Хлеб штодзённы

6 мая
VI Велікодная нядзеля, год В

 

Бог – гэта любоў

 

1 чытанне — Дз 10, 25-26. 34-35.44-48.
Пс 98 (97), 1. 2-3аb. 3 cd-4.
2 чытанне —  1 Ян 4, 7-10.   
Евангелле — Ян 15, 9-17.

 

“Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй” (Ян 15, 10)
 Чалавек – такая істота, якая шукае сэнс. Ён безагаворачна адкрыты на праўду, ён палымяна жадае любові і жыве надзеяй быць шчаслівым. Адпаведна, у чалавека ёсць тры «гарачыя жаданні»: праўда, любоў і шчасце. Аднак нішто і ніхто не можа быць паўнатой  праўды, паўнатой любові і паўнатой шчасця для чалавека.
Мы ўсё больш хочам пазнаваць, усё больш жадаем любіць і быць любімымі, імкнемся да большага шчасця. Аднак ні навука, ні тэхніка, ні багацце не змогуць заспакоіць наша прагнае жаданне «хацець усё больш і больш». Усе мы прызначаны для абсалютнай праўды, для абсалютнай любові і абсалютнага шчасця.
Мы лёгка становімся ахвярамі падманлівых ілюзій. Нам здаецца, што мы ўсім задаволены, што больш нічога нам не трэба, што нам не патрэбны больш высокія жаданні. Нас агортвае – а часта і знявольвае – культура, якая робіць нашае жыццё нязначным. Яна нібы запэўнівае нас: хто задаволіўся, той мае асалоду. Аднак шчас-лівыя тыя, якія носяць у сабе гарачае жаданне абсалюту, неспакой па абсалютнай праўдзе, абсалютнай любові і абсалютнаму шчасцю.
Мы не ставім за мэту хваліць неспакой, мы хочам сарваць маску фальшывага ўяўлення пра тое, што мы створаны для нязначнага і дробязнага жыцця. Мы створаны для абсалюту, а значыць для Бога. Гэта наша глыбокая чалавечая годнасць, наша адкрыццё для Абсалюту – абсалютнай Свабоды і абсалютнай Любові.


13 мая
VII Велікодная нядзеля, год В

 

gr-str-30

Першынство малітвы

 

1 чытанне — Дз 1, 15-17. 20а. 20с-26.
Пс 103 (102), 1-2. 11-12. 19-20ab.
2 чытанне —  1 Ян 4, 11-16.  
Евангелле — Ян 17, 11b-19.

 

“Благаслаўце Пана, Ягоныя анёлы, магутныя сілай, якія выконваеце Ягонае слова” (Пс 103 (102), 20) 
Адным з дэвізаў новага тысячагоддзя з’яўляецца першынство малітвы ў жыцці вучняў Хрыста. Хрысціяне жывуць «у свеце», які пазначаны абыякавасцю і сінкрэтызмам, і захаваць іх ад «згубы» ў гэтым свеце можа малітва.
Папа Рымскі заклікае хрыс-ціянскія супольнасці, каб былі «аўтэнтычнымі школамі малітвы, у якіх сустрэча з Хрыстом не выражаецца толькі ў просьбе аб дапамозе, але і ва ўдзячнасці, праслаўненні, адарацыі, разважанні, засяроджаным слуханні пачуццяў, аж да сапраўднага захаплення сэрца». Аўтэнтычная малітва – гэта заўсёды свайго роду «мастацтва». А значыць малітва з’яўляецца не толькі дарам, плёнам дзеяння Духа Святога, які фарміруе слова, думку і пачуцці. Працэсу навучання малітве спадарожнічаюць прыгажосць яе натхнення, радасць і праца. Бо хрысціянская малітва – гэта дар і заданне.
Такой малітве вучыў Езус, які сам нястомна маліўся (гл. Мк 1, 35; 6, 46; Мц 14, 23; Лк 5, 16; 6, 12; 22, 39–42). У «евангельскай школе малітвы» не навучаюць формулам ці тэхніцы малітвы. Езус не даваў сваім вучням тэарэтычных падказак на тэму малітвы, але непасрэдна ўводзіў іх у практыку, у рэчаіснасць унутранай размовы з Богам, у разважанне Айца. Канкрэтным прыкладам гэтага з’яўляецца 17 раздзел Евангелля паводле Яна. Звычайна яго называюць архісвятарскай малітвай або развітальнай малітвай. Гэты раздзел увенчвае цэлы шэраг навучанняў, скіраваных да вучняў. У архісвятарскай малітве выразна чуюцца водгукі малітвы «Ойча наш», якой Езус навучыў сваіх вучняў (гл. Мц 6, 8b–15; Лк 11,1–4).
Зместам развітальнай малітвы Езуса з’яўляецца трайная просьба: аб адзінстве, аб захаванні вучняў ад зла і аб асвячэнні іх у праўдзе. Уводзінамі да гэтай часткі малітвы з’яўляецца апастрофа: «Ойча святы». У біблійным разуменні святасць азначае аддзяленне ад свету. Бо Езус просіць Айца, каб аддзяліў вучняў ад свету і захаваў іх «у імені сваім».
Заахвочаныя Езусам і Касцёлам ерузалемскім будзем маліцца: «Ойча, захавай нас у адзінстве, радасці і праўдзе, каб свет паверыў».


20 мая
Нядзеля Спаслання Духа Святога, год В

 

gr-str-31

Вы прыміце Духа

 

1 чытанне — Дз 2, 1-11.
Пс 104 (103), 1ab і 24ас. 29bc-30.
2 чытанне —  1 Кар 12, 3b-7. 12-13.  
Евангелле — Ян 20, 19-23.

 

“Ты аднаўляеш аблічча зямлі” (Пс 104 (103), 30)
Урачыстасць Спаслання Духа Святога з’яўляецца святкаваннем нараджэння Касцёла, новым прадстаўленнем дару Духа, які парадзіў Касцёл. Сёння Касцёл «нараджаецца нанава» і разрастаецца дзякуючы дзеянню Духа. Некаторыя сцвярджаюць, што сённяшні Касцёл не мае таго ажыўлення, якое меў ранні Касцёл.
Літургія Пяцідзясятніцы вучыць нас, што і сёння, і заўсёды Дух з’яўляецца сапраўднай душой Касцёла. Дух кожны дзень нараджае Касцёл і ажыўляе яго. Хоць сёння і існуе супраціў адносна парыванняў Духа, аднак нельга сказаць, што Дух Хрыста ў сённяшнім Касцёле прысутнічае менш, чым у раннім Касцёле.
Урачыстасць Спаслання Духа Святога звяртае нашу ўвагу на сур’ёзнасць, з якой мы павінны глядзець на Касцёл, на яго таямнічае і шчырае аблічча, якое можна правільна сузіраць толькі вачыма веры і ў святле Божага слова.
Дух Святы з’яўляецца пасхальным дарам уваскрослага Хрыста. Увечары ў дзень пасхі Езус з’явіўся апосталам, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога». Езус дае Духа, які дае жыццё. Паводле Божага плану, чалавек не жыве ў паўнаце, пакуль Езус не ўдыхне ў душу чалавека свайго Духа. Толькі пасля гэтага чалавек жыве «вечным жыццём», якое пераадольвае нават фізічную смерць. Гэта азначае «нараджэнне ад Бога» (пар. Ян 1, 13). Дух, які дае чалавеку магчымасць жыць як Езус, атрымлівае перамогу над «целам», а значыць над слабасцю чалавека: «Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адно аднаго» (пар. Ян 13, 34).


27 мая
Нядзеля Найсвяцейшай Тройцы, год В

 

gr-31-2

У таямніцы Бога

 

1 чытанне — Дрг 4, 32-34.39-40.
Пс 33 (32), 4-5. 6 і 9. 18-19. 20 і 22.
2 чытанне —  Рым 8, 14-17.  
Евангелле — Мц 28, 16-20.

 

“Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога” (Мц 28, 19)  
Хто такі Бог? Чалавек стварае сабе сваё ўласнае ўяўленне пра Бога. Гэта сцвярджае культура, якая ставіць чалавека ў цэнтр усяго і лічыць яго пачаткам усяго. А гэта і з’яўляецца прымхай, з якой вынікаюць па-зіцыі сучаснай культуры: усё створана чалавекам, чалавек нават стварыў ідэю і ўяўленне пра Бога; не існуе нічога, што не зрабіў бы чалавек. Аднак бачыць у чалавеку першапачатак усяго – абсурдная ідэя. Такім чынам, чалавек замыкаецца сам у сабе і ў тым, што ён сам стварыў – у сваіх уяўленнях.
Сённяшняя ўрачыстасць нагадвае нам, што не чалавек стварыў Бога, а Бог стварыў чалавека. І мы пакліканыя да пазіцыі пошукаў і вялікага здзіўлення ў адносінах да акаляючай нас рэчаіснасці, да прызнання таго, што нам дадзена і што ўжо існуе без нас і для нас. Хто бачыць вакол сябе толькі рэчы, створаныя чалавекам, той не можа ісці наперад і адкрыць звышнатуральнае і бескарыснае вымярэнне рэчаіснасці, «таямніцу», якая прасяквае яе і з’яўляецца яе крыніцай.
Рэчаіснасць мае сімвалічнае вымярэнне, яна здольна праявіць асабістую таямніцу, якую Езус дазволіў нам пазнаць у прапаведванні, што Бог – гэта Айцец, Сын і Дух Святы. Толькі Езус мог навучыць нас пазнаваць інтымную рэчаіснасць Бога і сэнс свету: Ён явіў нам Бога, і сёння мы з радасцю праслаўляем гэтую цудоўную ісціну.

 

кс. Алег  ГРЫГАРОВІЧ,  SAC


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий