3 лістапада
31-я нядзеля звычайная, год В
Наследаваць Бога
1 чытанне — Дрг 6, 2-6.
2 чытанне — Гбр 7, 23-28.
Евангелле — Мк 12, 28b-34.
“Любі Пана Бога твайго усім сэрцам тваім, усёй душою тваёю, усім розумам сваім і з усіх сіл тваіх” (Дрг 6,5).
Кніжнік, пра якога чуем у сённяшнім Евангеллі, быў разгублены ад колькасці (613 больш важных і менш важных) габрэйскіх законаў, правоў, загадаў і забаронаў, якія захоўвалі габрэі. Таму, як кажа Евангелле, “падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: якая запаведзь большая з усіх?”. У адказ пачуў дзве запаведзі. Хрыстус свядома пералічвае дзве запаведзі: любоў да Бога і любоў да бліжняга.
Аб тым, як у практыцы што-дзённага жыцця злучыць гэтыя дзве запаведзі, навучае адзін з вядомых прапаведнікаў біскуп Fulton Sheen. Паводле яго, найлепшы спосаб злучыць у сваім жыцці гэтыя дзве запаведзі – гэта наследаванне ў любові самога Бога:
- Божая любоў няспынна сябе дае – гэта стварэнне. Неабходна ў штодзённым жыцці наследаваць самога Бога, любячы бліжніх спачатку любоўю, якая аддае. Значыць – мець адкрытыя вочы, сэрцы і далоні для ўсіх тых, хто чакае ад нас любові і дапамогі. Значыць – сеяць вакол сябе дабро, зычлівасць, ветлівасць, прабачэнне, зразуменне, спачуццё. Робячы дабро, становімся удзельнікамі ў працэсе стварэння!
- Бог у сваёй любові цярпеў за нас – гэта адкупленне. Неабходна вучыцца і нам цярпліва зносіць нашых бліжніх. Неабходна памятаць, што няма такога паклікання, якое не было б звязана з нясеннем крыжа, прысвячэннем часу і ахвярнасцю. Церпячы так, як Хрыстос, дзеля дабра (не дзеля граху) іншага чалавека, будзем саўдзельнікамі Божага збаўлення.
3.Божая любоў няспынна імкнецца да еднасці – гэта Эўхарыстыя. Нам таксама неабходна быць людзьмі, якія імкнуцца злучаць, а не раздзяляць. Уносіць спакой у нашы сем’і, у суседскія адносіны, на працы, у школе, у парафіі і г.д. Выразам нашага імкнення да еднасці няхай будзе наш удзел у Эўхарыстыі і прыняцце ў Святой Камуніі, якая ўсіх нас злучае.
- Божая любоў ніколі не мінае – гэта неба! Не скончыцца наша любоў да Бога і бліжніх. Забярэм яе з сабою на неба. Будзе трываць навекі.
Давайце імкнуцца выконваць гэтыя дзве найвялікшыя запаведзі, наследуючы ў любові самога Бога.
32-я нядзеля звычайная, год В
Якое наша сэрца?
1 чытанне — 1 Вал 17, 10-16.
2 чытанне — Гбр 9, 24-28.
Евангелле — Мк 12, 38-44.
”Зрабіла ўдава са сваёй мукі праснак і прынесла Іллі” (пар. 1 Вал 17, 10–16).
У сённяшнім Евангеллі разважаем над асобай удавы, на якую Езус звяртае ўвагу ў святыні. Гаворка ідзе пра ахвяры на ўтрыманне святыні, якія габрэі кідалі ў скарбонкі. Бедная ўдава кінула ў скарбонку “дзве лепты”, што складае 1/64 дынара. А дынарый быў прыняты ў якасці аплаты за адзін дзень працы наёмнага рабочага. За дзве лепты можна было купіць каля 100 г хлеба. На фоне ахвяр багатых гэтыя дзве лепты былі, па-чалавечы, бескарысныя.
Езус расцэньвае ахвяру беднай ўдавы зусім па-іншаму, паказвае не толькі веліч яе любові, але і яе свабоду ў любові, якой не хапае кніжнікам і багатым. Што характарызуе яе свабоду?
Па-першае, яна свабодная ад чалавечага меркавання. Матэрыяльнае і сацыяльнае становішча робіць удаву аб’ектам пагарды з боку заможных людзей, якія займаюць высокія пазіцыі на сацыяльнай лесвіцы, якія маюць уладу. Ўсведамленне сацыяльнай ізаляцыі нярэдка прымушае беднага чалавека сыходзіць на абочыну жыцця, лічыць сябе нікчэмным і не годным павагі. Патрабуецца мужнасць, каб супрацьстаяць гэтаму выключэнню, пачуццё ўласнай годнасці, каб не залежаць ад поглядаў і ацэнак іншых людзей. Патрабуецца ўнутраная свабода, каб выйсці за рамкі сацыяльных стэрэатыпаў і ўмоўнасцяў.
Па-другое, бедная ўдава свабодная ад самой сябе. Ёй не трэба нічога даказваць свету. Яна не ўдзельнічае ў гульні прытворства, на карту якой пастаўлены імідж, прызнанне, пазіцыя. Яна не параўноўвае сябе з іншымі, не шукае сваёй каштоўнасці ў ацэнцы іншых. Верагодна, матэрыяльна ў яе не было магчымасці канкурыраваць з вялікімі гэтага свету, але яна магла б пабудаваць пачуццё сваёй каштоўнасці, крытыкуючы іх маральнае стаўленне, сацыяльную несправядлівасць і выкрываючы іх крывадушнасць і пыху. Яна свабодная ад такога мыслення, пакідаючы Богу ацэнку паводзін іншых.
Па-трэцяе, яна свабодная ў любові. Яе любоў шчодрая і бескарыслівая. Ахвяры, якія прыносілі багацеі, былі “ад таго, што мелі лішак” (Мк 12,44). Яны лічылі так, каб не страціць занадта шмат з таго, што мелі. Тым часам бедная ўдава “будучы ў нястачы, кінула ўсё, што мела, увесь пажытак свой”. Яна не разлічвае, не дзеліць напалову свае дзве лепты, не па-кідае адну з іх на “чорны” дзень, а дае “ўсё”. Яна кідае ў скарбонку ўсё сваё жыццё. За гэтай ахвярай хаваецца яе любоў, у якой яна цалкам давярае сябе Богу.
У вачах Езуса важна не веліч і колькасць ахвяр, а шчырасць, шчодрасць і ўдзячнасць нашага сэрца. Якое наша сэрца ў адносінах да Бога і іншага чалавека?
17 лістапада
33-я нядзеля звычайная, год В
Адно вялікае чаканне
1 чытанне — Дан 12, 1-3.
2 чытанне — Гбр 10, 11-14. 18.
Евангелле — Мк 13, 24-32.
“І тыя, хто мудры, будуць ззяць, як свяцілы небасхілу, а тыя, хто навучыць многіх справядлівасці,– як зоркі на вечную вечнасць (Дан 12,3).
Літургія Слова перадапошняй нядзелі літургічнага года накіроўвае нашу думку да канца свету, да другога прыйсця Езуса. Гэтае прыйсце будзе паўсюднае і заўважальнае. Аднак час парузіі скрыты, пра яго ведае толькі Нябесны Айцец.
І так, вера ў паўторнае прыйсце Сына Чалавечага робіць касцёльны час адным вялікім чаканнем. Несумненна, што парузіі будуць папярэднічаць ўсеагульны прыгнёт, розныя катаклізмы і пакуты. Хрыстос прыйдзе зноў, судзіць жывых і памерлых. Апошні Суд будзе справай вызвалення “ад няволі сапсаванасці, каб удзельнічаць у свабодзе і славе дзяцей Божых”.
У сённяшнім Евангеллі Езус заклікае нас быць пільнымі і ўмела чытаць знакі Яго прыйсця. Гэта дазволіць нам быць гатовымі ўбачыць Яго, калі прыйдзе. Таму нам неабходна развіваць у сабе паставу чування. А чуванне заключаецца ва ўмелым пражыванні жыцця ў двух вымярэннях: цяперашнім і вечным, гэта значыць – глядзець на штодзённасць у перспектыве вечнасці. Хрыстос, які атрымаў перамогу над смерцю, распачаў для нас новы спосаб жыцця з Богам. Езус уваходзіць першым у гэтае жыццё, каб падрыхтаваць месца для сваіх абраных. У гэты час хрысціяне застаюцца ў надзеі, што калісьці яны будуць жыць з Хрыстом вечна. Таму праз веру і сакрамэнты яны павінны быць аб’яднаны з Ім ужо на зямлі, ажыўляючы ў сабе свядомасць, што Страшны Суд тычыцца ўсіх.
Той, хто прыняў слова Езуса і дасведчыў Яго любоў, можа з на-дзеяй чакаць Яго другога прыйсця, бо ведае, што гэта будзе сустрэча з добрым Госпадам.
Урачыстасць Пана нашага, Езуса Хрыста,
Валадара Сусвету, год В
Логіка Езуса
1 чытанне — Дан 7, 13-14.
2 чытанне — Ап 1, 5-8.
Евангелле — Ян 18, 33b-37.
“Валадарства Ягонае не бу-дзе знішчана” (Дан 7, 14).
Што значыць Езус-Валадар? На дапамогу прыходзіць сённяшняе Евангелле, у якім мы чуем, як Езус падчас допыту перад Пілатам прадстаўляе сябе валадаром, падкрэс-ліваючы, што “валадарства Маё не з гэтага свету” (Ян 18,36). Справа не ў тым, што Езус-Валадар з іншага свету, нейкага звышнатуральнага свету, за межамі нашага гістарычнага часу. Езус-Валадар у гэтым свеце, але Ён не такі, якога хацеў бы свет. “Гаворка ідзе пра супрацьпастаўленне дзвюх логік. Сусветная логіка заснавана на амбіцыях, суперніцтве, барацьбе, шантажы і маніпуляванні сумленнем чалавека. Логіка Евангелля, інакш кажучы, логіка Езуса выяўляецца ў пакоры і бескарыслівасці, дае сябе спазнаць маўклівым, але эфектыўным, сілай праўды. Валадарства Хрыста – валадарства справядлівасці, любові і спакою” (Папа Францішак).
Калі Езус з’явіўся як Валадар? На Крыжы! Толькі гледзячы на крыж, можам зразумець праўду, пра якую Езус кажа Пілату: “Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой” (Ян 18,37). Праўда, якую адкрывае Езус, – гэта ісціна пра любоў Бога да свету. Езус казаў пра гэта Нікадэму: “так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16).
Любоў Божая выбірае Уцелаўленне, любоў Божая выбірае Крыж. Гэта – не логіка гэтага свету. Крыж не з гэтага свету. І ўсё ж у Крыжы бачная любоў, тая любоў, якая бескарыслівая, якую дае нам Езус. Езус Хрыстус, Пераможца, Цар сусвету і Валадар.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ