Хлеб штодзённы

6 красавікаgr-str-30

5-я нядзеля Вялікага посту, год С

 

«Хто з вас без граху?»

 

1 чытанне — Іс 43, 16-21.

2 чытанне — Флп 3, 8-14.  

Евангелле — Ян 8, 1-11.

 

 “Ідзі і адгэтуль больш не грашы”  (Ян 8, 11).

Непрыяцелі, кіруючыся пагардай і зайздрасцю, выпрабоўваюць Езуса: калі скажа каменаваць жанчыну, якую схапілі на чужаложстве, страціць сярод людзей рысу лагоднасці і міласэрнасці; калі скажа, што яе трэба адпусціць, не захавае справядлівасці, якую вымагае Закон, і адразу змогуць абвінаваціць Яго ў невыкананні Закону Майсея.

Езус не адказваў, толькі, схіліўшыся, пальцам пісаў на зямлі. Дабіваючыся адказу, абвінаваўцы трапілі ў пастку, якую самі рыхтавалі. Пачулі: “Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень”. Святы Аўгустын, каментуючы адказ Езуса, сцвярджаў, што “Пан і справядлівасць захаваў, і ад лагоднасці не адступіў”. Сваім адказам Езус прымусіў іх, каб падумалі самі над сабой, каб паглядзелі ў сваё ўласнае сэрца. Кожны чалавек, стоячы ў праўдзе да свайго сумлення, мае прызнаць, што з’яўляецца грэшнікам. Таму абвінаваўцы або павінны адпусціць гэтую жанчыну, або разам з ёю прыняць пакаранне. Як могуць яе справядліва пакараць і выканаць Закон тыя, якія самі грэшнікі і парушыцелі Закона? Грэшнік, які прагне ўказаць на чужы грэх, спачатку павінен прызнаць і пакараць уласны грэх. Паставілі жанчыну перад Тым, Хто сам з’яўляецца даўцам закону, аднак іх абвінавачванне разбілася аб адказ Езуса, як аб скалу. “Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным. Застаўся толькі Езус і жанчына”.

Абвінаваўцы адышлі, нібы пацвярджаючы сваю правіну, але не просячы аб прабачэнні. Святы Аўгустын кажа аб закамянеласці іх сэрца: “Лекар паказаў ім іх раны, убачылі іх, але лекаў не папрасілі”. Жанчына засталася са сваім грахом перад Тым, які быў без граху, таму справядліва магла чакаць ад Яго пакарання, аднак Езус не асудзіў. Ці гэта азначае, што падтрымоўваў грэх? Але так сцвярджаць не дазваляюць наступныя словы Езуса: “Ідзі і адгэтуль больш не грашы”. Не сказаў: “Я цябе не асуджаю, ідзі і жыві далей, як хочаш”. Асудзіў грэх, не асудзіў чалавека. “Бог не выступае супраць свайго Закона, бо кіраўнік не парушае свайго закона, калі ўдзяляе прабачэнне тым, хто прызнаў свае правіны. Майсей з’яўляецца слугою Закона, Хрыстус – прапаведнік Закона. Майсей каменуе як суддзя, Хрыстус прабачае як Валадар”, – казаў Святы Аўгустын.


 13 красавіка

Нядзеля Пальмовая, год С

 

Ацаліла  вера

 

1 чытанне — Іс 50, 4-7.

2 чытанне — Флп 2, 6-11. 

Евангелле — Лк 23, 1-49.

 

 “Не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых”   (Лк 23, 28).

Сёння адзначаем Пальмовую нядзелю. У літургіі Слова чытаем апісанне Мукі Пана, паводле Евангелля Св. Лукі. Звернем увагу на злачынцу, які перажыў навяртанне, будучы прыбітым да дрэва крыжа побач з крыжом Езуса Хрыста.

Святы Аўгустын кажа пра яго, што прыбіты быў да крыжа з правага боку Езуса, але жыў у Яго Сэрцы. Там быў навучаны і паверыў. Паверыў тады, калі вучні разбегліся, калі знікала вера тых, якія мелі быць настаўнікамі веры. Запэўнівалі аб сваёй вернасці, а ў хвіліну выпрабавання не вытрывалі. Пакінулі паміраючага Настаўніка і лічылі Яго пераможаным, бачачы Яго смерць. Калі іншыя былі ўнутрана “разбітыя”, гэты злачынец “сэрцам паверыў, вуснамі вызнаў”. Святы Аўгустын казаў: “Вялікая вера! Не ведаю, што мог бы дадаць да гэтай веры. Сумняваліся тыя, якія бачылі, як Хрыстус уваскрашаў мёртвых. Паверыў у Яго той, які Яго бачыў разам з сабою прыбітым да крыжа”. “Добры злачынец” ад злачынства пайшоў на суд, з суда на крыж, з крыжа ў рай. Яго ацаліла вера, але і гэтая вера была дарам. “Хто ж яму яе даў, калі не Той, які побач вісеў, прыбіты на крыжы?” – гаворыць Святы Аўгустын.

Трох было ўкрыжаваных: адзін Збаўца, другі збаўлены, трэці асуджаны. Хрыстус пасярэдзіне, а два злачынцы па баках. Адзін блюзнерыў Яго, другі ў Яго паверыў. Бог выбірае тое, што слабое і пагарджанае светам, каб асароміць моцных. Для пыхлівых сваёй справядлівасцю фарысеяў Езус некалі сказаў, што пагарджаныя праз іх “мытнікі  і распусніцы перад імі ідуць у Валадарства Божае” (пар. Мц 21, 31-32). Сапраўды, апярэдзіў іх нават гэты злачынец, які пакаяўся.

Крыж Хрыста выступае ў якасці судзейскага трыбунала. У асобах злачынцаў з правага і левага боку Хрыстовага крыжа прадвешчаны тыя, хто прымае Езуса і тыя, якія Яго адкідаюць. Адныя будуць пастаўлены з правага боку, другія – з левага, а фундаментальным крытэрыем аддзялення будзе любоў. Пра першых сказана “да іх належыць Валадарства Нябеснае”. Да другіх можна аднесці словы: “Калі б раздаў бедным усю маёмасць сваю і аддаў цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці” (пар.1Кар 13,3).

Святы Аўгустын у вусны церпячага Хрыста, прароцка прадказанага псальмамі, укладае словы: “Прынёс багацце, адплацілі Мне бязплённасцю, прынёс жыццё, а яны смерць, Я пашану, яны знявагі, Я лекі, яны раны”. Гэтае прароцтва спаўняецца ў гадзіну Мукі Пана: здрада Юды, уцёкі вучняў, адрачэнне Пятра, насмешкі, несправядлівы суд, адкіданне, агаленне і здзекі аж да ганебнай смерці. Ужо тут заўважаем таксама “плады” Мукі Хрыста, якія Ён збірае нават з дрэва крыжа. Да іх належыць скрушаны злачынец, слёзы Пятра ў двары першасвятара, адважнае сведчанне і паслуга справядлівага Юзафа з Арыматэі, верная памяць жанчын.


 20 красавікаgr-str-31

Вялікдзень, год С

 

Не  шукайце  жывога сярод  памерлых

 

1 чытанне — Дз 10, 34. 37-43.

2 чытанне — Клс 3, 1-4. 

Евангелле — Ян 20, 1-9.

 

 “…Яны яшчэ не ведалі Пісання”   (Ян 20, 9).

Першай, якая ўбачыла пусты гроб Пана і пачула праўду пра Яго Змёртвыхпаўстанне, была Марыя Магдалена. Прыходзіць да гроба на світанні, калі навокал яшчэ пануе цемра, падобна, як у яе сэрцы, прасякнутым жалем. Не даходзіць да яе яшчэ праўда аб Змёртвыхпаўстанні. Бачыць адкінуты камень і думае, што нехта вынес цела Езуса з грабніцы. Боль затрымоўвае яе ў тым месцы, дзе няма ўжо нават цела ўмілаванага Настаўніка. Яе вернасць і любоў была ўзнагаро-джана, калі першая сустрэла Уваскрослага. Не распазнала Яго вачыма, спачатку думаючы, што гэта садоўнік, але распазнала Яго, калі прамовіў яе імя і калі звярнулася да Яго сэрцам. “Гэты Садоўнік у яе сэрцы нібы ў сваім агародзе пасеяў гарчычнае зерне і веры навучыў яе, а потым паслаў яе, каб абвясціла гэтую навіну вучням”, – казаў Св. Аўгустын.

Чалавеку лягчэй паверыць у тое, что чалавечае, зямное: што Езус нарадзіўся, быў замучаны, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны. Чаму некаторыя людзі сумняваюцца, калі чуюць: на трэці дзень уваскрос з памерлых? Чаму шукаюць жывога сярод мёртвых? У тое, што памёр, язычнікі таксама вераць. Нас, хрысціян, адрознівае вера ў Змёртвыхпаўстанне!

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос! Аллелюя!


 27 красавікаgr-str-31-2

Нядзеля Божай Міласэрнасці, год С

 

Пра  нас  напісана

1 чытанне — Дз 5, 12-16.

2 чытанне — Ап 1, 9-11а. 

Евангелле — Ян 20, 19-31.

 

 “Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў”    (Ян 20, 29).

Нявера і сумніў апосталаў былі як зачыненыя дзверы дома, дзе збіраліся вучні, аднак для Хрыста ў Яго ўваскрослым целе закрытыя дзверы не былі перашкодай, увайшоў, не адкрываючы іх. Езус уваскрос, пераможана смерць, не трэба ўжо больш асцерагацца яе. Апосталаў прыводзілі ў здзіўленне раны Езуса, але былі ўзмоцненыя, бачачы сляды па іх.

З дарам Духа Святога Езус удзяляе апосталам уладу адпушчэння грахоў. Ён з’яўляецца міласэрнасцю і праўдай. У сваёй міласэрнасці пажадаў памерці за нас, а ўваскросшы з мёртвых, пацвердзіў сваю праўдамоўнасць. Хрыстус сапраўды цярпеў і атрымаў раны, а цяпер паказвае на сваім целе сапраўдныя шнары, а не нейкі вобраз ці сімвалічны знак. Вучні могуць убачыць іх і дакрануцца. Пасля васьмі дзён Езус аб’яўляецца таксама Тамашу, каб пасаромець тых, хто сумняваецца, і ўзмоцніць веруючых.

Апосталы бачылі Пана, чулі Яго словы і нам іх абвясцілі. Не з’яўляемся меней шчаслівымі, што не бачылі, так, як яны бачылі, таму што застаемся ў лучнасці з імі, трымаючыся адной веры. Як Тамаш дакрануўся рукамі да Яго, так мы дакранаемся верай. Пра нас напісана: “Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў”.

“Ведаю, што хацелі б бачыць, я таксама б хацеў”, – прызнаецца Святы Аўгустын, – “але ці ж Хрыстус мае спецыяльна для нас цяпер сысці з неба, каб паказаць нам сляды пасля ранаў? Цяпер верым у Яго, хоць Яго не бачым, каб калісьці ўбачыць Таго, у якога паверылі”.

 

 

 кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий