што Бог жыве ў нас, дапаможа нам трываць у Ім, трываць у асвячальнай ласцы праз малітву, чытанне Святога Пісання, рэгулярную споведзь і камунію, праз пазбяганне грахоў, праз захаванне Божых запаведзяў!

 

 

 кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий