1 красавіка
ВЯЛІКДЗЕНЬ, год В
Езус уваскрос з памерлых
1 чытанне -Дз 10, 34а. 37-43.
Пс 118 (117), 1-2. 16-17. 22-23.
2 чытанне — Клс 3, 1-4.
Евангелле — Ян 20, 1-9.
“… елі і пілі разам з Ім пасля Ягонага ўваскрасення” (Дз 10, 41)
Сёння Вялікдзень! Паўсюль святочная атмасфера, нават вясна спрыяе радаснаму настрою і душэўнаму спакою. Касцёлы перапоўнены. У святынях з’яўляюцца і тыя, хто прыходзіць у касцёл толькі раз у год – на Пасху. Ва ўсёй гэтай знешняй атмасферы тоіцца небяспека: мы можам забыць, што Вя-лікдзень – гэта свята Езуса Хрыста, Які ўваскрос з памерлых.
Што такое ўваскрашэнне памерлага? Нам цяжка гэта ўявіць. Для нас гэта штосьці далёкае і чужое. Можа так быць, што мы верым ва ўваскрасенне Хрыстовае, аднак гэтае разуменне ў тумане і замест таго, каб пранікаць у нашае мысленне, сэрца і рашэнні, яно губляецца. Нам прасцей узгадаць пра Езуса, Які навучае і чыніць цуды, дапамагае бедным, галодным і хворым. Аднак як нам разважаць пра Яго ўваскрасенне з памерлых? Мы адчуваем пэўныя цяжкасці і сумненні.
Аднак сёння абвяшчаецца Добрая Вестка: Езус жыве, Езус уваскрос з памерлых! Гэта сапраўдная прычына, аснова для святкавання. Пра гэта нам кажа Божае слова, хоць мы і не можам умясціць гэты факт у сваім уяўленні. Сёння мы хочам паверыць слову Пана і пры-знаць, што Ён можа чыніць цуды, нават калі мы на іх не спадзяёмся. Святкаванне Вялікадня будзе са-праўды годным, калі мы будзем слухаць і ўспрымаць Божае слова як праўдзівае слова, якое абвяшчае ўваскрасенне Езуса дзеля таго, каб даць нам жыццё вечнае.
8 красавіка
II Велікодная нядзеля, год В
Вера і саўдзел
1 чытанне — Дз 4, 32-35.
Пс 118 (117), 2-4. 16-18. 22-24.
2 чытанне — 1 Ян 5, 1-6.
Евангелле — Ян 20, 19-31.
“Праз восем дзён прыйшоў Езус” (пар. Ян 20, 19-31)
Першае чытанне прапануе нам малюнак ідэальнай хрысціянскай супольнасці. І ў гэты ж час Евангелле кажа пра сумнівы і няўпэўненасць веры апостала Тамаша. У нас можа ўзнікнуць жаданне па-значыць першае чытанне як ідэа-лістычны малюнак Касцёла, а ўрывак з Евангелля – як больш рэалістычную карціну. У рэальным жыцці вера і сумненні, брацкі саўдзел і канфлікты ўзаемна пераплятаюцца. Хто ведае, на якой з гэтых карцін мы пазнаём сябе… Здаецца, у абедзвюх.
У якасці тэмы для разважання паставім перад сабою пытанне: якая вера характэрна для нас – тая пасхальная вера Тамаша, якая вы-прабоўвалася і, урэшце, перамагла, ці вера першых хрысціянаў, якія безумоўна раздзялялі ўсё з іншымі? Было непатрэбна, каб Божы Сын стаў чалавекам толькі для таго, каб мы навучыліся любіць бліжняга. Любіць бліжняга вучаць усе рэлігіі. Уваскрасенне Езуса з памерлых абвяшчае нам перамогу над смерцю. Гэтая вестка не паддаецца разуменню і, здаецца, непрымальная без хрысціянскай веры.
Мы, хрысціяне, у нашай веры не абмяжоўваемся толькі любоўю да бліжняга. Безумоўна, яна неабходна, аднак мы нясём свету Добрую Вестку – чалавек Езус з Назарэта перамог смерць і прынёс усім людзям магчымасць вечнага жыцця.
15 красавіка
III Велікодная нядзеля, год В
Вызваленыя ад граху
1 чытанне — Дз 3, 13-15. 17-19.
Пс 4, 2. 4. 7. 9.
2 чытанне — 1 Ян 2, 1-5а.
Евангелле — Лк 24, 35-48.
“Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах”? (Лк 24, 38)
Якое наша ўяўленне пра грэх? Сёння спавядальні часта пустуюць, многія хрысціяне не карыстаюцца сакрамэнтам пакаяння ці карыстаюцца ім даволі рэдка.
Сённяшняя літургія натхняе да таго, каб мы сур’ёзна задалі сабе пытанне: што такое грэх? Хтосьці можа прапанаваць юрыдычнае разуменне граху як парушэння закону. Іншыя могуць разглядаць грэх у межах прыгнятаючых і прыніжаючых грамадскіх структур ці несправядлівых сацыяльна-палітычных сітуацый, якія пазбаўляюць чалавека правоў, а тым самым і годнасці. Ёсць і тыя, хто атаясамлівае грэх з пачуццём віны, і ў выніку думаюць, што гаворка ідзе толькі пра псіхалагічны комплекс, які патрабуе ўмяшальніцтва ўрача-псіхааналітыка.
З уяўлення пра грэх вынікае разуменне свабоды: ад чаго мы павінны быць вызвалены? Хто можа нас вызваліць? Як можна здзейсніць гэтае вызваленне?
Маючы на ўвазе гэтыя пытанні, засяродзімся над зместам сённяшняй літургіі слова. Прыгадаем таксама разважанні, распачатыя ў Вялікдзень: Езус памёр і ўваскрос з памерлых, каб збавіць нас ад грахоў і даць нам магчымасць жыць так, як жыў Ён. Такім чынам, грэх – гэта адмаўленне жыць па вобразу, які даў нам Хрыстус, а значыць абранне такога стылю жыцця, як быццам Езус не прыйшоў да нас. Грэх – гэта задавальненне сваіх эгаістычных жаданняў.
Уваскрослы Езус дае нам магчымасць жыць па-новаму і ў адзін цудоўны дзень пераадолець мяжу смерці. Калі мы прымем прапанову Езуса, зменіцца ўсё наша жыццё. Мы, безумоўна, згадзіліся б і на меншую выгаду, бо мы ўбогія і абмежаваныя, але Бог прапануе нам магчымасць жыць поўным жыццём, сапраўды чалавечым жыццём, і нават больш чым чалавечым жыццём. Калі мы верым ва ўваскрасенне Езуса з памерлых, значыць, мы верым, што ва Ўваскрослым нам адкрыўся новы шлях – шлях жыцця, якім жыў Сам Езус, шлях жыцця, поўны даверу Богу.
22 красавіка
IV Велікодная нядзеля, год В
Езус – Добры Пастыр
1 чытанне — Дз 4, 8-12.
Пс 118 (117), 1 і 8-9. 21-23. 26 і 28 cd і 29.
2 чытанне — 1 Ян 3, 1-2.
Евангелле — Ян 10, 11-18.
“Я жыццё сваё аддаю за авечак” (Ян 9,15).
Слова «пастыр» у значэнні «пастух» можа выклікаць у нас непрыемныя пачуцці і адчуванне сябе авечкамі. З «авечкай» асацыіруецца падпарадкаванасць, пасіўнасць, несамастойнасць. Акрамя таго, авечка – гэта ціхмяная жывёліна. Нам жа хочацца прымяняць цвёрдыя метады для таго, каб змяняць свет. Аднак, калі падумаць, то ў пэўных выпадках мы сапраўды з’яўляемся «авечкамі», бо дазваляем, каб намі кіравалі тысячы галасоў акаляючай нас культуры.
Аднак, кім з’яўляюцца нашы пастыры і правадыры? Часта гэта людзі, якія трымаюць нас у несвабодзе, кіруюць намі дзеля ўласнай выгады, як найміты, а не як са-праўдныя бескарысныя пастыры. Аднак ці жадаем мы быць сапраўды свабоднымі і незалежнымі? А можа, у нас пануе інстынкт стаднасці і падпарадкаванасці, непры-знанае намі самімі імкненне стаць нявольнікамі кагосьці?
Мы хочам быць хрысціянамі і нам здаецца, што мы – хрысціяне. Аднак ці сапраўды Езус Хрыстус з’яўляецца нашым настаўнікам і пастырам?
Часта нашымі настаўнікамі з’яўляюцца кнігі, тэлебачанне, непраўдзівае сведчанне калег і «грамадскае меркаванне». У сённяшнюю нядзелю Езус заклікае нас шчыра адказаць сабе на пытанне: хто нашыя настаўнікі і правадыры?
29 красавіка
V Велікодная нядзеля, год В
Напружанне і супакой
1 чытанне — Дз 9, 26-31.
Пс 22 (21), 26b-27. 28 і 30. 31-32.
2 чытанне — 1 Ян 3, 18-24.
Евангелле — Ян 15, 1-8.
“Без Мяне нічога не можаце зрабіць” (Ян 15, 5)
У першым чытанні евангеліст Лука робіць накід ідэальнага партрэта Касцёла: «А Касцёл па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі меў спакой, развіваўся і жыў у боязі перад Панам, і напаўняўся суцяшэннем Святога Духа». Аднак не ўсё было так ідэальна ў першых хрысціянаў. Нават святы Лука апавядае пра тое, што некаторыя эліністы імкнуліся забіць Пятра.
Таксама і ў наш час існуюць напружаныя адносіны і канфлікты – ці то ўнутры касцёльнай супольнасці, ці то ў грамадстве. Сабор у Ларэта паставіў перад сабою задачу – вырашыць гэтую праблему, каб падкрэсліць хрысціянскую ідэю прымірэння. Мы не павінны недаацэньваць па-дзелы ці напружаныя адносіны або лічыць іх нармальнымі. Мы павінны ўсведамляць перш за ўсё тое, што падзелы і канфлікты з’яўляюцца пладамі нашых грахоў.
Дасягнуўшы прымірэння з Езусам, мы будзем жыць у супакоі, напоўненыя Духам Святым. Хрыстус заклікае нас стаць супольнасцю «устаноўленых дзяцей», «веруючых у Хрыста», якія атрымалі «свабоду і са-праўдную братэрскую спадчыну». Тут гаворка ідзе пра «новы сход вернікаў».
Канфлікты, падзелы, нуда і самотнасць атручваюць нам што-дзённасць. Яны выкліканыя тым, што мы не прымаем цалкам, усім сваім сэрцам і ўсёй душою тое, што прапануе Езус. А Ён хоча ўчыніць з нас сапраўдную хрысціянскую супольнасць, у якой няма жорсткасці і грубасці, дзе пануе ўзаемная любоў. Езус кажа нам сёння: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць».
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC