7 ліпеня
14-я звычайная нядзеля, год С
Я суцешу вас
1 чытанне — Іс 66, 10-14с.
Пс 66, 1-7а. 16. 20.
2 чыт. — Гал 6, 14-18.
Евангелле — Лк 10, 1-12. 17-20.
“Прыйдзіце і ўбачце справы Бога: грозныя справы Яго над сынамі чалавечымі” (Пс 66 (65), 5)
Місія Езуса, хоць яна выказана строгімі словамі, не павінна наганяць страх або наводзіць трывогу. Як натхняе нас прарок з першага чытання: «Радуйцеся разам з Ерузалемам і весяліцеся ў ім усе, хто любіць яго». Эсхаталагічнае жыццё Божага Народа ўжо пачалося. Валадарства Божае ўжо пачало прыносіць свае плёны, бачныя ў Касцёле. «Як кагосьці суцяшае маці, так Я буду суцяшаць вас, і атрымаеце суцяшэнне ў Ерузалеме». Бог з’яўляецца добрай маці, якая суцяшае нас у нашым чалавечым жыцці, Але такое суцяшэнне даецца нам «у Ерузалеме», значыць у Касцёле. Калі б мы дазволілі заўсёды гэтай Маці ўсіх, якой з’яўляецца Бог, нас суцяшаць, і менавіта ў тым месцы суцяшэння, якім з’яўляецца Касцёл! Але ж радуйцеся разам з Касцёлам усе вы, якія прымаеце ўдзел у яго бітвах і пакутах! Такім чынам вы будзеце смактаць яе грудзі і будзеце насычаны яе радасцю. Падобна да таго, як Ерузалем падчас вы-гнання зноў узняўся і быў зноў пабудаваны, Касцёл таксама ўвесь час мае магчымасць адраджэння, якую дае Бог. Касцёл ніколі не мёртвы.
14 ліпеня
15-я звычайная нядзеля, год С
Каб зразумець любоў
1 чытанне — Дрг 30, 10-14.
Пс 69, 17. 17. 30-31. 33-34.
2 чыт. — Клс 1, 15-20.
Евангелле — Лк 10, 25-37.
“Пачуй мяне, Пане, бо шчодрая міласць Твая, глянь на мяне паводле вялікай дабрыні сваёй (Пс 69, (68), 17)
Адной з частых спакусаў, з якімі мы сустракаемся, з’яўляецца імкненне аддзяляць «дзеянне» ад «разумення», любоў ад праўды, тэорыю ад практыкі. Такое аддзяленне шкоднае, галоўным чынам, у рэлігіі. У сапраўднасці ў пытаннях рэлігіі любоў апярэджвае разуменне і плённую практычную дзейнасць і робіць магчымым разуменне і свабоднае рашэнне далучыцца да праўды. Вернік знаходзіцца нібы ў стане закаханасці, а людзі не становяцца закаханымі па «разумных» матывах. Закаханасць нельга выводзіць проста з прычын, умоваў, пэўных прадпасылак, але яна – новая праява асабістай свабоды, з якой выцякае новае разуменне і новы шэраг рашэнняў. Любоўю мы пазнаём каштоўнасці, якіх раней не заўважалі або на якія дагэтуль не звярталі ўвагі. Для таго, каб зразумець любоў, чалавеку неабходна сачыць, думаць і ставіць сабе пытанні.
На аснове ўрыўка з Пятай кнігі Майсея –Другазаконня – і чытання Евангелля мы маглі б прыйсці да высновы, што хрысціянін стаіць перад абліччам закону, абавязкам любіць, перад словамі загадаў. Цяпер у другім чытанні мы можам пазбегнуць такой трактоўкі, бо яно нам кажа, што Езус Хрыстус – той, каго мы павінны пазнаваць, каб быць збаўленымі, палюбіць бліжняга і быць шчаслівымі.
За Хрыстом на самой справе «ва ўсім першынство», «у Ім жыве ўся паўната», «праз Яго прымірыў з сабою ўсё», «у Ім створана ўсё». Езус Хрыстус таму стано-віцца першым аб’ектам пазнання, з’яўляецца першай і абсалютнай каштоўнасцю, якую трэба свабодна выбраць і палюбіць.
Якім чынам можна засвоіць сапраўдную мудрасць, як мы можам яе зразумець і жыць на яе аснове сапраўдным, праўдзівым жыццём? На пачатку сапраў-днай мудрасці жыцця трэба ўспрыняць Езуса як цэнтр, як сэрца, як Першага і Апошняга ў лесвіцы каштоўнасцяў і праўды. Мудрасць – гэта не пазнанне, адарванае ад любові, але любоў да Хрыста, якая паслядоўна па-трабуе, каб мы Яго правільна пазнавалі, зразумелі і ацэньвалі. Калі не будзем зыходзіць з любові да Езуса, не даведаемся, што Ён – Праўда. Але мы пойдзем на рызыку, калі з Праўды, якой Ён з’яўляецца, створым штосьці пад сваю мерку.
21 ліпеня
16-я звычайная нядзеля, год С
Божыя наведванні
1 чытанне — Быц 18, 1-10а.
Пс 15, 2-5.
2 чыт. — Клс 1, 24-28.
Евангелле — Лк 10, 38-42.
“Пане, не абмінай свайго слугі” (Быц 18, 3)
Матыў Бога як госця, які прыходзіць наведаць чалавека, знаходзіцца ва ўсіх рэлігіях. Гэта пэўны прыём, якім выказваецца перакананне аб сапраўднай прысутнасці Бога ў жыцці лю-дзей з дапамогай чалавечых уяўленняў і фантазіі. Гаворка можа ісці пры гэтым пра страшнага Бога, амаль дэманічную сілу, якая карае і знішчае, – або пра дабрачыннага Бога, які дае абяцанні і ажыўляе. Каб апісаць сустрэчы Бога з ізраільскім народам, у Святым Пісанні ўжываюцца ўсе вядомыя катэгорыі выразаў. Прыняты таксама літаратурны прыём Божага «наведвання». Тое, што з’яўлялася неапісальным унутраным перажываннем, з прыйсцем Езуса Хрыста, сапраўднага чалавека і сапраўднага Бога, стала гістарычнай рэальнасцю. Езус Хрыстус становіцца са-праўдным боскім госцем лю-дзей, якія ў Яго вераць і прымаюць падобна таму, як Марыя і Марта. Сённяшнія біблейскія чытанні арыентаваны на тэму Божай прысутнасці, дакладней – на абяцаны Божы прыход і на Слова. Біблейскі Бог, які тут прысутнічае як госць чалавека, з’яўляецца абяцаннем жыцця, шчасця і ласкі.
28 ліпеня
17-я звычайная нядзеля, год С
Пане, навучы нас маліцца
1 чытанне — Быц 18, 20-32.
Пс 138, 1-3. 6-8.
2 чыт. — Клс 2, 12-14.
Евангелле — Лк 11, 1-13.
“Прасіце і будзе дадзена вам” (Лк 11, 9)
Калі перафразаваць вядомую прыказку, мы можам сказаць: «Скажы мне, як ты молішся, і я скажу, хто ты». Якасць жыцця на самой справе праяўляецца ў тым, як мы молімся або не молімся. Малітва – важная «справа» ў жыцці. Многім сёння здаецца, што спаўняецца выраз Робінсана: «Так, як Бог мёртвы, мёртвая і малітва». Малітва чыніць нам цяжкасці і выклікае супраціўленне, становіцца праблемай, а не чымсьці, што мы атрымліваем як мір.
У нас адны і тыя ж цяжкасці: маліцца – азначае, маўляў, трату або непрадуктыўна праведзены час, малітва, маўляў, не ўплывае на ход падзей, малітва – гэта адыход, выраз слабасці або вялізная ілюзія, што мы можам паўплываць на Бога, малітва не мае эфекту. Супярэчанні ў дачыненні да хрысціянскай ма-літвы растуць і патрабуюць абмежаваць яе на вольны час, на невялікую групу людзей, на суб’ектыўную спантаннасць, без пэўных абрадаў. Калі сказаць больш рашуча, сённяшні крызіс праблемы малітвы датычыць самога яе сэнсу. Сучасны секулярызм дзейнічае ў тым сэнсе, што прыціскае здольнасць чалавека да трансцэндэнцыі, здольнасць перакрочыць праз межы сваёй прыроды і адкрыць сябе перад абсалютнай Божай таямніцай. Гэтым ён звужае наш гарызонт да таго, што імгненнае, што «карысна» з практычнага пункту гледжання і што зараз жа прыносіць эфект.
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC
4 жніўня
18-я звычайная нядзеля, год С
Сапраўдны скарб для чалавека
1 чытанне — Экл 1, 2; 2, 21-23.
Пс 90, 3-4. 12-14. 17.
2 чыт. — Клс 3, 1-5, 9-11.
Евангелле — Лк 12, 13-21.
“Шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус” (Клс 3, 1)
Шмат людзей сёння жывуць у страху і няпэўнасці. Святы Ян Павел ІІ напісаў у энцыкліцы «Redemptor hominis»: «Чалавек жыве ўсё больш у страху, у стане непакою, свядомага і несвядомага страху, і гэта розным чынам пераносіцца на ўсю сучасную чалавечую сям’ю і ўплывае на розныя сферы» (15). Страх і маладушнасць у кнізе Эклезіяста добра выяўляюць атмасферу сённяшніх людзей, якія шукаюць сэнсу і мэты, для якой жывуць. Евангелле гэтай нядзелі арыентуецца ў тым жа кірунку: багаты чалавек у прыпавесці – гэта эгаістычны матэрыяліст, які думае толькі пра сябе і імкнецца вызваліцца ад страху тым, што збірае багацце. Урывак з паслання апостала Паўла таксама прадстаўляе нам «старога» чалавека, якім авалодала жаданне быць багатым, каб у яго было ўсё больш і больш багацця, а не жаданне «быць, мець значэнне». Калі Хрыстус не стане нашым скарбам, чалавек паддаецца ўладзе сваіх ілюзій, неспакою, страху і неўтаймаваным жаданням, якія цягнуць яго ва ўсе бакі і не даюць яму надзейнага кіраўніка, пастаяннай радасці і моцнага духоўнага жытла.
11 жніўня
19-я звычайная нядзеля, год С
Час рашэння
1 чытанне — Мдр 18, 6-9.
Пс 33, 1. 12. 18-20. 22.
2 чыт. — Гбр 11, 1-2. 8-19.
Евангелле — Лк 12, 32-48.
“Душа наша чакае Пана, Ён – наша дапамога і абарона” (Пс 33 (32), 20)
Асноўная тэма вучэння Езуса падсумавана ў Евангеллі паводле Марка (Мк 1, 15): «Наблізілася Валадарства Божае. Кайцеся і верце ў Евангелле».
Прысутнасць Езуса вызначае, так бы мовіць, ажыццяўленне збаўлення ў поўнай меры: гэта час, калі прыходзіць збаўленне, гэта час рашэння, г.зн. навяртання і спаўнення Божай волі. Калі мы глядзім у глыбіню нашай душы і вакол сябе, нам, здаецца, трэба сказаць, што гэта час нерашучасці, няўпэўненасці, сумнення і страху. Або трэба, наадварот, думаць, што гэта час усеўладных, час моцнай самаўпэўненасці.
Заклік Езуса накіраваны на тое, каб мы сталі сапраўднымі, аўтэнтычнымі, пакуль штодзённыя спакусы схіляюць нас на тое, каб мы былі пасрэднымі, жылі ў страху перад цяжкасцямі і пакутамі, перад адказнасцю і ростам сваёй асобы. Як для адзінак, так і для супольнасцяў існуе магчымасць прагрэсу, росту і развіцця – або адставання, упадку і раскладання. Сумненне ва ўсім, доўгая няўпэўненасць і нерашучасць, параліч у асноўных рашэннях – гэта недвухсэнсоўныя прыкметы ўпадку. Мы ўсведамляем сапраўднасць, у якой жывём, але ці ўмеем радыкальна, разумна і з адказнасцю рашацца?
18 жніўня
20-я звычайная нядзеля, год С
Агонь Евангелля
1 чытанне — Ер 38, 4-6. 8-10.
Пс 40, 2-4. 18.
2 чыт. — Гбр 12, 1-4.
Евангелле — Лк 12, 49-53.
“Будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні” (Гбр 12, 1-4)
Езус кажа: «Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся». «Агонь» з’яўляецца сімвалам паслання Езуса, Яго заявай пра Божае Валадарства. Усе павінны жадаць сагрэцца каля гэтага агню, каб ён увесь час гарэў і каб яны яго пашыралі. Пасланне Езуса – гэта «агонь»: існуюць людзі, якія здолеюць сагрэцца каля гэтага агню, але ёсць і такія, якія гэтага не хочуць. На самой справе агонь весткі пра Божае Валадарства вы-клікаў у Ізраэлі падзел і розніцы: «Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх. Бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці, свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свякрыві сваёй». З-за Евангелля ажыццявіцца падзел і ўзнікне канфлікт: далучыцца да Евангелля – значыць стаць членам сям’і Езуса, або, іншымі словамі, пакінуць уласную кроўную «сям’ю» як вышэйшую каштоўнасць. Ад гэтага часу ўжо можа быць крытэрыем для ацэнкі таго, што добра, праўдзіва і справядліва, не логіка сям’і, расавай групы, партыі і іншых, а патрабаванні, якія выцякаюць з прыналежнасці да сям’і Езуса. Сям’я Езуса не шукае ўласных эгаістычных інтарэсаў, яна адкрытая, гасцінная, яна ахвотна дапамагае і гатова дапамагаць іншым, стварае прастору для Бога і любові да бліжняга, які яе патрабуе, любіць праўду і мір. Яна не ідзе на кампрамісы з-за жадання жыць у спакоі, з-за страху перад пакутамі і смерцю, з-за жадання поспеху і прыбытку. Можа быць, некаторыя сем’і распадуцца, бо не ўсе гатовыя змяніцца ў сэнсе патрабаванняў Езуса.
Што з’яўляецца прычынай таго, што людзі не хочуць навярнуцца? Езус паказвае, што прычына за-ключаецца ў нашай неўраўнаважанасці і несур’ёзнасці, у няздольнасці, нежаданні зразумець і развіваць сэнс і праўду рэчаў. Езус папракае іх у слепаце, якая ў гэтым вінаватая, у неабгрунтаваным ухіленні, у несвядомай несур’ёзнасці, рассеянасці, якая адбірае ў нас здольнасць правільна і праўдзіва разважаць. У словах Езуса «гэты час» – час выбару і канчатковага рашэння для яго. А гэта і наш час, калі мы не хочам упасці ў пустату, няведанне і шкодную безадказнасць.
25 жніўня
21-я звычайная нядзеля, год С
Бог хоча збавіць усіх людзей
1 чытанне — Іс 66, 18-21.
Пс 117.
2 чыт. — Гбр 12, 5-7. 11-13.
Евангелле — Лк 13, 22-30.
“Прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і сядуць за стол у Валадарстве Божым” (Лк 13, 29)
Першае чытанне развівае нашы разважанні і паказвае нам, якое жаданне Бога: «І прыйду сабраць усе народы і мовы, і яны прыйдуць і ўбачаць славу Маю». Бог хоча збавіць усіх людзей. Усе народы прыйдуць у Ерузалем і ўбачаць славу, іншымі словамі – прысутнасць Бога. Знакам для ўсіх народаў паслужыць супольнасць Яго народа, якую Бог засноўвае на гары Сіён: «устанаўлю сярод іх знак». З супольнасці народа павінна ззяць святло, якім Бог хоча асвятліць усе народы. Але Божы народ, насуперак гэтаму вялікаму пакліканню, якое ён мае ў свеце, не існуе без цяжкасцяў і выпрабаванняў, падзенняў і грахоў. Гэта не дасканалы народ. Гэта народ, якому патрэбны папрокі, якому патрэбна паляпшэнне, патрэбны заклік. Таму св. Павел у Пасланні да Габрэяў падбадзёрвае нас наступным чынам: «Сыне мой, не пагарджай пакараннем Пана і не падай духам, калі Ён дакарае цябе. Бо каго Пан любіць, таго і карае, і б’е кожнага, каго прымае як сына». Хрысціянскую супольнасць утвараюць і людзі з «апаўшымі рукамі» і «аслаблымі каленямі». Гэта не клуб дасканалых людзей. Ён рэкамендуе: «Таму выпрастайце вашы апаўшыя рукі і аслаблыя калені. Рабіце простыя сцежкі нагамі вашымі, каб кульгавы не збочыў, але каб выздаравеў». Гэта не значыць, што Бог з’яўляецца прычынай пакутаў і цяжкасцяў жыцця. Гэтым толькі пацвярджаецца тое, што ў Евангеллі выражае вобраз вузкай брамы. Жыць, як жыў Езус, – значыць зразумець і прыняць карысць ад пакутаў і выпрабаванняў быццам з Божай «педагогікі». Толькі ілюзіі могуць прывесці нас да думкі, што мы можам пазбегнуць пакутаў і выпрабаванняў. Вера нас вядзе не да таго, каб мы іх абышлі, пазбегнулі, але, калі яны з’явяцца, яна дасць нам магчымасць перажыць іх. Перажыць так, як іх перажываў Езус – з душой дзіцяці і як дапамогу, таму што Бог зможа ўсё пера-тварыць у нашае дабро, каб мы пастаянна раслі і сталі сапраўднымі хрысціянамі.
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC