Хлеб штодзённы

5 маяgr-str-30

6-я Велікодная нядзеля, год В

 

Заставайцеся ў любові!

 

1 чытанне — Дз 10, 25-26. 34-35. 44-48.

2 чытанне — 1 Ян 4, 7-10.

Евангелле — Ян 15, 9-17.

 

 “Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё”   (Ян 15,16).

У сённяшнім Евангеллі Езус кажа сваім вучням, якімі і мы з’яўляемся, аб выбары, сяброўстве і любові.

Па-першае, Ён закранае справу выбару, якая важная для чалавека, які часта задаецца пытаннем пра сэнс і мэту свайго існавання. Таму што без правільнага адказу на гэтае пытанне чалавечае жыццё становіцца невыносным. „Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё” (Ян 15,16). Бог выбірае нас, можам прыняць Яго выбар альбо адкінуць. Калі ж я прыму Яго, то здабуду сэнс свайго існавання, а ім ёсць няспыннае аддаванне хвалы Богу, пакланенне і праслаўленне Бога! 

Другая справа – гэта сяброўства; як жа яно важнае ў жыцці чалавека! У Святым Пісанні гаворыцца, што той, хто знайшоў сябра, знайшоў скарб (Сір 6,14). Бог– сябра чалавека, і Езус тлумачыць нам, у чым выяўляецца гэтае сяброўства: “Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам” (Ян 15,15). З пункту гледжання нашага чалавечага вопыту мы добра ведаем, што галоўнае ў сяброўстве – гэта давер. Чалавек без страху раскрывае перад сябрам сваё сэрца і дапускае Яго да самага таямнічага, да ўсяго таго, што ў сэрцы змяшчаецца. У той жа час ён здольны правільна прыняць тое, што сябра давярае яму. Хрыстос дае доказ свайго сяброўства, кажучы: “Усё, што пачуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Такім чынам, усё, што змяшчаецца ў прасторы Божай любові і адтуль выходзіць, Я абвясціў вам і адкрыў для вашага ўзрастання”. Бог запрашае нас да сяброўства з ім. А Езус вельмі канкрэтна павучае, у чым яно выяўляецца: “Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам” (Ян 15,14).

І, апошняе, пра любоў: “Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас” (Ян 15,9). Чалавек жыве, сумуючы аб тым, каб быць любімым і любіць. Бог прамаўляе словы, якія кожны з нас чакае больш за ўсё. Езус запэўнівае: “Я люблю цябе! Люблю цябе так, як палюбіў Мяне Айцец. Я люблю цябе так, што аддаю жыццё сваё за цябе”. Шчасце чалавека дасягае сваёй паўнаты тады, калі ён застаецца верным любові, з якой  Бог прыходзіць да яго. А калі чалавек сапраўды трывае ў любові? Хрыстос адказвае: “Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові” (Ян 15,10).


 12 маяgr-str-30-2

7-я Велікодная нядзеля, год В

 

Пазнайце волю Божую

 

1 чытанне — Дз 1, 15-17. 20a. 20c 26.   

2 чытанне — 1 Ян 4, 11-16.

Евангелле — Ян 17, 11b-19.

 

 “Слова Тваё – гэта праўда”   (Ян 17, 17).

Езус Хрыстус падчас Апошняй вячэры моліцца за вучняў, за нас і прамаўляе вельмі важныя словы: “Я даў ім слова Тваё, і свет зненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і я не са свету! І далей просіць у Бога: асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё – гэта праўда! Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет”. З гэтых словаў можам зрабіць канкрэтны вывад: мы выбраныя Хрыстом, ідзём ў зямным жыцці да збаўлення і жыцця вечнага, бо тут, на зямлі, мы часовыя, мы не з гэтага свету. Але больш таго, тут, на гэтым шляху, з-за таго, што мы жывём у Богу, а Бог – у нас, зло нас узненавідзіць. Напоўненыя Духам Святым, маем любіць Бога, бліжняга, самога сябе і канкрэтнымі ўчынкамі вызнаваць веру ў Езуса Хрыста – Збаўцу свету. Перамагаючы зло дабром.

Кожны грэх – гэта адыход ад Бога, а кожнае добрае слова, учынак міласэрнасці для душы і цела бліжняга – гэта праява нашай веры! Таму Апостал Павел у сваім пасланні заклікае нас: “Не дастасоўвайцеся да гэтага свету! Але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, што прыемнае і што дасканалае”. Вызначальным фактарам вызнання нашай веры з’яўляюцца не словы, а ўчынкі,  якія  адпавядаюць запаведзям Бога.


 19 маяgr-str-31

Урачыстасць

Спаслання Духа Святога, год В

 

Напоўні  сэрцы  верных!

 

1 чытанне — Дз 2, 1-11.

2 чытанне — 1 Кар 12, 3b-7. 12-13.

Евангелле — Ян 20, 19-23.

 

 “Прыміце Духа Святога”    (Ян 20, 22).

Чытаючы фрагмент Евангелля на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога,  заўважаем, што пасля слоў “Прыміце Духа Святога” ідзе гаворка пра адпушчэнне грахоў. Дух Святы асвятляе сумленне. Падчас Апошняй вячэры Езус абяцае прыйсце Суцяшыцеля, “Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае” (пар. Ян 13,17). Святы Аўгустын ў гэтых словах заўважыў, што “на першым месцы названы грэх няверы. Калі трываем у гэтым граху, замыкаемся на дзеянне ласкі. Калі гэты грэх адыдзе, то і ўсе іншыя атрымаюць прабачэнне”. Ніхто не атрымае адпушчэння, як толькі той, хто, стоячы ў праўдзе, прызнае свой грэх. Святы Аўгустын казаў: “Каб Бог мог стаць тваім выратавальнікам, ты будзь абвінавайцам сябе”. У тым, хто вызнае свае грахі, прысутны Дух Святы. Гэта адзін з Яго дароў, калі чалавек асуджае зло, якое ўчыніў.

Без дзеяння Божай ласкі ніхто не ў стане асягнуць збаўлення, якое грунтуецца на дасканалай справядлівасці. Паўната закона – гэта любоў, якая мае крыніцу ў Богу і ўлітая ў нашы сэрцы Духам Святым, дадзеным нам.

Прыйдзі Дух Святы, напоўні сэрцы тваіх верных і распалі ў іх полымя Тваёй Божай любові…


 26 маяgr-str-31-2

Урачыстасць

Найсвяцейшай Тройцы, год В

 

Праслаўляць вуснамі і жыццём

 

1 чытанне — Дрг 4, 32-34. 39-40.

2 чытанне — Рым 8, 14-17.

Евангелле — Мц 28, 16-20.

 

 “Ідзіце і навучайце ўсе народы…”    (Мц 28, 19).

Сёння адзначаем урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Святая Тройца – гэта таямніца, якую мы, людзі, ніколі не зможам зразумець. Верым у гэту праўду і прымаем яе, слухаючы Хрыста, які Сам навучае нас пра Святую Тройцу. Найбольш вядомыя словы, якія Езус скіраваў да сваіх вучняў перад унебаўшэсцем: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Духа Святога” (Мц 28,19). Найбольш вядомым аб’яўленнем  Святой  Тройцы з’яўляецца апісанне хросту Пана Езуса: “Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я»” (Лк 3,21-22).

Мы былі ахрышчаныя ў імя Найсвяцейшай Тройцы. Першая малітва, якую нас навучылі нашыя бацькі, – гэта малітва на ўшанаванне Святой Тройцы. Прамаўляем яе, робячы знак крыжа: “У імя Айца і Сына і Духа Святога”. Найсвяцейшая Тройца суправаджае нас у розных акалічнасцях нашага жыцця, і наша шчаслівае жыццё ў вечнасці будзе грунтавацца на ўдзелу ў жыцці Святой Тройцы.

Не ўсё ведаем пра Святую Тройцу, бо не можам ведаць тут, на зямлі. Тым не менш мы ведаем столькі, колькі нам патрэбна для нашага збаўлення. Ведаем, што неабходна клапаціцца, каб душы нашыя былі годным памяшканнем Святой Тройцы. Ведаем, што заўсёды маем жыць у стане асвячальнай ласкі, а таксама праслаўляць Найсвяцейшую Тройцу вуснамі і жыццём, сэрцам і малітвай.

 

  кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий