Хлеб штодзённы

2 cакавікаgr-str-30

8-я нядзеля звычайная, год С

 

Якія  будуць  плады?

 

1 чытанне — Сір 27, 4-7.

2 чытанне — 1 Кар 15, 54-58 

Евангелле — Лк 6, 39-45.

 

 “Калі прасейваць праз сіта, застаюцца высеўкі”  (Сір 27, 4).

“Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе” (пар.Лк 6, 43-44). З кантэкста вынікае, што Евангелле гаворыць пра людзей. Дрэвам з’яўляецца чалавек, пладамі – яго ўчынкі. Варта звярнуць увагу, у тэксце не сказана, што добрае дрэва не можа стаць дрэнным, ці дрэннае – добрым, але гаворка аб тым, што добрае дрэва не можа прыносіць дрэнных пладоў, а дрэннае дрэва – добрых пладоў. Пакуль чалавек застаецца дрэнным, не можа чыніць добрых учынкаў. Калі хоча рабіць дабро, спачатку патрэбна, каб адбылася ў ім перамена, каб стаў добрым.

Часам здараецца, што дрэнны чалавек зробіць нешта добрае. Тады як нам разумець сцвярджэнне, што дрэнны не можа чыніць добрае? Святы Аўгустын адказвае: нават, калі б часамі ён быў карысны, то не робіць гэтага сам, але робіцца гэта ў ім праз Божы Провід. За прыклад можна ўзгадаць фарысеяў: навучалі закон Божы – гэта было карысным для слухачоў, але ім самім нічога гэта не дапамагло.

Нават такія добрыя ўчынкі як малітва, пост або міластыня, могуць быць здзейснены без уласцівай інтэнцыі, з мэтай спадабацца іншым і заспакаення амбіцый. Больш таго, плады Духа, якія пералічвае апостал Павел, – любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, велікадушнасць, дабрыня, вернасць, лагоднасць, умеркаванасць (пар. Гал 5,22-23), – па якіх можна распазнаць добрае дрэва, таксама маюць пэўнае падабенства ў дрэнных людзях, якія, прыкрываючыся дабром, уводзяць іншых у зман… А паколькі ніхто з людзей не можа ўбачыць глыбіні сэрца іншага чалавека, таму сапраўдная вартасць слоў і чынаў раскрываецца канчаткова падчас выпрабавання і спакус. Пладом з’яўляецца вернае выкананне волі Нябеснага Айца.


  9 cакавікаgr-str-30-2

1-я нядзеля Вялікага посту, год С

 

Не  трапляйце ў пастку!

 

1 чытанне — Дрг 26, 4-10.

2 чытанне — Рым 10, 8-13. 

Евангелле — Лк 4, 1-13.

 

 Скaзaнa: не будзеш выпрабоўваць Пaнa Бoгa твайго   (Лк 4, 12).

Непрыяцель спакушае чалавека, расстаўляючы пасткі на дарозе жыцця. У гэтай пастцы змясціўся зман і страх. Гэта нібы дзве брамы, праз якія ўваходзіць спакуса. Зман прываблівае, абуджаючы пажадлівасць. “Скажы, каб камень стаў хлебам”. “Дам Табе ўладу і славу ўсіх валадарстваў свету, калі Ты паклонішся мне”. “Калі Ты Сын Божы – кінься адгэтуль уніз, бо напісана, што Анёлы на руках панясуць Цябе”. Гэтыя спакусы адносіліся да пажадлівасці. Калі той, якога спакушае злы, супраціўляецца пажадлівасці, непрыяцель спрабуе перамагчы яго праз застрашванне.

Святое Пісанне кажа пра патройную пажадлівасць: пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха. Спакуса заспакаення голаду праз перамену каменя ў хлеб лучыцца з пажадлівасцю рэчаў, якія служаць целу. Спакуса багаццяў і раскошы тычыцца пажадлівасці вачэй. Спакуса ганарыстасці, ушанаванняў, улады, пошуку незвычайнага і цудоўнага вопыту звязана з пыхай.

Езус дае нам прыклад барацьбы са спакусамі. Не ўваходзіць у размову са спакушальнікам, але на кожную спакусу адказвае Божым Словам. Калі будзем вернымі Яго Словам, не паддамося ніводнай спакусе, а момант спакусы стане момантам праяўлення любові да Бога. У кожнай сітуацыі, калі непрыяцель спакушае, патрэбна пакорная малітва аб Божай дапамозе.


  16 cакавіка

2-я нядзеля Вялікага посту, год С

 

Цешымся  надзеяй

 

1 чытанне — Быц 15, 5-12. 17-18.

2 чытанне — Флп 3, 17 – 4, 1. 

Евангелле — Лк 9, 28b-36.

 

 “Калі Ён маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся”   (Лк 9, 28).

У Евангеллі паводле Св. Лукі чытаем, што Езус узышоў на гару памаліцца. Перамяненне здзейснілася падчас Яго малітвы. У той час вучні былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Пана.

У апісанні перамянення Пана з’яўляюцца Майсей і Ілля, прадстаўляючы Закон і Прарокаў. У Святым Пісанні чытаем, што гэтыя два мужы захоўвалі саракадзённы пост, падобна як пасля гэта ўчыніў Езус. Саракадзённы перыяд Вялікага посту ў Касцёле сімвалізуе цяперашняе жыццё, час працы і змагання. З ім звязана асаблівая малітва перапрашэння і просьбы. Перыяд пяцідзесяці дзён пасля змёртвыхпаўстання ўказвае на благаслаўлёную вечнасць і вечнае шчасце. З’яўляецца вобразам будучага жыцця, да якога рыхтуемся праз малітву падзякі і праслаўлення. Малітва з’яўляецца прыгатаваннем сэрца да праслаўлення і кантэмпляцыі (сузірання) Бога ў вечнасці. Ужо цяпер цешымся надзеяй спаўнення абяцання Пана, Які абяцаў нам Самога Сябе, каб мы радаваліся перад Яго абліччам, сузіраючы Яго.


  23 cакавіка

3-я нядзеля Вялікага посту, год С

 

Бог  праяўляе цярплівасць

 

1 чытанне — Зых 3, 1-8а.13-15.

2 чытанне — 1 Кар 10, 1-6. 10-12. 

Евангелле — Лк 13, 1-9.

 

 “Пане, пакінь яе на гэты год”   (.Лк 13, 8).

Ці думаеце, што тыя людзі, якіх сустрэў пераслед, цярпенне, няшчасны выпадак або смерць, былі большымі грэшнікамі, чым іншыя? Езус супраціўляецца такому мысленню, у якім заўважае пыхлівае параўнанне з іншымі і памылковае спадзяванне на ўласную справядлівасць. Словы Хрыста не пакідаюць сумніву ў тым, што ўсе людзі патрабуюць навяртання, а адкіданне яго пагражае гібеллю.

Адкладанне навяртання на пазнейшы час вынікае з недахопу веры ў Бога. Калі сапраўды верым у будучы Суд, то гэта мае схіляць нас да адкідання грахоў і перамены жыцця.

Спасылаючыся на прыпавесць пра смакоўніцу, Св. Аўгустын кажа пра цяперашні час міласэрнасці і будучы час Суда. Яшчэ цяпер дрэва можна абкапаць, абкласці гноем, падвязаць паломаныя галінкі – можна з пакораю прызнаць сваю віну, шкадаваць за грахі, распачаць працу навяртання, каб сабраць плады пакуты. Потым будзе ўжо запозна, ссечанае дрэва будзе спалена ў агні.

Міласэрнасць і справядлівасць Бога з’яўляюцца адным цэлым і не супярэчаць адно аднаму. Міласэрнасць праяўляецца ў тым, што Бог аказвае цярплівасць да грэшнікаў і заклікае іх да навяртання. Таму не можам марнаваць часу міласэрнасці. Пасля яго прыйдзе час Суда і тады пакута ўжо не прынясе пладоў.


  30 cакавікаgr-str-31

4-я нядзеля Вялікага посту, год С

 

Вярнуцца  ў  абдымкі Бога

 

1 чытанне — Нав 5, 9а. 10-12.

2 чытанне — 2 Кар 5, 17-21. 

Евангелле — Лк 15, 1-3. 11-32.

 

  “Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам”   (2 Кар 5, 20).

Малодшы сын захацеў ад айца належную яму частку маёмасці. Хацеў быць незалежным, кіраваць ёю. Атрымаў, што хацеў, хоць пры жыцці айца не меў на гэта права. Ад’ехаў у далёкі край, растраціў усё, апынуўся ў нястачы, пасвіў свіней, цярпеў голад. Тады ўспомніў дастатак у доме айца. Убачыў, што страціў. Не сталася б так, калі б не нястача.

Чалавек, створаны на падабенства Божае, страціў вобраз Бога ў сабе, калі ж, зведзены пыхай, захацеў быць, як Ён. Трываючы пры Богу, захаваў бы Яго вобраз і падабенства, але хацеў выкарыстоўваць уласную сілу і вырашаць, што для яго дабро і зло. Св. Аўгустын вобразна апісвае кандыцыю чалавека пасля граху: адыходзячы ад цяпла – замёрз, адыходзячы ад праўды – змарнеў, адыходзячы ад крыніцы ўсялякага жыцця і існавання – знішчыўся. Калі хтосьці асягнуў зямны прыбытак коштам граху, няхай паглядзіць, што атрымаў, а што страціў. Можа, кішэню і мае поўную, але сэрца – пустое.

Прычынай адыходу ад Бога, грахом, з якога выходзяць усе іншыя, з’яўляецца пыха. Яна прывяла да таго, што чалавек, які быў блізка анёлаў, растраціў сваю маёмасць і стаў пастухом свіней. Кожны ўнутраны заклік і натхненне да перамены жыцця – гэта Божая ласка, якая дапамагае грэшнаму чалавеку падняцца і вярнуцца ў абдымкі любячага Бога Айца.

 

 

кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий