14-я нядзеля звычайная, год В
Якія знакі патрэбны вам?
1 чытанне — Эзх 2, 2-5.
2 чытанне — 2 Кар 12, 7-10.
Евангелле — Мк 6, 1-6.
“Буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста” (2 Кар 12, 9).
Разважаючы фрагмент Евангелля, прызначаны на сённяшнюю нядзелю, мы быццам заўважаем, што сабраныя ў Назарэтанскай сінагозе слухачы Езуса здзіўляюцца, адкуль у Яго гэта мудрасць і цуды. Мудрасць выяўляецца ў тым, што абвяшчае, цуды – у справах, якія здзяйсняе. Слабыя ў веры людзі патрабуюць знакаў. Аднак знак не дзейнічае такім чынам, што аўтаматычна абуджае веру. Марк Евангеліст не кажа пра адсутнасць веры, але пра здзіўленне і сумніў жыхароў Назарэта адносна Езуса, які ў сваю чаргу дзівіўся іх бязвер’ю. Яго землякі не адмаўляюць, што дадзена Яму вялікая мудрасць і цуды здзяйсняюцца Ягонымі рукамі. У прыняцці Яго з верай перашкаджае ім факт, што Ён узрастаў у іх асяроддзі, што Яго сям’я і блізкія жывуць сярод іх. Ім здаецца, што яны добра ведаюць Яго і таму не чакаюць ад Яго нічога надзвычайнага. Іх пастава паспрыяла таму, што Езус не ўчыніў там ніякага цуду, толькі на некалькі хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. У Евангеллі паводле Мацвея зазначана, што сталася так па прычыне іх бязвер’я (пар. Мц 13,58).
Святы Аўгустын апісвае розныя паставы людзей ў дачыненні да Хрыста. Ёсць такія, якія не могуць Яго распазнаць і прыняць з верай толькі па прычыне чалавечай слабасці. У зусім іншай сітуацыі знаходзіцца чалавек, які ўпарта дзейнічае насуперак самому сабе, а нехапае яму толькі добрай волі. Грэх бязвер’я з’яўляецца тым злом, якое зводзіць людзей з Божай дарогі. Выклікае адыход ад веры або не дазваляе ўзрастаць у веры. Такія людзі пакліканы да навяртання, каб знайшлі міласэрнасць праз адпушчэнне грахоў і дайшлі да праўды праз спаўненне Божых абяцанняў. Ніхто не можа паяднацца з Богам па-за верай ў Езуса Хрыста. З паставай бязвер’я сутыкнуўся Езус падчас зямной дзейнасці. Таксама і ў Касцёле на працягу ўсіх вякоў паяўляюцца многія, якія носяць імя Хрыста, а сваімі грахамі замыкаюцца на ласку і пазбаўляюцца святла праўды.
Ці сёння, у наш час, у нашым жыцці, Езус дзівіўся б нашаму бязвер’ю?
15-я нядзеля звычайная, год В
Знак і таямніца
1 чытанне — Ам 7, 12-15.
2 чытанне — Эф 1, 3-14.
Евангелле — Мк 6, 7-13.
“Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету” (Эф 1, 4).
Евангелле сённяшняй нядзелі звяртае нашу ўвагу на місійную дзейнасць пасланых Езусам апосталаў. Яны заклікалі да навяртання і шмат знакаў здзяйснялі. Іх пасланніцтва рэалізоўваецца ў дачыненні да людзей зраненых, слабых, патрабуючых дапамогі. Спачатку ідзе гаворка пра ўнутранае аздараўленне, якое адбываецца праз выгнанне злых духаў. Затым Евангелле ўзгадвае пра аздараўленні з розных хвароб, якім спадарожнічаў знак намашчэння алеем.
Біблійная сімволіка алею з пладоў аліўкі вельмі вялікая. Святы Аўгустын аднойчы паслугоўваўся вобразам алівак, якія сімвалізуюць людзей. Да пэўнага часу звісаюць на дрэве, але прыходзіць пара і іх зрэзваюць і кідаюць у “таўкучку”. На дрэве маюць свабоду, у “таўкучцы” – уціск. У досведзе ўзмацняецца зло і грэх, але таксама ўдасканальваецца вытрываласць, ачышчаецца любоў тых, якія навяртаюцца.
Аліўкавая галінка – знак супакою. Аліўкавы алей указвае на любоў, без якой няма супакою. Святы Аўгустын у гэтым кантэксце перасцерагае, што той, хто разбурае супакой і нішчыць еднасць, той не кіруецца любоўю.
У прыпавесці пра міласэрнага Самарыцяніна алей з віном быў сродкам лячэння, які прыносіць палёгку і спрыяе зажыўленню ран. Вобразна паказвае на міласэрнасць і любоў у дачыненні да бліжняга.
Алей ў светачах мудрых паннаў з’яўляецца сведчаннем сумлення, азначае добрыя ўчынкі. Алей блішчыць, яснее, сімвалізуе хвалу, аднак сапраўдная хвала не палягае на тым, што знешняе. Таму Святы Аўгустын узгадвае пра “алей грэшніка”, якім з’яўляюцца фальшывая ліслівасць і пахвала.
Алей – знак дзейнасці Духа Святога, які, як кажа Святы Аўгустын, сімвалізаваны праз ваду з-за абмыцця, а праз алей – з-за радасці і падтрымання агню любові.
Намашчэнне ў Старым Запавеце атрымлівалі каралі і святары. Асаблівым чынам яно паказвае на Хрыста, паколькі гэта слова азначае Памазанца. Ён сам стаў праз Бога намашчаны духоўным алеем. Бачны алей – гэта знак, духоўны алей – гэта ўнутраная таямніца.
16-я нядзеля звычайная, год В
Прыслухайцеся да голасу Бога
1 чытанне — Ер 23, 1-6.
2 чытанне — Эф 2, 13-18.
Евангелле — Мк 6, 30-34.
“Адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны” (Мк 6, 32).
Езус у сённяшнім Евангеллі накіроўвае да апосталаў словы: “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце”. Ён кажа пра гэта сваім вучням, якія вярнуліся з цяжкай працы па абвяшчэнню Добрай Навіны. Цікава пры гэтым тое, што адпачынак не павінен быць нейкай “гулянкай”, а пустынным месцам. Гэта месца павінна дапамагчы ім здабыць духоўныя сілы праз малітву і ўслухоўванне ў голас Бога.
Сёння Езус таксама накіроўвае да нас словы: “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпач-ніце”. Гэтыя словы добра ўпісваюцца ў той час, які ў нас ёсць цяпер. Многія працоўныя ў гэты час карыстаюцца доўгачаканым адпачынкам, каб адпачыць ад штодзённых абавязкаў на працы. Усё гэта, несумненна, нам трэба. Але словы Езуса накіроўваюць паразважаць крыху глыбей. Справа не толькі ў тым, каб адчуваць сябе вольным і бесклапотным. Гэтае “пустыннае месца” – гэта месца сустрэчы з Богам – час для малітвы, удзелу ў Эўхарыстыі, час, каб прыйсці і пабыць сам-на-сам з Езусам і ў супольнасці вучняў размаўляць з Настаўнікам.
Евангелле нас сёння навучае, што пасля цяжкай працы, працоўнага тыдня – неабходна паклапаціцца пра ўласны адпачынак! Бог жадае, каб мы таксама адпачывалі і клапаціліся пра сябе! Гэты адпачынак мае быць разважлівым. Гэта значыць такі, у час якога Бог не знікае з жыцця.
17-я нядзеля звычайная, год В
Вяршыня хрысціянскага жыцця
1 чытанне — 2 Вал 4, 42-44.
2 чытанне — Эф 4, 1-6.
Евангелле — Ян 6, 1-15.
“Будуць есці, і застанецца” (2 Вал 4, 43).
Сённяшні ўрывак з Евангелля вядзе нас да Эўхарыстыі, бо сцэна размнажэння хлеба з’яўляецца прадвесцем нябеснага спажытку. Як зазначыў Святы Ян Павел II у сваёй энцыкліцы: “Эўхарыстыя – гэта сэрца Касцёла! Касцёл жыве, дзякуючы Эўхарыстыі. У ёй змяшчаецца ўсё духоўнае дабро Касцёла. З самага пачатку Эўхарыстыя – гэта найважнейшая дзейнасць Касцёла, бо устанавіў яе Сам Езус Хрыстус на апошняй вячэры. Св. Імша – гэта цэнтр жыцця хрысціяніна. Бо гэта сустрэча з жывым Богам! Гэта момант спаткання з Езусам і прыняцце Яго ў сваё жыццё ў Св. Камуніі. Ён застаецца ў Эўхарыстыі, каб заўсёды з намі быць.
Езус кажа: Хто спажывае Цела Маё і п’е Маю Кроў – мае жыццё вечнае і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень! Але гэта адбудзецца толькі тады, калі мы з верай прымем таямніцу Эўхарыстыі! Тады Нябеснае Валадарства, пра якое кажа нам Езус, стане і нашым ўдзелам.
Адну князёўну, якая стала кларыскай, за тое, што яна доўга і часта заставалася перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, называлі “нявестай Эўхарыстыі”. Калі яе спыталі, што яна робіць, прабываючы столькі гадзін перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, яна адказала: “Я заставалася б тут вечна. Ці ж тут няма праўдзівага Бога, які будзе шчасцем выбраных? Добры Божа, што робяць перад ім і чаго не робяць?! Любяць, праслаўляюць, дзякуюць, пытаюцца. Што робіць бедны перад багатым? Што робіць хворы перад лекарам? Што робіць сасмаглы перад чыстай крыніцай? Што робіць галодны перад багатым пасілкам?”. Сябрам так добра адзін з адным, што яны праводзяць цэлыя дні разам.
Пан Езус не спыніўся на тым, што памёр на дрэве Крыжа з любові да нас, але і пасля смерці захацеў застацца з намі ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
18-я нядзеля звычайная, год В
Хлеб з неба
1 чытанне — Зых 16, 2-4. 12-15.
2 чытанне — Эф 4, 17. 20-24.
Евангелле — Ян 6, 24-35.
“Апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды” ( Эф 4, 24).
У сённяшнім Евангеллі мы бачым натоўпы, якія ідуць за Езусам, не з-за Яго вучэння, а, як кажа Сам Езус: «таму што елі хлеб да сытасці». Нягледзячы на тое, што прайшло 2000 гадоў, мы, як і гэты натоўп, які ідзе за Езусам, прагнем цудоўна ахвяраванага нам хлеба, матываваныя клопатам, каб «мець», «валодаць», «атрымліваць» і жыць на нейкім годным узроўні.
Убачыўшы гэтыя натоўпы, Езус пачынае катэхезу пра іншы хлеб, які з’яўляецца самым важным для чалавека, таму што дае вечнае жыццё. Ён кажа пра ежу, якая не гіне, але застаецца на жыццё вечнае, якое дасць Сын Чалавечы. І далей: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы – гэта той, хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету», гэта значыць Cам Езус Хрыстус, які, узяўшы хлеб, скажа, седзячы за сталом са сваімі вучнямі: «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё…».
Сам Хрыстус становіцца спажыткам, спажыткам, які не напаўняе страўнік, не забяспечвае толькі фізічныя сілы, але з’яўляецца сапраўдным спажыткам, які дае вечнае жыццё.
Тут мы пераходзім ад спажытку, які падтрымоўвае зямное жыццё, да Спажытку, які дае вечнае жыццё. Тут патрэбна ўжо іншае мысленне, не таго чалавека зямнога, матэрыяльнага, але Божага, пра што кажа Cв. Павел: “трэба адкінуць ранейшыя паводзіны старога чалавека, які знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі. Таму дазвольце аднавіцца Духу ў вашым розуме і апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды” (пар. Эф 4, 23-24).
19-я нядзеля звычайная, год В
Каб не галодная была душа
1 чытанне — 1 Вал 19, 4-8.
2 чытанне — Эф 4, 30 – 5, 2.
Евангелле — Ян 6, 41-51.
“Хлеб, які Я дам, – гэта Цела Маё дзеля жыцця свету” (Ян 6, 51).
Фрагмент Евангелля сённяшняй нядзелі працягвае нашае разважанне над Хлебам Нябесным. Кожны з нас добра ведае, як патрэбен хлеб чалавеку; многія людзі маюць хлеб у дастатку, а ўсё ж паміраюць. І тут гаворка пра смерць духоўную, таму што яны забываюць пра ежу, якая дае вечнае жыццё, забываюць пра Эўхарыстычны хлеб, забываюць пра Хрыста. Ім здаецца, што яны самадастатковыя. І ў гэты ж час – як наша цела мае патрэбу ў хлебе, у ежы, каб нармальна функцыянаваць фізічна, так наша душа мае патрэбу ў хлебе Эўхарыстычным.
Ёсць людзі няверуючыя. Кажуць, Бога няма. А Ён ёсць і прыцягвае людзей да Сябе. Сёння Езус кажа, што ніхто не можа прыйсці да Яго, калі яго не прыцягне Айцец… Бог дае ласку, неабходную для збаўлення. Не ўсе, аднак, хочуць прыняць Яго, як не ўсе прынялі праўду, што Езус ёсць Хлеб, які сышоў з неба. “Хіба гэта не Езус, Сын Юзафа, бацьку і маці якога мы ведаем? Як Ён можа цяпер казаць: з нябёсаў сышоў”, – наракалі на Езуса габрэі.
Езус кажа: “Я – хлеб жывы”. Але і сёння не ўсе вераць Яму. “Не засмучайце Святога Духа Божага, якім вы пазначаны на дзень адкуплення”, – кажа Св. Павел (Эф 4,30). Не толькі целу патрэбен хлеб, але і душа «галодная». Ёсць не толькі хлеб зямны, але і нябесны. “Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі”. Менавіта вера ў Езуса і адносіны з Ім забяспечваюць жыццё вечнае: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, той мае жыццё вечнае”.
Таму з верай прымем таямніцу Эўхарыстыі! Тады Нябеснае Валадарства, пра якое кажа нам Езус, стане і нашым ўдзелам.
20-я нядзеля звычайная, год В
Праўдзівы Спажытак
1 чытанне — Прып 9, 1-6.
2 чытанне — Эф 5, 15-20.
Евангелле — Ян 6, 51-58.
“Выкарыстоўвайце час, бо дні ліхія” (Эф 5, 16).
Езус канкрэтна кажа пра ўмову асягнення вечнага жыцця: “Калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень” (Ян 6, 53-54). Без Святой Камуніі можна мець зямное жыццё, але не вечнае! Абяцанне Езуса датычыць моцы сакрамэнта, які прымаецца з верай, а не толькі фізічнага прыняцця яго бачнай постаці.
Кожны, хто не годна прымае гэты сакрамэнт, суд сабе спажывае. Павінны прыступаць да алтара адпаведна падрыхтаванымі, свабодныя ад смяротнага (цяжкага) граху. Бо Найсвяцейшае Цела Хрыста – не можам прымаць, калі застаемся ў грахах.
Спажытак Нябесны злучае нас у адно, таму што з’яўляецца знакам еднасці. Не ўспрымалі яго габрэі і не хацелі спажываць, таму спрачаліся паміж сабою. У таямніцы гэтага спажытку і напою паказваецца злучэнне членаў аднаго цела, якім з’яўляецца Касцёл. Гэтую еднасць выражаюць знакі хлеба і віна, у якіх шматлікасць злучаецца ў адно. Хлеб складаецца са шматлікага зерня, а віно – са шматлікіх гронкаў вінаграда.
Заахвочваючы верных да трывання ў еднасці Хрыстовага Цела, Св. Аўгустын моліцца: “О сакрамэнт пабожнасці, о знак еднасці, о повязь любові! Хто хоча жыць, мае крыніцу жыцця, мае адкуль чэрпаць жыццё. Няхай прыступіць, няхай верыць, няхай злучыцца з Госпадам, каб атрымаць жыццё”.
21-я нядзеля звычайная, год В
Прыняць праўду Бога
1 чытанне — Нав 24, 1-2а. 15-17. 18b.
2 чытанне — Эф 5, 21-32.
Евангелле — Ян 6, 60-69.
“Будзем служыць Пану, бо Ён — Бог наш” (Нав 24, 1-2).
Сённяшні ўрывак з Евангелля нагадвае нам, у вялікім гістарычным і дактрынальным скарачэнні, аб адносінах абранага народа да збаўчай ініцыятывы Бога. Словы Езуса “хто спажывае Маё Цела і п”е Маю Кроў, мае вечнае жыццё” выклікалі раскол сярод яго вучняў: “Цяжкая гэтая мова! Хто можа яе слухаць?”. Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя абураюцца, сказаў ім: «Ці гэта вас спакушае? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць Духам і жыццём. Аднак ёсць сярод вас тыя, хто не верыць». Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць.
Памылка вучняў заключалася ў тым, што думалі толькі па-людску, таму словы Езуса выдаваліся ім не да прыняцця. Упартасць, нявер’е, нараканні і бунт вучняў нагадваюць тое, як ізраільцяне ставіліся да Майсея ў пустыні. З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо больш не хадзілі з Ім.
Святы Ян адлюстроўвае адыход “многіх вучняў” як акт апастазіі – учынак, які ў юдаізме лічыўся адным з самых цяжкіх грахоў. Толькі чалавек, „народжаны ад Духа”, можа прыняць праўду, якая змяшчаецца ў словах Езуса. Спажыванне “Цела” Сына Чалавечага азначае набыццё “ўсяго” яго ладу жыцця і паводзін. Езус хоча, каб Яго вучні жылі, адчувалі, думалі і рабілі так, як Ён – Настаўнік, Гасподзь, Галава Цела, і сілай Святога Духа робіць здольнымі іх і нас да паўнаты жыцця “праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце”.
“Ці і вы таксама хочаце адысці?” – пытаецца Езус. Але вера Касцёла абапіраецца на вызнанні Святога Пятра: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця. А мы паверылі і пазналі, што Ты ёсць Святы Бога”.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ