Хлеб штодзённы

3 верасня
XХII нядзеля звычайная, год А

 

gr-str-30

Жыць, як жыў Езус

 

1 чытанне — Ер 20, 7-9.
Пс 63 (162), 2. 3-4. 5-6. 8-9.
2 чытанне —  Рым 12, 1-2.
Евангелле — Мц 16, 21-27.

 

“І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйце праз абнаўленне розуму” (Рым 12, 2).
Мы жывём у свеце, у якім зло і насілле набываюць самыя жудасныя формы. Насілле свету нас абпальвае, і нам здаецца, быццам гэтага насілля становіцца ўсё больш і больш. Часам мы, відаць, думаем, быццам мінулае адзначалася  насіллем менш, чым сёння. Але Святое Пісанне нам кажа нешта іншае.
Падобна як Ерамія, таксама і Езус сустракаецца з жорсткасцю свету. У пэўны момант свайго публічнага выступлення Езус ясна зразумеў, што гэтае зло абернецца супраць Яго. «Езус пачаў адкрываць вучням сваім, што Яму трэба ісці ў Ерузалем і многа пакутаваць». Ён шчыра вы-крывае разбэшчанасць і зло, якое прысутнічае ў сэрцы Яго народа. Але Пётр не разумее гэтага. Ён – чалавек практычны, таму ён хацеў бы знайсці якое-небудзь “тэхнічнае” рашэнне, каб пазбегнуць зла. Але Езус яго ў гэтым рашуча папракае.
Езус адмаўляецца «пагадзіцца з гэтым часам», Ён адмаўляецца ад магчымасці вырашаць спрэчкі, прымяняючы насілле. Бо «валадарства Езуса не ад гэтага свету», таму ім не кіруюць інстытуты і правілы гэтага свету, на падставе якіх кожны выкарыстоўвае свае правы, і калі гэта непазбежна – нават шляхам насілля, бо насілле з’яўляецца нармальным спосабам, якім свет намагаецца абараніць «права». Правасуддзе, якое з’яўляецца захавальнікам і абаронцам права, мае ў сваім распараджэнні ўладу для прымушэння захоўваць права, інакш  яно прыменіць санкцыі за іх парушэнне. Але Езус прыходзіць з зусім іншай канкрэтнай практыкай: лепш сцярпець пэўную подласць, чым адстойваць права, карыстаючыся насіллем. Езус не патрабуе толькі таго, каб мы змянілі спосаб мыслення, што датычыцца насілля, але Ён патрабуе, каб мы канкрэтна ў грамадстве і «на ву-ліцы» не ўжывалі насілля.


10 верасня
XXIII нядзеля звычайная, год А

 

Калі зграшыць супраць цябе брат твой…

 

1 чытанне — Эзх 33, 7-9.
Пс 95 (94), 1-2. 6-7а. 7b-9.
2 чытанне — Рым  13, 8-10.
Евангелле — Мц 18, 15-20.

 

“Прабач бліжняму твайму крыўду, і тады грахі твае па малітве тваёй будуць адпушчаныя ” (Сір 28, 2 ).
Хрысціянская супольнасць не цалкам дасканалая, бо ў ёй могуць быць памылкі, грахі, падзелы, супярэчнасці. Урывак з Евангелля прыводзіць паказальны выпадак і прыклад ці мадэль таго, якім чынам павінны вырашацца праблемы ў хрысціянскім грамадстве.
Возьмем за прыклад хрысціяніна, які пакрыўдзіў іншага члена супольнасці. Што рабіць, калі крыўда ў адносінах да іншага хрысціяніна прынясе пакуты ў супольнасць? Езус не кажа, што той, хто пакрыўдзіў, павінен прасіць прабачэння. Наадварот, той, каго пакрыўдзілі, павінен выйсці з ініцыятывай прабачэння і такім чынам палегчыць прымірэнне. Той, хто нанёс крыўду, павінен прызнаць свой грэх і мець шчырае жаданне памірыцца. Калі ж ён не жадае прызнаць свае памылкі, неабходна, каб адна ці дзве асобы або ўся супольнасць пад-трымалі намаганне прымірыцца. Аднак у гэтым выпадку гаворка ідзе не пра ўстанаўленне суда, які будзе судзіць, а пра зварот да братоў ці да Касцёла за дапамогай, каб заклікаць іншага да прымірэння. Акрамя гэтага, дадзенае пытанне заўсёды датычыць між-асобасных адносін: «няхай ён бу-дзе для цябе як язычнік і мытнік».
Тым не менш, гэта не з’яўляецца прысудам адлучэння ад супольнасці, якая мае касцёльны аўтарытэт. Бо Касцёл, паводле Мацвея, з’яўляецца супольнасцю, у якой жывуць разам і добрыя, і злыя, побач з добрай пшаніцай расце пустазелле.
І калі ўсе намаганні па пры-мірэнні з братам, які нанёс крыўду, завершацца няўдачай, няхай супольнасць лічыць яго такім чалавекам, які не жадае мець удзелу ў ідэалах і хрысціянскім жыцці. З такімі людзьмі хрысціянін не стварае сапраўдную супольнасць. Аднак гэта не азначае, што ён пагарджае імі ці ставіцца з асуджэннем, таму што Бог любіць і такіх людзей.
Прынцыпам прымірэння, якога трэба шукаць любым коштам унутры супольнасці, з’яўляюцца правілы паводзінаў, зацверджаныя самім Богам (гл. Мц 18, 18). Прымірэнне ў супольнасці мае вялікае значэнне, таму што ад яго залежыць дзейснасць малітвы (гл. Мц 18, 19): малітва хрысціян павінна зыходзіць з гармоніі супольнасці, у якой прысутнічае Езус і стварае гармонію розумаў і сэрцаў братоў, стварае сярод братоў адзін розум і адно сэрца.


17 верасня
XXIV нядзеля звычайная, год А

 

gr-str-31

Збаўленне і свабода

 

1 чытанне — Сір 27, 30–28, 7.
Пс 103 (102), 1-2. 3-4. 9-10. 11-12.
2 чытанне — Рым 14, 7-9.
Евангелле — Мц 18, 21-35.

 

“Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, літасцю і міласэрнасцю цябе карануе” (Пс 103 (102), 4)
Прарок Эзэхіэль з вялікай моцай супрацьстаіць такому мысленню: Бог не карае сыноў за правіны айцоў ці айцоў за грахі сыноў (пар. Эзх 18, 20). Кожны можа збавіцца, калі хоча гэтага. Узорам  з’яўляецца Божае прабачэнне, якое заўсёды і шчодра ўдзяляецца кожнаму, хто пастанаўляе адкінуць шлях зла і навернецца да Бога ўсім сэрцам.
Езус прадстаўляе тую самую праўду пры дапамозе прыпавесці пра двух сыноў, якіх айцец па-прасіў, каб пайшлі працаваць у вінаграднік. Габрэі – а асабліва фарысеі – спадзяваліся, што Месія прыйдзе і раз і назаўсёды ўстановіць парадак і прызначэнне кожнага чалавека. З аднаго боку будуць прывілеяваныя, выбраны народ (сын, які сказаў айцу: «так!»), прызначэннем якога з’яўляецца збаўленне, без неабходнасці адпакутаваць за правіны. З іншага боку будуць усе астатнія людзі, язычнікі і грэшнікі з дому Ізраэля, мытнікі і распусніцы, якія казалі «не».
Аднак Езус перавярнуў дагары нагамі гэтую зручную схему, паддаўшы ўсё дыскусіі. Не дастаткова быць сынамі Абрагама, нічога не дасць спасыланне на прывілеі з мінулага, бо збаўленне з’яўляецца асабістай справай, якая вырашаецца ў залежнасці ад паставы, якую я займу ў адносінах да Бога і Хрыстовага паслання. Кожны пакліканы да збаўлення, усе ў пэўным сэнсе маюць аднолькавы старт, хаця б у пакліканні. Бог можа абудзіць сыноў Абрагама нават з камянёў, а гэта значыць нават з самых зацвяр-дзелых грэшнікаў. Вось чаму мытнік выйшаў са святыні збаўленым і апраўданым Богам, а фарысей – не.
Такім чынам, Бог ахвяруе збаўленне ўсім людзям. І тое, стане збаўленне нашым удзелам ці не, залежыць не ад таго, да якой касты мы належым, не ад спадчынных прывілеяў, але ад свабоднага адказу кожнага з нас.


24 верасня

XXV нядзеля звычайная, год А

 

Божае Валадарства адчынена для кожнага

 

1 чытанне — Іс 55, 6-9.
Пс 145 (144), 2-3. 8-9. 17-18.
2 чытанне — Флп 1, 20с–24. 27а.
Евангелле — Мц 20, 1–16а.

 

“Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя – апошнімі” (Мц 20,16).
Грамадствы гэтага свету заснаваны на няроўнасці, на прывілеях невялікай колькасці людзей і на эканамічнай, культурнай і палітычнай уладзе некаторых асоб коштам іншых. Грамадствы так званага «рэальнага камунізму» у сапраўднасці заснаваны на велізарнай няроўнасці паміж масамі і некалькімі асобнымі людзьмі  – адзіночкамі, якія кіруюць вялікай дзяржавай. Езус сказаў: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх» (Мк 10, 42–44).
Евангелле ў якасці кантрасту прыводзіць прыклад супольнасці Езуса, якая адрозніваецца ад іншых тым, што можна акрэсліць выразам: «няхай не будзе так паміж вамі». Якую альтэрнатыву дае нам Езус?
У евангельскай прыпавесці вызначаецца прынцып: «Многія з першых будуць апошнімі і апошнія – першымі». Тут варта патлумачыць: «многія» на габрэйскай мове перадаецца словам «rabbim», якое азначае «ўсё», «усе».
Сутнасць заключаецца ў тым, што ў хрысціянскім грамадстве не будзе няроўнасці. Будзе абсалютная роўнасць. Гэта не азначае, што апошнія зоймуць месцы першых і наадварот, што яны проста перавернуць грамадскую лесвіцу. Гэта азначае, што ўнутры хрысціянскай супольнасці трэба адмяніць дзяленне людзей па нейкіх разрадах. Божае Валадарства не прызнае дыферэнцыяцыі на грамадскія «станы» ці «класы», бо яно адчынена для кожнага чалавека, які прымае Добрую Вестку Езуса.

 

кс. Алег  ГРЫГАРОВІЧ,  SAC


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий