Хлеб штодзённы

1 верасня

22-я нядзеля звычайная, год В

 

Пойдзем за словамі Езуса

 

1 чытанне — Дрг 4, 1-2. 6-8;

2 чытанне — Як 1, 17-18. 21b – 22. 27. 

Евангелле — Мк 7, 1-8. 14-15. 21-23.

 

 

Захоўвайце запаведзі Пана(Дрг 4, 6-8).

У сённяшнім фрагменце з Евангелля  Езус, звяртаючыся да шматлікіх слухачоў, тлумачыць ім асноўнае адрозненне паміж сабой, кніжнікамі і фарысеямі, інакш кажучы, паміж кіраўнікамі і рэлігійнымі настаўнікамі. Ён вучыць Слову Бога і паступае, згодна з ім, а яны вучаць, але не захоўваюць. Таму Ён называе іх крывадушнікамі. Далей Езус тлумачыць, у чым заключаецца іх крывадушнасць. Тое, што магло б служыць духоўнаму выкананню закона, робіцца напаказ. Крывадушнікамі з’яўляюцца ілжывыя настаўнікі Пісання, якія не выконваюць свайго абавязацельства па правільным навучанні. Езус звяртае ўвагу, што яны адкінулі рэчы больш важныя ў законе і засяродзіліся на другарадных і троесных рэчах, лічачы іх найбольш важнымі ў культуры і грамадстве. Аднак Езус не быў настроены варожа ў адносінах да закона. Ён звяртаў ўвагу крывадушнікаў  на  тое, што  спачатку  яны павінны навучыцца справядлівасці, міласэрнасці  і  вернасці Запавету, перш чым  пачнуць  займацца  чыс-цінёю начынняў.

Моцныя словы Езуса – у адрас кніжнікаў і фарысеяў – гэта выраз любові і клопату з боку Месіі. Любоў часам павінна патрэсці кагосьці блізкага, але сляпога. Вучням Езуса неабходна зрабіць выбар: ці будуць яны паступаць так, як фарысеі, ці так, як паступаў Езус. Калі так, як фарысей, які шмат гаворыць, але ўчынкамі не пацвярджае сваіх слоў, для якога важна знешняе, які канцэнтруецца на захаванні закону, але не мае любові, то ўжо ведаем, якія смутныя наступствы будуць чакаць.

Але, калі пойдзем за словамі Езуса – пачнем больш звяртаць увагі на свае сэрцы, на тое, што  ў іх адбываецца, колькі ў іх любові, да ўсяго таго, што мы робім.


 8 верасняgr-str-30

23-я нядзеля звычайная, год В

 

Адкрый сваё сэрца!

 

1 чытанне — Іс 35, 4-7а. 

2 чытанне — Як 2, 1-5. 

Евангелле — Мк 7, 31-37.

 

 “Ці ж не Бог выбраў бедных спадкаемцамі Валадарства”(Як 2, 1–5).

Сімволіка жэсту Хрыста, які здзяйсняе цудоўнае аздараўленне глуханямога, мае сваё вымаўленне не толькі на ўзроўні фізічнага аздараўлення цела, але, магчыма, нават больш, калі мы думаем пра духоўную глухату або слепату. Езус, несумненна, фізічна аздараўляў тых, каго прыносілі да Яго. Ён сапраўды “усё рабіў добра”. Ён сапраўды прадказаны Месія, лекар, Збаўца і Пан сусвету. Але нельга спыняцца толькі на фізічных аздараўленнях, якія чыніць Езус.

Езус пастаянна ўсклікае да нашых сэрцаў, да нашых вушэй і вачэй: “Эффата, адкрыйся”. Адчыні свае вушы, хай яны, нарэшце, пачуюць мой заклік, кажа Езус, заклік тваіх блізкіх, не будзь глухі на Слова Божае, не будзь глухі да просьбы іншых, якія ў патрэбе і якім ты як раз можаш дапамагчы. Чалавеча, нарэшце, адчыні сваё сэрца і перастань думаць толькі аб сабе і аб сваіх інтарэсах. Адкрый сваё сэрца, таму што яно самае хворае, глухое і сляпое.

Ён пастаянна і бесперапынна спрабуе паставіць нас на ногі, каб мы больш не спатыкаліся аб камяні нашых грахоў і перашкоды нашых звычак. Каб мы не былі сляпымі з-за нашага эгаізму і глухімі – з-за нашай ганарыстасці. Каб наша сапраўднае багацце  было  не  толькі тым, чым мы матэрыяльна валодаем, але каб і мы ўслед за Езусам “усё рабілі добра”. Яго заклік “Эффата, адкрыйся” таксама накіраваны да кожнага з нас. Ці  чую я  гэты  заклік, ці, нягледзячы на ўсе  Яго намаганні,  усё  яшчэ застаюся глухім?


 15 верасня

24-я нядзеля звычайная, год В

 

За каго Мяне прымаеце?

 

1 чытанне — Іс 50, 5-9а. 

2 чытанне — Як 2, 14-18. 

Евангелле — Мк 8, 27-35.

 

 “Вера без учынкаў мёртвая” (Як 2, 14–18).

Каб зразумець пасланне сённяшняга Евангелля, важна размясціць размову Езуса з вучнямі ў кантэксце таго месца, дзе яна адбываецца, – у Цэзарэі Філіпавай. Гэта быў горад, у якім знаходзіўся вялікіх памераў храм з белага мармуру, прысвечаны Цэзару. Багаты горад, у якім перасякаліся многія культуры, і, такім чынам, гэта было месца многіх рэлігій. У гэтай сумесі рэлігійных варыянтаў Езус задае пытанне сваім вучням: кім Мяне лічаць людзі? Было шмат адказаў: Ян Хрысціцель, Ілля, адзін з прарокаў… 

Таму Езус задае другое пытанне, вельмі асабістае: вы кім лічыце Мяне? Пётр дае адназначны адказ: “Ты–Месія”. Слова «Месія» паходзіць ад габрэйскай мовы. Па-грэчаскі гэта слова «Хрыстос».

Па перакананні веруючых габрэяў, Месія – гэта прадказаны прарокамі будучы цар Ізраэля, які павінен быў вызваліць народ і адкрыць эру свабоды, сілы і росквіту. Таму адразу пасля гэтага вызнання Пётр бянтэжыцца і дакарае Езуса, таму што сказаў, што Сын Чалавечы павінен пакутаваць, што Ён будзе аддадзены на смерць і ўваскрэсне. Езус тут жа распраўляецца з такой думкай Пятра: “Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае”. Гэта не значыць, што Пётр быў апантаны. Сутнасць злога мыслення, якое Езус дакарае ў Пятра, заключаецца ў тым, што ён не думае па-Божаму.

Варта шчыра адказаць сабе на пытанне: за каго я лічу Езуса? Гэтае пытанне сёння адрасавана ўсім нам. Можам быць вельмі блізка да Езуса, лічыць сябе веруючымі, але не разумець, хто такі Езус і ў чым заключаецца Яго місія. Як жа часта чалавек носіць у сабе свае ўяўленні пра Езуса, свае ўяўленні пра Бога. Думае, што верыць у Бога, а тым часам – верыць ў свае ўяўленні пра Яго.


 22 верасняgr-str-31

25-я нядзеля звычайная, год В

 

Заклік да служэння

 

1 чытанне — Мдр 2, 12. 17-20. 

2 чытанне — Як 3, 16 – 4, 3. 

Евангелле — Мк 9, 30-37.

 

 “Хто хоча быць першым, няхай будзеслугою ўсіх(Мк 9,35).

На адной вуліцы працавалі чацвёра краўцоў. Першы павесіў над сваім працоўным будынкам надпіс: “Найлепшы кравец у Рыме”. Другі: “Найлепшы кравец у Італіі”. Трэці: “Найлепшы кравец у свеце”. Чацвёрты сціпла ўсміхнуўся і напісаў: «Найлепшы кравец на гэтай вуліцы”.

У чалавечай прыродзе неяк “закадавана” цяга да велічы! Незалежна ад часу, месца або культуры, чалавек  заўсёды імкнуўся быць першым, лепшым і паважаным, мець рашаючае слова ў абмеркаваннях. Быць аўтарытэтам – гэта жаданне чалавечага  сэрца. Гэтае жаданне прымушала чалавека неаднаразова апраўдваць свае нават амаральныя ўчынкі, абы дасягнуць мэты. Такі спосаб мыслення і паступкаў мы сустракаем і сёння.

У Евангеллі мы пачулі размову Езуса са сваімі вучнямі, якія спрачаліся між сабою, хто з іх найбольшы, найважнейшы. А Езус кажа ім: “Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх”. Затым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў: “Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А  хто  Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто па-слаў Мяне”.

Заклік Езуса да служэння і ўказанне на дзіця як узор мае глыбокі сэнс. А праяўляецца ён у чалавечым сэрцы, у яго чысціні, нявіннасці і шчырым даверы. Бо чалавек з гадамі  сцірае,  забывае ці не хоча памятаць пра гэту асаблівую годнасць дзіцяці Божага. Тады ў нас узмацняюцца  нашы слабасці, якія мы спрабуем называць “вартасцямі”. Гэты шлях ні да чаго добрага не вядзе. Таму няхай словы перасцярогі Езуса для апосталаў не будуць для нас толькі напамінам, але момантам перамены мыслення. Гэта адзіны правільны шлях, які праз пакору вядзе да сапраўднай велічы, якой з’яўляецца святасць.


 29 верасня

26-я нядзеля звычайная, год В

 

Не трапляйце ў пастку зайздрасці

 

1 чытанне — Ліч 11, 25-29. 

2 чытанне — Як 5, 1-6. 

Евангелле — Мк 9, 38-43. 45. 47-48.

 

 “Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе “ (Мк 9, 43).

Літургія Божага Слова перасцерагае нас ад граху зайздрасці. Што такое зайздрасць? Гора ад шчасця бліжняга і разам з тым – радасць ад яго няшчасця. У маральным плане – гэта адзін са смяротных грахоў, таму што ён спараджае іншыя грахі. Аснова зайздрасці – жаданне паставіць сябе ў цэнтр, няздольнасць жадаць дабра іншым, няздольнасць любіць. А яе матыў – гэта жаданне абавязкова кагосьці ў чымсьці перамагчы, абавязкова атрымаць больш за іншых.

У Евангеллі чытаем: вучні забаранялі выганяць іншаму злых духаў, таму што той не быў з імі. Гэта вымярэнне зайздрасці, якое заключаецца ў прысваенні  сабе  таго,  што не маё, але я адчуваю, што яно належыць толькі мне. (…) Тым, што выганяла злых духаў, была сіла Езуса Хрыста. Апосталы гэтую сілу прысвоілі сабе. Тое ж самае адбываецца і з нашай зайздрасцю. Мы прысвойваем сабе нейкую вартасць і не хочам дзяліцца ёю з  іншымі  або не даём іншым правы на яе.

Да зайздрасці схільныя ўсе, нават блізкія да Бога людзі, такія як апосталы. Таму да гэтага часу актуальная малітва з псальма (Пс 19(18)): “Хто зразумее свае памылкі? Ад укрытых памылак ачысці мяне!”.

Молячы Ўсемагутнага аб гэтай ласцы, давайце не будзем забываць ісці за запаведзямі і сілай Слова Божага, якое не дазволіць нам патрапіць у пастку зайздрасці.

 

 

кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий