Хлеб штодзённы

2 чэрвеня

9-я нядзеля звычайная, год В

 

Дзень малітвы і адпачынку

 

 1 чытанне — Дрг 5, 12-15.

2 чытанне — 2 Кар 4, 6-11. 

Евангелле — Мк 2, 23 – 3, 6.

 

 “Сын Чалавечы — гаспадар шабату”  ( Мк 2, 28).

Варта нагадаць, што для ізраэльцян дзень шабату – гэта быў святы дзень, прысвечаны адначасова Богу і чалавеку, дзень малітвы і адпачынку, дзень сустрэчы з Богам і з блізкімі сваякамі. Бог благаславіў і асвяціў гэты дзень, гэта значыць аддзяліў ад іншых  дзён, каб ён быў сярод іх днём Гасподнім. Аднак самае важнае ўтрыманне гэтай запаведзі – гэта ўспамін  і святкаванне  вялікіх  спраў Бога.

Аднак  запаведзь  святкавання шабату  была  дапоўнена  габрэйскімі заканадаўцамі  і кніжнікамі шматлікімі падрабязнымі каментарамі і прадпісаннямі, якія  абцяжарвалі і абмяжоўвалі чалавека так, што ён не мог іх захаваць. Езус хацеў ачысціць дзень Гасподні ад гэтага і кажа: “Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату. Таму Сын Чалавечы – гаспадар шабату” (Мк 2, 27-28). Такім чынам, Езус імкнецца паставіць усё на сваё месца і надаць усяму належнае значэнне. Ён не толькі кажа пра гэта, але і пацвярджае гэта аздараўленнем чалавека з усохлай рукой у дзень шабату. Ён паказвае, што запаведзі і прадпісанні створаны для нашага дабра, яны маюць служыць нам, каб мы, жывучы на зямлі, шчасліва дайшлі да мэты.

Мы, хрысціяне, „святкуем нядзелю, каб успомніць хвалебнае ўваскрасенне  Госпада  нашага  Езуса Хрыста  не  толькі  ў  дзень Вялікадня, але і кожны першы дзень тыдня”, – як пісаў у пачатку V ст.Папа Інакенцій I. У святле гэтай таямніцы сэнс старазапаветнага загаду святкаваць дзень Гасподні аднаўляецца, узбагачаецца  і  цалкам  выяўляецца ў хвале, якая ззяе на абліччы ўваскрослага Хрыста. Ад шабату мы пераходзім да першага  дня  пасля  шабату, з сёмага дня – да  першага  дня: дзень Гасподні  становіцца  для  нас днём Хрыста. Кожную  нядзелю зноў і зноў у думках і ў жыцці вернікаў становяцца  прысутнымі  Пасхальныя  дзеі, якія з’яўляюцца крыніцай збаўлення свету.

Святкаванне  нядзелі  павінна  быць днём  сустрэчы з жывым і любячым  нас  Хрыстом,  які ў сакрамэнце Эўхарыстыі  хоча  настаўляць нас сваім словам і ўмацоўваць праз сваё Цела і Кроў.

Нядзеля – гэта дзень радасці і адпачынку ў сям’і. Таму неабходна планаваць  нядзельны адпачынак такім чынам, каб устрымлівацца ад прац і заняткаў, не звязаных з запаведдзю  святкавання  дня   Гасподняга.


 9 чэрвеняgr-str-30

10-я нядзеля звычайная, год В

 

 Моцай веры

 

 1 чытанне — Быц 3, 9-15.

2 чытанне — 2 Кар 4, 13 – 5, 1. 

Евангелле — Мк 3, 20-35.

 

 “Бачнае – часовае, а нябачнае – вечнае!”  (2 Кар 4, 18).

Амаль кожны дзень у нашым жыцці адбываецца канфрантацыя са злом. Нашы праайцы, сутыкнуўшыся з намерамі сатаны, пацярпелі няўдачу. Праігнаравалі далікатны голас Бога, паддаліся маніпуляцыі, паверылі фальшывым абяцанням. Не слухалі свайго Створцу і Айца. Пайшлі за падказкамі да некага, хто прыкідваўся прыяцелем. Дыялог з праціўнікам Бога і чалавека заканчваецца ганебнай паразай і стратай першапачатковай нявіннасці. Гэты вопыт у наступствах працягваецца па сённяшні дзень.

Езус з Назарэта, наш Збаўца, прыйшоў знішчыць справы д’ябла. А імі з’яўляюцца, між іншым: падман і маніпуляцыя, хцівасць і непаслухмянасць Богу-Створцы. Кніжнікі сцвярджалі, што Езус “моцай злых духаў выганяе злых духаў”. Яны не распазнаюць і не хочуць прызнаць, што ў Настаўніку з Назарэта адкрываецца панаванне Самога Бога над злымі духамі.

Божае Слова дае нам сёння важнае абяцанне: хто запрашае Езуса ў сваё жыццё, хто выконвае волю Айца, як Ён, хто чэрпае сілу з Духа Святога, той мае ўладу над злымі духамі. Моцай веры ў Бога неабходна радыкальна супраціўляцца злу, якое спрабуе кіраваць чалавекам.


 16 чэрвеняgr-31

11-я нядзеля звычайная, год В

 

Шукайце Валадарства Нябеснага

 

1 чытанне — Эзх 17, 22-24.

2 чытанне — 2 Кар 5, 6-10. 

Евангелле — Мк 4, 26-34.

 

 “Усе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста”   (2 Кар 5, 10).

Езус сёння звяртае нашу ўвагу на Валадарства Нябеснае, каб мы з вамі шукалі і імкнуліся да Божага Валадарства ў нашых сэрцах, нашых сем’ях, нашым грамадстве. Да Валадарства, дзе вышэйшы закон – гэта Божы закон, дзе нашы адносіны – гэта адносіны братэрскія, дзе кожны служыць Богу і бліжняму. Божая прысутнасць знаходзіцца ў нас саміх, бо кожны верны Госпаду прысвячае сябе Яму праз давер, любоў, паслухмянасць, сакрамэнты, учынкі, згодныя з Божым  Словам.  Душа і цела чалавека – гэта святыня Духа Святога, нават калі пакінем цела, дух  далучыцца да Бога і супольнасці Анёлаў і святых у вечнасці.

Апостал Павел навучае: “Бо ўсе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці дрэннае” (2 Кар 5,10). Таму важна, такім чынам, прымаць усе нашы рашэнні, каб яны адпавядалі Божым запаведзям і Яго Слову, за-ставаліся ў еднасці з Хрыстом. Варта заўсёды звяртацца да Слова Божага, асабліва Евангелля і Новага Запавету, звяртацца дя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, каб лепш ведаць і разумець Бога і сябе самога.

Калі для нас Бог галоўны і на першым месцы, калі мы імкнёмся да вечных каштоўнасцей Валадарства Нябеснага, наш давер і любоў да Хрыста вядзе да збаўлення нас саміх і нашых бліжніх.


 23 чэрвеняgr-str-31-2

12-я нядзеля звычайная, год В

 

На  другі  бок  возера

 

1 чытанне — Ёв 38, 1. 8-11.

2 чытанне — 2 Кар 5, 14-17. 

Евангелле — Мк 4, 35-41.

 

Вось  сталася  новае”   (2 Кар 5, 17).

“Хто ж Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго” (Мк 4,41). Гэтае пытанне нараджаецца ў сэрцы кожнага хрысціяніна, калі ён разважае пра неспасцігальную любоў Бога. Мы бачым, як яно ажыўляе вучняў Езуса, дапамагаючы ім з дня ў дзень расці і перамяняць ранейшую паставу, якую характарызуюць словы: “Чаму вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?” (Мк 4,40).

Наша стаўленне да Езуса таксама часам напоўнена страхам і слабой верай. Таму Ён заклікае пераадолець страх і запрашае: “пераправімся на другі бок” (Мк 4,35). Гэтыя словы Езуса тычацца не толькі пераправы на другі бок возера, але і становяцца заклікам не дазваляць нам знявольваць сябе страхам, які перашкаджае наследаваць Яго.

Пераправімся на другі бераг” таксама азначае: выйдзем з паставы няверы або слабой веры, пойдзем на іншы бок, туды, дзе вера становіцца мацнейшай. Усё гэта адбываецца ў агні досведу, сапраўды гэтак жа, як гэта было на тым возеры. Калі б не было шторму і Хрыста, спячага ў лодцы, вучням было б цяжка даведацца што-небудзь пра сваю ўнутраную паставу. І ў нашым жыцці ўсе цяжкія абставіны, якія на нас ціснуць, паказваюць нам, хто мы на самой справе.

Атрымліваецца,  што  пытанне  “Хто  ж  Ён такі?” непарыўна звязана  з  пытаннем  пра  тоеснасць: “Хто я на самой справе?”. Бо калі Ён – мой Бог Ўсемагутны, Які любіць, – то ці сапраўды я Яго вучань?

Хто ж Ён такі?”. Ён з любові памёр за нас “для таго, каб  тыя,  хто  жыве,  ужо  не  дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага”.


 30 чэрвеня

13-я нядзеля звычайная, год В

 

Цярпенне  і  вера

 

1 чытанне — Мдр 1, 13-15; 2, 23-24.

2 чытанне — 2 Кар 8, 7. 9. 13-15. 

Евангелле — Мк 5, 21-43.

 

 “Не  бойся,  толькі  вер!”   (Мк 5, 37).

Сённяшняе  Евангелле  ставіць перад  намі вобраз Яіра, аднаго з кіраўнікоў  сінагогі, які думаў пра сваё дзіця, што знаходзіцца ў небяспецы  смерці. Гэтая  трывога  засяродзіла ўсю яго ўвагу, засланяючы ўсё астатняе. Вялікае цярпенне і вялікая вера  прымусілі  яго  прыйсці да Езуса, і ён упаў да Яго ног, настойліва просячы: “Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася  і  жыла”. Ці мог Яір у той момант  падумаць, што “для Бога няма  нічога  немагчымага”?

Езус  выканаў  просьбу бацькі дзяўчынкі. Аднак аказалася, што людзі прынеслі вестку аб яе смерці. Хоць  сітуацыя, здавалася, вырашалася  катэгарычна, Настаўнік кажа: “Не  бойся,  толькі вер”. Кіраўнік сінагогі, насуперак  відавочнай па-чалавечы сітуацыі, не адступае, а паслядоўна  ідзе  за  Езусам. Яны прыходзяць дадому, і Езус кажа: “Дзіця не памерла, а спіць”. У вачах Пана Бога рэальнасць можа выглядаць зусім інакш. Тое, што людзі лічылі смерцю, Езус лічыў сном, ад якога можна прачнуцца. І гэта адбылося. Боскі  Даўца  жыцця ўваскрашае дзяўчынку  і  такім  чынам вяртае сям’і згубленую надзею.

Смерць, якая “ўвайшла ў свет праз зайздрасць д’ябла”, была пераможана Хрыстом. Аднак  яна  не была выключаная з кола чалавечых перажыванняў. Сам Хрыстос гэтую бяду чалавечага  памірання  зведаў, але  Даўца жыцця надаў ёй новы сэнс.

 

 кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий