Свята Ахвяравання Пана, год С
У рукі Бога
1 чытанне — Мал 3, 1-4.
2 чытанне — Гбр 2, 14-18.
Евангелле — Лк 2, 22-40.
“Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, … а ласка Божая спачывала на Ім” (Лк 2, 40).
Кожны ізраільцянін з самага пачатку свайго жыцця ведаў, што свабода, жыццё і краіна, у якой ён жыве, – гэта дар, які Бог уклаў у яго рукі. Марыя з Юзафам прыходзяць у храм, каб на саракавы дзень пасля нараджэння першынца здзейсніць два абрады: ачышчэнне Марыі і ахвяраванне Езуса. Памятная сцэна апошняй, дзясятай егіпецкай чумы і выхад ізраільцян з Егіпту былі біблейскімі падставамі гэтых абрадаў. Гэта Бог выратаваў іх сыноў, і яны –Яго ўласнасць. Таму кожны першынец сына клаўся ў рукі святара ў храме, а потым выкупляўся за сімвалічную суму грошай. Просты абрад, які паказвае праўду: гэтае дзіця – дар Божы і належыць Яму.
З нашай верай крыху падобна, як з любоўю: чым больш сталая любоў да кагосьці, тым больш магу зрабіць для яго і атрымаць ад яго. У веры таксама: чым больш сталая вера, тым больш магу ахвяраваць Богу і прыняць ад Яго. Вера неразвітая, слабая, пазбаўленая асабістага кантакту з Богам– будзе заўсёды з прэтэнзіяй, бо арыентаваная на атрыманне, а не на ахвяраванне.
Калі я кагосьці люблю, то буду імкнуцца зрабіць нешта для яго як мага лепш, зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб любімая асоба дасведчыла маю любоў, калі гэтая асоба дазволіць мне гэта зрабіць.
Бог любіць мяне бязмежнай любоўю. Фіналам гэтай любові і найвышэйшым яе доказам з’яўляецца крыж Езуса Хрыста. Ён хоча даць нам свае дары. Яму трэба толькі адно – наша згода і адкрытасць. Але гэтыя адносіны павінны быць узаемнымі, нам таксама неабходна ахвяраваць сябе Богу. Ахвяраванне сябе Богу – гэта нішто іншае, як згода на тое, каб Яго ласка дзейнічала ў нашым жыцці, гэта адкрыццё на Яго волю і прыняцце з пакораю ўсяго, што Ён нам дае.
Святы Альфонс Марыя Лігуоры казаў, што кожны мае стаць святым (адданым Богу) на сваім жыццёвым шляху: прадавец як прадавец, святар як святар, манашка як манашка, кіраўнік кампаніі як лідар.
Заахвочваю не баяцца ахвяраваць сваё жыццё ў лепшыя рукі, рукі любячага нас Бога – тыя самыя рукі, якія сфармавалі кожнага з нас. Няхай Марыя, Пані Даверу, якая не баялася ахвяраваць сябе і свайго Сына Богу, падтрымлівае нас і вядзе кожны дзень.
5-я нядзеля звычайная, год С
Як я слухаю?
1 чытанне — Іс 6, 1-2а. 3-8.
2 чытанне — 1 Кар 15, 1-11.
Евангелле — Лк 5, 1-11.
“Адплыві на глыбіню…” (Лк 5, 4).
На гэты раз Езус навучае не ў сінагозе або ў асабліва зручнай для пропаведзі зале, а на Галілейскім возеры, якое з’яўляецца таксама добрым месцам для дзялення Словам Божым. Колькасць прагнучых паслухаць была настолькі вялікай, што Езус увайшоў у човен Сымона Пятра, які пасля начной бясплоднай працы прамываў сеткі на берагу возера.
Пасля завяршэння навучання Езус заклікае Пятра яшчэ раз ад-плыць, каб закінуць сеткі ў возера. Знаўцы лоўлі рыб падкрэсліваюць, што закідванне сетак у час, прапанаваны Езусам, супярэчыць усякай логіцы. Сымон Пётр, прафесійны рыбак, добра ведаў, што ранішняя або дзённая рыбалка не мае сэнсу. З першымі прамянямі сонца возера награваецца і рыба спускаецца ў глыбіню, дзе сеткі не могуць дабрацца да яе. Сымон нават спрабуе вытлумачыць Езусу, што гэтая ідэя бессэнсоўная. Ён кажа: “Настаўнік, усю ноч мы працавалі і нічога не злавілі” (Лк 5,5). Аднак тут жа дадае: “Але на Тваё слова я закіну сеткі” (Лк 5,5). Сымон Пётр таксама слухаў Езуса, калі той навучаў з лодкі. Слова Езуса павінна было быць для яго важным, паколькі ён рызыкаваў дадатковымі намаганнямі, яшчэ адной спробай і магчымасцю быць высмеяным у вачах астатніх рыбакоў.
Слова Езуса пераканала Пятра. Ён выплывае на глыбіню, і здзяйсняецца цудоўны ўлоў рыбы – такі шматлікі, што сеткі пачалі рвацца. Пётр, каб не змарнаваць дар, кліча на дапамогу іншых. Затым ён робіць вельмі асабістае прызнанне: пры-знае сваю грахоўнасць і просіць Езуса адыйсці, таму што лічыць сябе не вартым знаходзіцца ў Яго прысутнасці. Аднак у Езуса ёсць свае планы ў дачыненні да Пятра – з гэтага часу ён хоча, каб Пётр стаў “лаўцом людзей”.
Гэтая евангельская сітуацыя ставіць перад намі вельмі асабістае пытанне: ці слухаю Езуса такім чынам, што нават, калі нешта здаецца мне насуперак майму досведу, я веру, што Ён ведае лепш за мяне? Ці маю веру і давер, што, пачуўшы Яго слова, змагу дасведчыць цуд ці, прынамсі, вялікую сілу Бога ў сваім жыцці?
6-я нядзеля звычайная, год С
Мэта жыцця
1 чытанне — Ер 17, 5-8.
2 чытанне — 1 Кар 15, 12. 16-20.
Евангелле — Лк 6, 17. 20-26.
“Благаслаўлёны, хто спадзяецца на Пана” (Ер 17, 6).
Асноўная думка чытанняў сённяшняй нядзелі датычыцца адказнасці нашай свабоднай волі за канчатковы выбар, які вызначае вечнасць.
Езус, прапаведваючы Божае Валадарства, звяртаецца да людзей, якія ў сваім сэрцы прагнуць супакою і радасці, шчасця і свабоды. Гэты пошук шчасця ўпісаны ў сэрцы чалавека. Ва ўсім, што мы робім, імкнемся да спаўнення, да поспеху нашага жыцця. Часам забываем, што былі створаныя па вобразу і падабенству Божаму. Таму неабходна знайсці сваё спаўненне ў Богу па волі Створцы. І тады нашае жыццё будзе набіраць свой сэнс і спаўненне.
Святы Ян Павел ІІ казаў: “Свабода і свабодная воля існуюць для таго, каб выбіраць дабро і рабіць дабро. Праз маральную каштоўнасць сваіх учынкаў чалавек можа набліжацца да мэты свайго жыцця або аддаляцца ад яе”.
Бог – мэта жыцця. Бог выбірае нас і запрашае нас да такога жыцця, якое прывядзе нас да Збаўлення. Аднак выбар нас Богам патрабуе чалавечага адказу. Пыха вядзе да выканання ўласнай волі, а пакора любіць і выконвае волю Бога!
Варта сёння паразважаць, колькі разоў на працягу дня “адварочваю” сваё сэрца ад Бога? Колькі жыццёвых рашэнняў прымаю без распазнавання, без малітвы, без звяртання да Божага Слова? Злы дух заўсёды скажа: не патрабуеш змены жыцця, не патрабуеш ніякага навяртання, іншыя горшыя за цябе, гэта тваё жыццё, а Пан Бог няхай сабе будзе ў небе, у касцёле. Тое, што не бачым патрэбы пастаяннага навяртання, не азначае, што не патрабуем яго.
Святы Амброзій навучае: “Жыць – значыць быць з Хрыстом; там, дзе ёсць Хрыстус, там знаходзіцца жыццё і валадарства. Бо Ён валадар чалавечых сэрцаў”.
7-я нядзеля звычайная, год С
Як мне палюбіць вас?
1 чытанне — 1 Вал 26, 2. 7–9. 12-13. 22-23.
2 чытанне — 1 Кар 15, 45-49.
Евангелле — Лк 6, 27-38.
“Рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен…” (Лк 6, 35).
Езус сказаў сваім вучням: “Кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць” (Лк 6,27-28).
Нам вельмі лёгка любіць людзей, якія ў добрых адносінах з намі. Тых, з кім мы добра ладзім, людзей, у кампаніі якіх адчуваем сябе ў бяспецы. Нам значна цяжэй любіць тых, хто не вельмі добры да нас, з кім сварымся, якія, кажучы мовай сённяшняга Евангелля, з’яўляюцца нашымі ворагамі.
Як любіць кагосьці, як паважаць кагосьці, як жыць з кімсьці, калі той прычыніў мне крыўду? Гэта праўда, але кожнаму з нас неабходна ўсвядоміць, што сапраўдная любоў да ворагаў у спалучэнні з прабачэннем сапраўды прыносіць мне карысць. Гэта прыносіць мне сапраўднае шчасце. Гэта прыносіць мне сапраўдную свабоду. І гэтак жа, як Пан Бог неаднаразова прабачае нам у нашым жыцці, не гледзячы на нашыя адыходы, часам абыякавасць да Яго, гэтак жа і нам неабходна – дзеля любові Пана Бога – прабачаць і любіць нашых ворагаў.
Святы Аўгустын навучаў так: “Шчаслівы чалавек, які любіць Цябе, Божа, і сябра ў Табе, а ворага – дзеля Цябе. Толькі такі чалавек не губляе нічога дарагога яму, таму што ўсё, што дарагое яму, – у Тым, Каго страціць не можна”.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ