6 кастрычніка
27-я нядзеля звычайная, год В
Ключ да адзінства сэрцаў
1 чытанне — Быц 2, 18-24.
2 чытанне — Гбр 2, 9-11.
Евангелле — Мк 10, 2-16.
“І стануць яны адным целам” (Быц 2, 24)
Сённяшняе Евангелле накіроўвае нас да тэмы сужэнства, а таксама да пытання разводу, які задаюць Езусу фарысеі, жадаючы падлавіць Яго, каб знізіць Ягоны аўтарытэт. Фарысеі ставяць перад Езусам канкрэтную праблему: “Ці дазволена мужу аддаляць жонку?”. Між тым Езус адыходзіць ад чыста юрыдычнага мыслення (разводны ліст, дапушчальны законам Майсея) і спасылаецца на “пачатак стварэння” (пар. Мк 10,6). Езус, успамінаючы тое, што з самага пачатку было задумай Бога ў адносінах да чалавека і сужэнства, яўленым на старонках кнігі Быцця, пацвярджае, што шлюб мужчыны і жанчыны – гэта не проста нейкае чалавечае пагадненне, а саюз, устаноўлены самім Богам: «што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае” (Мк 10,9).
Калі “Бог злучыў”, то гэта азначае, што шлюб не ўстанаўліваецца выключна рашэннем мужа і жонкі, а тлумачыцца Божай воляй. Яна выяўляецца “у пачатку”, калі мужчына і жанчына, хоць створаныя рознымі, становяцца адным целам. Гаворка ідзе не толькі аб цялесных зносінах, якія зводзяцца да палавога акту, але і аб адзінстве пачуццяў, жаданняў, планаў, дзеянняў, якое вядзе да іх з’яднання. Калі мужчына і жанчына становяцца ў шлюбе “адным целам”, то гэта значыць, што яны прымаюць абмежаванні, недахопы, крохкасць адзін аднаго, жадаючы пражыць іх ужо не асобна, а разам, у любові, распазнаючы ў гэтым Божую волю адзін да аднаго. У сужэнстве муж і жонка разам пераадольваюць шлях свайго жыцця, падзяляючы яго цяжар, суправаджаючы адзін аднаго ў цяжкасцях, падтрымліваючы адзін аднаго ў моманты слабасці.
Езус катэгарычна супраць разводу. Але разам з тым Ён запрашае мужа і жонку пастаянна клапаціцца аб адзінстве між імі. Развод зыходзіць з “жорсткасці чалавечага сэрца”, якое замыкаецца ў сабе, засяроджваецца на сваім дабрабыце, сыходзіць ад адзінства пачуццяў, жаданняў, дзеянняў. Сітуацыя ў кожным шлюбе розная, але можна знайсці ключ да гэтага адзінства сэрцаў мужа і жонкі. Можа быць, гэта ўзаемны давер адзін аднаму, дзяленне думкамі, а таксама цяжкасцямі, спакусамі, узаемнае слуханне і прыняцце адзін аднаго. Разлучэнне мужа і жонкі пачынаецца з разлучэння іх сэрцаў. Калі “Бог злучыў”, то давайце таксама дазволім Яму быць у нашых сужэнствах.
28-я нядзеля звычайная, год В
Як жыць, каб атрымаць жыццё вечнае
1 чытанне — Мдр 7, 7-11.
2 чытанне — Гбр 4, 12-13.
Евангелле — Мк 10, 17-30.
“Слова Божае… здольнае судзіць думкі і намеры сэрца” (Гбр 4, 12)
Суправаджаючым матывам у евангельскім аповедзе з’яўляецца стаўленне юнака, клапатлівага, поўнага ідэалаў, але нерашучага, баязлівага і эгаістычнага.
Хрыстос досыць выразна пракаментаваў такое стаўленне. Езус дае ясны і канкрэтны адказ на вечнае пытанне веруючых людзей: як жыць, што рабіць, каб дасягнуць вечнага жыцця пасля смерці. Аказваецца, адказ просты: захоўвай запаведзі, тыя, што ў Дэкалогу, яны ніколі не гублялі сваёй каштоўнасці. Жыццё па дзесяці Божых запаве-дзях дае гарантыю вечнага збаўлення. Аб гэтым запэўнівае сам Езус.
Не трэба быць вялікім тэолагам або глыбокім містыкам, каб дасягнуць нябёсаў. Так, ёсць людзі, па-кліканыя да вышэйшых рэчаў, і, мабыць, герой евангельскага апавядання належыць да гэтай групы, але фундаментальным прынцыпам заўсёды застаюцца запаведзі Дэкалога. Ці, адыходзячы ад Езуса, евангельскі юнак меў шанец на збаўленне? Вядома, што так, аднак для яго гэта будзе шлях праз унутраныя пакуты і неспакой сумлення. Тут, на зямлі, ён не ўбачыць радасці Божага Валадарства, а такая магчымасць была яму адкрыта.
“Свету багаццяў я не жадаю, бо ўсёй душою Бога шукаю” (са спеву).
20 кастрычніка
29-я нядзеля звычайная, год В
За адкупленне многіх
1 чытанне — Іс 53, 10-11.
2 чытанне — Гбр 4, 14-16.
Евангелле — Мк 10, 35-45.
“Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства” (Іс 53, 10).
“Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх”. Езус прыйшоў на свет для таго, каб узяць на сябе тую кару, якая справядліва належыць кожнаму з нас. Прыйшоў, каб адкупіць нас ад смерці. А цаною, якую заплаціў за нас, была Яго мука і смерць на крыжы. Як кажа Св. Аўгустын: “Бог стварыў нас без нашай дапамогі і без нашага ў гэтым удзелу, але без нашай дапамогі і удзелу – не збавіць нас!”. Бо мы маем свабодную волю, можам самі выбіраць сабе вечнасць! У справе нашага збаўлення неабходна супрацоўнічаць разам з Хрыстом, інакш кажучы – старацца рабіць тое, што рабіў бы Езус, калі б быў на нашым месцы.
Таксама і найлепшыя месцы ў Нябесным Валадарстве не здабываюцца зямным спосабам, як некаторыя імкнуцца здабыць іх, перапіхаючы адзін другога локцямі і топчучы іншых па дарозе. Найбольш важныя месцы ў Нябесным Валадарстве здабываюцца інакш. Хрыстус кажа: “Калі хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх”.
Інакш кажучы, не дастаткова толькі нашага жадання! Неабходна жыць сакрамэнтальным жыццём, шукаць і выконваць Божую волю. Не толькі служыць іншым, але, таксама, калі прыйдзе такая патрэба, ахвяраваць свае цярпенні, а можа нават і сваё жыццё аддаць за Бога, за іншых.
30-я нядзеля звычайная, год В
Рэальнасць пабожнага жыцця
1 чытанне — Ер 31, 7-9.
2 чытанне — Гбр 5, 1-6.
Евангелле — Мк 10, 46-52.
“Сляпога і кульгавага павяду з суцяшэннем” (Ер 31, 9)
Калі Бог праз місіянераў, праз святароў, праз іншага чалавека спрабуе дапамагчы таму, хто пакутуе, часта чую такую фразу: “Гэта немагчыма”.
Можам пералічыць цэлы шэраг розных пытанняў і праблем, якія немагчымыя па многіх прычынах. “Немагчыма” штодзённая малітва, удзел у святой Імшы, чытанне Бібліі, захаванне дашлюбнай чысціні, вернасць у сужэнстве, са-праўдная любоў, сяброўства, жыццё без сварак і шмат-шмат іншага. Любы тэзіс аб меркаванай “немагчымасці” падмацоўваецца масай аргументаў, часцей за ўсё, на наш погляд, непад’ёмных, якія часта заканчваюцца словамі: “такое жыццё…”. З пункту гледжання людзей згаданыя немагчымыя рэчы сапраўды немагчымыя. Яны немагчымыя, калі чалавек будзе шукаць рашэнні толькі ў сабе ці ў іншым чалавеку.
Давайце прыгледзімся да Евангелля: Бартымэй, быўшы сляпым, сядзеў каля дарогі і жабраваў. Аднак у ім можна ўбачыць мужнага чалавека, бо ён можа пераадольваць перашкоды, якія сустракае на сваім шляху. Калі людзі настойвалі, каб ён замаўчаў, ён не пераставаў прамаўляць услых сваю просьбу, бо чуў, што побач прайходзіць Той, пра Каго яму распавядалі, што ён Настаўнік і Цудатворца. Ён цвёрда спадзяваўся, што Ён, нарэшце, пачуе яго.
Просьба Бартымэя “Езусе, сыне Давіда, змілуйся нада мною” (Мк 10, 47B) адначасова з’яўляецца выразам яго веры, якая не дазваляла яму маўчаць, якая напаўняла яго ўпэўненасцю ў тым, што ў Езусе ён знойдзе выратаванне. Гэты сляпы жабрак з’яўляецца прыкладам чалавека, які можа настойліва маліцца і прасіць аздараўлення.
Езус, пачуўшы заклік сляпога, загадвае прывесці яго да сябе. Размаўляе з ім і задае яму пытанне: “Што хочаш, каб я зрабіў Табе?”. Тады Бартымэй трапляе ў самую сутнасць сваіх жаданняў: “Раббуні, каб я зноў бачыў”. Такім чынам, мы бачым, што ў ім адбываецца пэўны працэс. Спачатку ён публічна прызнае сваю слепату, потым называе яе хваробай, ад якой хацеў бы збавіцца, і толькі потым думае пра тое, як бы гэта зрабіць.
Можна сказаць, што сустрэча і размова сляпога з Езусам ля брамы Ерыхона – гэта сустрэча двух сіл: непахіснай веры сляпога з усемагутнасцю Езуса, і вынікам яе з’яўляецца цуд. Бартымэй з верай прасіў Езуса ўмяшацца ў яго справу, і Езус выслухаў яго. Хрыстос вылечыў сляпога, падкрэсліваючы, што на самой справе яго аздаравіла вера.
Бартымэй, пачуўшы словы Езуса “ідзі, твая вера вылечыла цябе”, адразу ж стаў відушчым і “пайшоў за Ім”. Такім чынам, аздароўлены жабрак бачыць і цешыцца з атрыманага дару. Цяпер ён можа хадзіць адзін, без дапамогі кія або іншых людзей. Ён бачыць Езуса, бачыць радасных людзей, блакітнае неба, зялёныя лугі… Яго лёс цалкам перамяніўся пасля сустрэчы з Езусам.
Бог хоча дзейнічаць у нас, перамяняючы рэчы немагчымыя ў рэальнасць пабожнага жыцця і праз кожнага з нас хоча дзейнічаць і перамяняць гэты свет. Толькі калі мы верым у Бога, немагчымае становіцца магчымым!
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ