Хлеб штодзённы

1 снежняAdwent-1

1-я нядзеля Адвэнту, год С

 

Як  будзеш чакаць Пана?

 

1 чытанне — Ер 33, 14-16. 

2 чытанне — 1 Тэс 3, 12 – 4, 2. 

Евангелле — Лк 21, 25-28. 34-36.

 

 “Набліжаецца адкупленне вашае”    (Лк 21, 28).

Урывак з Евангелля, над якім разважаем у І нядзелю Адвэнту, знаходзіцца ў кантэксце эсхаталагічнай прамовы, называнай вялікім апакаліпсісам (Лк 21,5-36). Тэма хвалебнага прыйсця Сына Чалавечага судзіць жывых і памерлых складае цэнтральную лінію эсхаталагічнай прамовы.

Словы Хрыста заклікаюць слухачоў быць уважлівымі і чуваць, а таксама мець надзею і давер. Хрыстус прагне, каб Яго словы знайшлі адлюстраванне ў жыцці і ва ўчынках слухачоў, каб маглі дзень Пана не толькі спакойна і без страху чакаць, а нават прагнуць.

Калі любім Хрыста, маем прагнуць Яго прыйсця. “Як жа можам асцерагацца прыйсця таго, каго любім?”, – разважае Св. Аўгустын. Прасіць “прыйдзі Валадарства Тваё” і баяцца, што будзем пачутыя? Тады чаму ж не радуемся? “Адкуль у чалавека гэты страх перад прыходам суддзі? Ці ж Ён не справядлівы? Неспрыяльны або прадузяты да нас? Абапіраецца на чужое меркаванне і сведчанне? Нічога з гэтага, – сцвярджае Св. Аўгустын. – Судзіць прыйдзе Той, які дзеля нас згадзіўся сам стаць асуджаным. Калі мае судзіць нейкі чалавек, быць можа, хвалююцца нават нявінныя, бо такі суддзя не ведае сумлення чалавека, але калі Пан прыйдзе на суд, не можа памыліцца”.

Веруючыя чакаюць другога прыйсця Хрыста, а кожны, хто баіцца будучага Суддзі, няхай цяпер даследуе сваё сэрца, няхай навернецца і паступае справядліва. У цяперашні час наш абаронца Той, хто аднойчы прыйдзе судзіць. Тады не будзе ўжо магчымасці выправіцца, але цяпер дарога да навяртання ўсцяж адкрыта.

Глядзі на сябе, прыглядайся, якім з’яўляешся. Будучы хрысціянінам, молішся, каб Пан прыйшоў, а баішся, каб не прыйшоў? Навярніся і адразу перастанеш супярэчыць сваім малітвам. Ад цябе самога залежыць, як будзеш чакаць дзень прыйсця Пана: з бояззю ці з радасцю!


  8 снежняAdvent-2

2-я нядзеля Адвэнту, год С

 

Голас  кліча

 

1 чытанне — Бар 5, 1-9. 

2 чытанне — Флп 1, 4-6. 8-11. 

Евангелле — Лк 3, 1-6.

 

  “Ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне”   (Лк 3,6).

Падкрэсліваючы велічнасць Яна Хрысціцеля, Святы Аўгустын кажа пра яго, што заслужыў, каб быць прадказаным праз прарока. Гэта яго прарок Ісая называе голасам, які кліча падрыхтаваць дарогу для Пана. Гэты голас усклікае, што іншымі маюць быць даліны ўпадку, зраўняныя горы і пагоркі пыхі і ганарыстасці, выпрастаныя і загладжаныя крывыя і няроўныя сцежкі граху.

Грахі як бы загароджваюць дарогу, якой Хрыстус прагне прыйсці да чалавека. Чалавек сам можа здзейсніць грэх, аднак выправіць зла сам не зможа. Пачатак справядлівасці – гэта прызнанне і асуджэнне ўласных грахоў. “Дакары сябе як злога, а Бог учыніць цябе добрым”,– кажа Св. Аўгустын. Справядлівасць становіцца дарогай для Пана. Вы-знанне грахоў рыхтуе Хрысту дарогу да сэрца. А Ён, прыходзячы, накіруе чалавека на свае сляды.

Навяртаючыся, пазнаеш, што дагэтуль не быў справядлівы і што толькі дзякуючы ласцы Божай навярнуўся. Таму чалавек, які перажыў навяртанне, не можа спадзявацца на ўласныя сілы, паддаючыся пыхе. Інакш такі чалавек можа сказаць: пакінь мяне; дастаткова, што паказаў мне дарогу, далей пайду сам. Такая падманлівая ўпэўненасць стане для яго пагібельнай, таму што праз слабасць ён зноў заблукае. Для яго будзе лепей, каб яго павёў Той, які яго і вывеў раней на гэтую дарогу.

Хрыстус пралажыў нам дарогу, па якой можам вярнуцца да Яго. Гэтая дарога носіць імя Езус, Які з’яўляецца Божым збаўленнем для ўсіх людзей.


 15 снежняAdvent-3

3-я нядзеля Адвэнту, год С

 

Добрыя  ўчынкі вынікаюць з любові

 

1 чытанне — Саф 3, 14-18а. 

2 чытанне — Флп 4, 4-7. 

Евангелле — Лк 3, 10-18.

 

 Пан блізка”   (Флп 4, 4–7).

Навяртанне, да якога нас заклікае Ян Хрысціцель, на практыцы выражаецца ў канкрэтных, простых жэстах салідарнасці, сумленнасці, справядлівасці. Адвярнуцца ад зла, каб чыніць дабро, –  гэта першы крок на дарозе навяртання.

“Ідзе мацнейшы за мяне (…). Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём”. Гэтыя словы Яна Хрысціцеля прадвяшчаюць новы, дасканалы закон, які абвесціць Езус, – закон любові. Добрыя паступкі з’яўляюцца плёнам слухання Божага Слова, а сапраўдным матывам добрых учынкаў з’яўляецца любоў. Хто з пыхлівасцю хваліцца сваімі добрымі ўчынкамі, сэрцам далёкі ад Бога. Добрыя ўчынкі  павінны быць выкананы на хвалу Божую, а не для чалавечай пахвалы ці эгаістычнай карысці.

Дабро, якое чынім на гэтым свеце, дасягаецца з пэўнымі цяжкасцямі, суцяшае, аднак, надзея будучага адпачынку, каб не стаміліся ў дарозе. Зрэшты добры ўчынак не абавязкова патрабуе гераічных высілкаў. Мы пакліканы да здзяйснення добрых учынкаў, якія вынікаюць з любові.


 22 снежняAdvent-4

4-я нядзеля Адвэнту, год С

 

Праўда. Спакой. Справядлівасць.

 

1 чытанне — Міх 5, 1-4а. 

2 чытанне — Гбр 10, 5-10. 

Евангелле — Лк 1, 39-45.

 

 “Вось іду, каб выканаць волю Тваю”   (Гбр 10, 9).

Альжбета насіла ва ўлонні таго, хто меў абвясціць прыйсце на свет Хрыста. Калі Марыя прыбыла і прывітала сваю сваячку, дзіцятка ва ўлонні Альжбеты ўзварухнулася ад радасці і такім чынам прадказала Хрыста. Гэта было першае сведчанне, якое Ян яшчэ пад сэрцам маці даў аб Хрысце, якога потым паказаў людзям, кажучы: “Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету”.

Альжбета, напоўненая Духам Святым, благаслаўляе Марыю як Маці Пана і як тую, якая паверыла Божаму слову. Асаблівым чынам можам аднесці да Марыі сцвярджэнне Св. Аўгустына, што “праз веру становімся святыняй Бога, які жыве ў нас”. Гаворка ідзе пра такую веру, якая вядзе да ўмілавання. Бо справай веры з’яўляецца любоў.

Праз веру накіроўваемся да праўды. Праўда несмяротная, нязменная – гэта Слова, пра якое напісана, што было на пачатку ў Бога і Богам было Слова. Яно сталася целам і пасялілася між намі. Верыш у Хрыста, народжанага ў целе, а набліжаешся да Хрыста, які з’яўляецца Богам ад Бога, народжаным, а не створаным, Адзінасутным Айцу. Ён – наша праўда, спакой і справядлівасць. І тое, што захапляе нас, гледзячы на веру Марыі і Яе давер Божаму слову, павінны наследаваць у сваім жыцці!


 29 снежняgr-cnleb-12-2024

Свята Святой Сям’і:

Езуса, Марыі і Юзафа, год С

 

Мудрасць  Божая

 

1 чытанне — Сір 3, 2-6. 12-14. 

2 чытанне — Клс 3, 12-21. 

Евангелле — Лк 2, 41-52.

 

 Езус жа ўзрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей”   (Лк 2, 52).

Да дванаццацігадовага Езуса, які размаўляе з настаўнікамі ў святыні, Св. Аўгустын адносіць як прароцтва словы псальміста: “Я стаў мудрэйшы за ўсіх, што вучылі мяне” (пар. Пс 119,99). Усе, хто слухаў Яго, дзівіліся розуму і адказам Яго. Сваёю мудрасцю Ён пераўзыходзіў усіх настаўнікаў у Ізраэлі. Ён – Мудрасць Божая, якая прыйшла да нас, прыняўшы чалавечае цела.

На чым заснаваная сапраўдная мудрасць, якая не з’яўляецца мудрасцю гэтага свету, але мудрасцю, якая зыходзіць звыш? Спасылаючыся на літургічны заклік “у гору сэрцы”, варта памятаць, каб скіроўваць сваё сэрца да Бога. Сэрца, скіраванае да сябе, – гэта сэрца пыхлівае і ганарыстае. У той час як сэрца, скіраванае да Пана, – паслухмянае і пакорнае. Святое Пісанне навучае нас, што той, хто прагне сапраўднай мудрасці, павінен захоўваць запаведзі, а Пан яму ўдзеліць яе. Божае слова перасцерагае, каб ніхто не спрабаваў асягнуць глыбіні мудрасці, пакуль не асягне пакорнай паслухмянасці. Мудрасць можна асягнуць толькі праз уласцівы парадак. Праз паслухмянасць запаведзям чалавек даходзіць да разумення таго, што нябачнае. Пачатак мудрасці – гэта боязь Божая, а канец – хвала.

Езус заўсёды дзейнічаў згодна з воляй Айца. Сказаў сваім бацькам: “Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?”. Ён Настаўнік пакоры і паслухмянасці. Пацвердзіў гэта словамі: “не прыйшоў чыніць сваёй волі, але волю Таго, які паслаў Мяне”.

Пыха вядзе да выканання сваёй волі, пакора любіць і выконвае Божую волю.

 

 кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий