Дзе сустрэць Бога?

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах – старэйшая на Беларусі сярэдняя духоўная навучальная ўстанова, якая апякуецца Касцёлам. Яе адкрыццё і станаўленне звязана з двума слыннымі імёнамі на Беларусі і ў свеце – святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка і былога пробашча (сёння Элцкага біскупа ў Польшчы) Ежы Мазура, SVD. Пра  каледж, яго ўплыў на лёсы людзей  чытачам  часопіса расказваюць яго сённяшні дырэктар кс. Юрый Дрозд, а таксама кароткія замалёўкі пра тых, хто вучыўся ў ім, набываў веды, а зараз дапамагае іншым сустрэць Бога Жывога…

 

 

 

 

Узмацняцца ў верыкс.Юрий Дрозд

 

   Катэхетычны каледж у Баранавічах – гэта духоўная навучальная ўстанова, якая імкнецца рэалізоўваць заданні Касцёла ў галіне адукацыі і выхавання. Хрысціянства ўвогуле немагчыма ўявіць без асветніцкай дзейнасці. Першыя катэхетычныя школы з’явіліся ўжо ў ІІ стагоддзі ў Александрыі. Яны дапамагалі сваім вучням угрунтавацца ў хрысціянскай веры і быць яе місіянерамі ў штодзённым жыцці. Можна сказаць, што наша навучальная ўстанова працягвае гэту традыцыю.

   Пачатак  каледжа адносіцца да 1992 года. Тады была прадпрынята спроба  стварыць установу пад назваю “Інстытут вышэйшай рэлігійнай культуры”. Пазней яе перайменавалі ў Катэхетычны каледж. Ініцыятыва аказалася  паспяховай.  Шмат  людзей гарнуліся да каледжа, каб яшчэ больш адкрыць для сябе багацці хрысціянскай тэалогіі, педагогікі і псіхалогіі. Аднак узнікла таксама шмат цяжкасцей юрыдычнага характару. На пэўны час каледж спыніў сваю дзейнасць. Пасля  ўрэгулявання ўсіх пытанняў  у  2009 годзе Катэхетычны каледж пачаў афіцыйна дзейнічаць. Яму было прысвоена  імя  біскупа  Зыгмунта  Лазінскага. Выключна важную ролю ў станаўленні  каледжа  ў  яго  цяперашнім  выглядзе  адыграў  кардынал  Казімір  Свёнтэк.

   За гады існавання праз каледж прайшло больш за 250 навучэнцаў. Трэцяя  частка з іх працуе  па  спецыяльнасцям, якія набылі падчас  трохгадовай вучобы. Гэта  такія  спецыяльнасці як  катэхетыка, агульная  тэалогія,  сямейнае  кансультаванне  і кансультаванне ў галіне  залежнасцей. Многія ж проста паглыбілі сваю веру, знайшлі адказы на хвалюючыя пытанні і сталі больш актыўнымі членамі сваіх парафіяльных  супольнасцей.

 

 

 

Кс. Юрый ДРОЗД, 

дырэктар  Катэхітычнага  каледжа

імя  Зыгмунта  Лазінскага  ў  Баранавічах.


 

 

 Начлегі і бліны

  f-str-14 …Вось гэта навіна – Вольга не верыла сваім вушам: у Баранавічах адкрываецца  катэхетычны каледж, першы ў краіне! Але як не паверыць, калі паведаміў пра гэта пробашч Налібацкай парафіі кс. Мар’ян Шэршань. Сказаць, што з пытанняў веры Вольга Грышан на той момант нічога не ведала, было б няпраўдаю. Выхаваная ў каталіцкай сям’і, павенчаная з католікам, маладая жанчына хадзіла да касцёла, выконвала ўсю тую навуку, якую далі ёй бацькі. Верыла, што Бог ёсць і што менавіта Ён кіруе людскімі лёсамі. Аднак праўдаю было тое, што Вольга хацела ведаць пра Створцу значна болей, чым усвоіла з дзяцінства. Ёй самой  хацелася чытаць духоўныя кнігі, слухаць разумныя лекцыі. А дзе ўсё гэта было ўзяць, ад каго пачуць? І калі пробашч прапанаваў вернікам падумаць наконт вучобы, Вольга адразу згадзілася. Але што скажуць на  гэта муж, бацькі, як пакінуць двое малых хлапчукоў, каб два разы на месяц, на працягу трох гадоў ездзіць на заняткі? Ды “ездзіць” – гэта толькі сказаць, а на самой справе: вечарам – да Стаўбцоў аўтобусам; там начаваць; раніцай наступнага дня – першай электрычкай на Баранавічы.f-str-14-2

   Згоду на вучобу Вольгі далі ўсе, а тата яшчэ і падкрэсліў: “Калі Бог цябе кліча на гэтую справу – мусіш ехаць абавязкова!”.

   Моцнае жаданне набыць тэалагічныя веды і супрацьстаяць хлусліваму свету, які літаральна “паглынаў” моладзь, прывяло ў каледж з вёскі Янкавічы, што ў Налібацкім краі, адразу траіх: Вольгу, яе родную сястру Ванду Шуцько, іх сяброўку Марыну Емельяновіч. Яшчэ двое – Ларыса і Альберта – далучыліся з Івенца, і жыццё навучэнцаў духоўнай установы пачало напаўняцца новым зместам.

   – Каледж не меў свайго памяшкання; Дом Святой Тройцы, касцёл Маці Божай Фацімскай яшчэ толькі пачыналі будавацца, – успамінае Вольга, – і заняткі праводзіліся ў Доме афіцэраў па Камсамольскай вуліцы. Было дзіўна, радасна і нават крыху смешна: хто б раней мог падумаць, што ў Доме афіцэраў… На вуліцы Камсамольскай… У цэнтры горада… Але што такое цэнтр горада ў параўнанні з Сусветам і з Богам, Які ў цэнтры гэтага Сусвету! Вучыцца было цікава, многае было ўпершыню. Напрыклад, упершыню мы ўбачылі святароў, якія прамаўляюць не з амбона, а ў студэнцкай аўдыторыі: кс. Яна Саламона, кс. Ежы Мазура, кс. Міхала Магду, законных братоў і сясцёр – бр. Бэла Лані і с. Фабіяну, якія таксама чытаюць лекцыі, а пасля разам з намі адпраўляюцца ў пілігрымкі, удзельнічаюць у аплатковых сустрэчах, п’юць чай на перапынках паміж лекцыямі. Добра памятаю, як кс. Ежы задумаў стварыць часопіс і прыйшоў да нас, каб выказалі свае прапановы наконт яго назвы. Ну вядома, “Дыялог” – як яшчэ?! Атмасфера ў каледжы з першага дня вызывала давер, нараджала пачуццё адзінай сям’і. І што яшчэ, здаецца мне, моцна спрыяла ўмацаванню гэтага пачуцця, тое, што ніхто з нас не начаваў у гасцініцах – нас “разбіралі” на начлегі сем’і парафіянаў. Мы з дзяўчатамі  кожны раз ехалі ў Баранавічы і ведалі, што начаваць будзем у Ядзі Моўчан, што яна чакае і абавязкова напячэ нам сваіх  бліноў.

   …Пра каледж, навучанне ў ім, мінулае жыццё-быццёразмаўляем, седзячы ва ўтульнай хаце сужэнства Грышан у вёсцы Янкавічы. І сама гаспадыня, і яе муж Юзаф  – людзі разважлівыя, здаецца, ад іх самых сыходзіць супакой. Вольга Іосіфаўна, катэхетка Налібацкай парафіі, – мнагадзетная маці. Пасля заканчэння каледжа ў сям’і нара-дзіліся яшчэ два сыны і дачушка. Усе дарослыя, жывуць па веры, хто ўжо атрымаў (а хто  на апошніх курсах!) вышэйшую адукацыю. Вольга са шчырай  удзячнасцю Богу ўспа-мінае  не толькі святароў-лектараў, але  і тых, хто прыязджаў на набажэнствы па святах і на ўрачыстасці, а  навучэнцы  мелі магчымасць сустрэцца  кожны раз са “свежым” святаром…

   Перакананая, што вялікую ролю ў яе асабістым жыцці адыграў кс. біскуп  Казімір Велікаселец, які змяніў   яе  ранейшыя  погляды  на  мацярынства, на ролю  маці ў рэлігійным жыцці  сям’і.

   Вольга скончыла каледж у 1995 годзе, а ўрокі рэлігіі з дзецьмі пачала праводзіць значна раней. Часам і дарослых рыхтавала да сакрамэнту бежмавання.

   – Шчыра прызнацца, – гаворыць жанчына, – на момант паступлення ў каледж я не бачыла сябе катэхеткаю. І не дзеля гэтага туды пайшла. Маім жаданнем было ўзбагаціцца духоўнымі ведамі, стаць упэўненай хрысціянкай, каб растлумачыць сутнасць веры сваім дзецям. Так і сталася. А тое, што па сённяшні дзень працую катэхеткаю ў парафіі, – выключна воля Божая. Але ведаеце, якая гэта радасць працаваць з дзецьмі!  Абавязкова засыпаюць пытаннямі: “Дзе жыве Бог?”, “А Вы бачылі Бога?”, “Дзе можна сустрэць Бога?”… Упэўнена: тыя дзеткі, каму дома дапамагаюць бацькі, іх бабулі і дзядулі, з цягам часу самі знойдуць адказ на гэтае самае простае і самае складанае пытанне.

 

 

 Герань у гаршчочку

 

   f-str-15 …Алёна рэгулярна хадзіла да касцёла  св. Антонія Падуанскага  і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і чытала Слова Божае падчас святой Імшы. У тыя некалькі хвілін яна не чула свайго голасу – да сабраных прамаўляў Бог, а яна была толькі выканаўцам, “прыладаю” у Ягоных руках, якая старанна і прыгожа агучвала слова з лекцыянарыя. Ці разумела яго сама? Разумець – імкнулася.

   Аднойчы пазваніў ёй знаёмы пастаўскі хлопец і сказаў, што забяжыць на хвілінку, каб расказаць “новости”.

   – Быў моцна ўсхваляваны, –  ­успамінае Алёна, – папілі чаю, сказаў, што хоча прысвяціць жыццё Богу, уступіць ў Ордэн…Але адразу па-едзе ў Баранавічы… Моцна спяшаўся, з  поспеху пакінуў лісток, на якім была аб’ява пра набор навучэнцаў у Баранавіцкі каледж, і былі ўказаныя прадметы: філасофія, тэалогія, касцёльнае права, біблістыка… Чытала,  а  ва мне быццам разгараўся агонь: дык гэта ж акурат тое, чаго мне не хапае!…

   Паказала лісток мужу, маўляў, як бы ён расцаніў гэта. Той адказаў: калі захочаш вучыцца – падтрымаю!  Не губляючы часу, з тым жа лістком Алёна кінулася да тагачаснага пробашча кс. Андрэя Возняка: “Ойча, ці гэтыя прадметы дапамогуць мне глыбей пазнаць Бога?”. “Абавязкова!”– адказаў святар і даў ёй стос кніжак па падрыхтоўцы да ўступных экзаменаў.

   У каледж Алёна паступіла. Думкі яе паляцелі шчабятлівымі птушкамі, а ў душу закралася сумненне: хіба, па-чалавечы, гэта магчыма? Праз кожныя два тыдні ездзіць з Паставаў у Баранавічы, сынок Альберт яшчэ маленькі, хваробы чапляюцца адна за другую…

   – Кожны дзень, – прызнаецца Алёна, – у 15.00, у гадзіну Божай Міласэрнасці, я станавілася на калені, просячы ў сваіх малітвах: “Божа, калі Ты паклікаў мяне, – не пакінь на раздарожжы, дапамажы!”.  І  сумненні  саступалі месца  разважлівасці, цярплівасці. Уявіць сабе былое жыццё –  параненае з дзяцінства, без належнай духоўнай падрыхтоўкі, без ведання Бога, Які штодня працягвае мне руку, – я ўжо не магла, як і не магла адрачыся ад той атмасферы, што ахінала з першых хвілін знаходжання пад дахам каледжа. Мне ўсё ў ім падабалася, вучоба ўдавалася, у мяне ніколі не было ніякіх “хвастоў” – Бог мяне вёў, паднімаў, узмацняў, адкрываў мае вочы на іншых людзей. Словы лектараў, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу, запальвалі светлыя памкненні і жаданні.  І сёння памятаю словы сястры Нунэ, якая прыязджала да нас на катэхезу, – працягвае Алёна. –  Я сядзела за першай партай, адкрыўшы рот і баючыся прапусціць хоць адзінае слова, таму ўсё, што яна гаварыла, запісвала на дыктафон: “Запомните: вы – избранные Богом, вы и есть соль земли. Господь выбрал не кого-нибудь, а именно вас, – падкрэслівала яна. –  Вы –  апостолы, ваше служение важно! Вы должны нести людям Слово Бога!”.

   Так, Алена добра разумела, у чым яе пакліканне. І калі пробашч даручыў ёй падрыхтоўку да Першай святой Камуніі 10-гадовага Ягора, хлопчыка з абмежаванымі магчымасцямі, пачала маліцца да Святога Духа і прасіць у Бога падказкі: на што дзіця  больш за ўсё адклікаецца, як завітаць да яго першы раз? Тым больш, што яго мама  папярэдзіла: хлопчык надта ўразлівы і чуллівы на людзей; калі чалавек яму не спадабаецца – адвернецца назаўсёды. Алёна паехала да сябе на дзялку, выкапала прыгожую герань, пасадзіла ў невялікі гаршчочак, завязала на ім  банцік.  З тым  і прыйшла ў сям’ю. Як спадабалася гэта Ягору!

   – Ягоныя рукі  ўзяла ў свае, – расказвае, хвалюючыся,  катэхетка, – гляджу: хлопчык у інваліднай калясцы ўсміхаецца! Ну, думаю, усё ў нас атрымаецца. Многа яму чытала, многа малявалі разам, падвозіла яго да вакна, і мы гадзінамі разглядалі, што робіцца на вуліцы; што там добрае, што там дрэннае. Праз рэальнае імкнулася паказаць, што ёсць галоўнае ў жыцці, і як чалавек павінен выконваць Божыя Запаведзі. І так да яго хадзіла два гады. З Ягорам мы ладзілі.

   Быў у Алёны і яшчэ адзін хлопчык з праблемамі развіцця, якога рыхтавала да Першай святой Камуніі, – Дзяніс. Рос ён без мамы, аб яго духоўным стане моцна клапаціўся бацька. Казаў Алёне: “Я не ведаю, як вы яго будзеце вучыць, але дапамажыце, калі ласка!”.

   – З Дзянісам працаваць неабходна  было інакш, ён своеасаблівы. Бывала, размаўляю з ім – у вочы мне не глядзіць, быццам не заўважае, быццам мяне тут і няма. А калі пачынаю гаварыць менавіта Словам Божым – у Дзяніса адкрываюцца вушы! Пачынае рэагіраваць!    Два гады займалася з Дзянісам. Пасля з рук пробашча Анджэя Бульчака  ён прымаў Першую святую Камунію. Гэта быў вельмі радасны дзень – для самога Дзяніса, яго таты і хросных бацькоў, парафіянаў, якія прыйшлі  ў той дзень на святую Імшу ў капліцу нашай новай парафіі. Дзень быў радасны і для мяне…

   Катэхетка парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах  Алёна  Лукашэвіч заўсёды трымае ў сваёй памяці словы сястры Нунэ “ваше служение важно!” і баіцца не адпавядаць іх сэнсу. Летась яна падрыхтавала да Першай святой Камуніі 30 дзяцей,  у гэтым годзе – 24.

   Моцна ўдзячная Богу, што перамяніў яе жыццё,  што будуецца ў Паставах новы касцёл – Езуса Міласэрнага, што дзеці з іх парафіі ўдзельнічалі ў дыяцэзіяльным конкурсе на веданне Святога Пісання, які быў упершыню аб’яўлены біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, і паказалі добрыя веды. Як настаўнік рэлігіі Алена адзначана біскупскай падзякай  за сумленную працу і нясенне дзецям вучэння Пана нашага Езуса Хрыста, а таксама за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да конкурсу.

 

Кім быў цесць Майсея?

 

   f-str-16Во цікавае пытанне! Ну так, і ў старажытных  была  ўся  гэтая  сямейная “іерархія” – зяць, нявестка, свякроўка, цешча, і не ўсе былі пастухамі, займаліся  рознымі іншымі справамі, але кім быў цесць Майсея?  Пэўна ж, Святое Пісанне чыталі і перачытвалі, але там столькі незвычайных імён, столькі тых сямейных  сувязей. А  цесць Майсея… Студэнты пераглянуліся, усміхнуліся адзін другому вачыма, а самы смелы з іх агучыў свой адказ на пытанне: “Дакладна не ведаю, кім быў цесць Майсея, але ведаю, што гэта  быў  чалавек  улады”.

   – Адказ  вызваў  усмешку нават у выкладчыка Святога Пісання, – успамінае катэхетка  парафіі  Ўзвышэння Святога Крыжа ў г. Ліда сястра Назарыя. –  Уладзіслаў  Анатольевіч Валаховіч  моцна любіў гэты прадмет сам, вельмі цікава і многа расказваў, імкнуўся і нам даць такія ж глыбокія  веды. Заўсёды падкрэсліваў, што да людзей дарослых мае давер,  але ўсё ж быў строгі і патрабавальны. Часта практыкаваў тэсты па тэмах і раіў: “Пішыце ўсё, што вы запомнілі, што ведаеце”. А калі прыходзіў час  разважанняў  над нашымі  працамі-адказамі, аўдыторыя памірала  ад смеху. Уладзіслаў Анатольевіч ацэньваў, здзіўляўся нашаму творчаму падыходу і вынаходніцтву, даваў каментар, але не называў прозвішчы, каб мы не адчувалі  сябе  няёмка (свой  адказ  кожны сам пазнае з сотні іншых!), ніколі  нас не высмейваў, ніколі мы не  чулі  ад  яго  ніякіх кпінаў. З вялікім пачуццём гумару, выкладчык галоўнага прадмету і сам любіў стрымана  жартаваць. Бывала, падыходзіць  час  экзамену  па Святому Пісанню, а мы – зноў да яго з тым самым пытаннем: “Уладзіслаў Анатольевіч, а  ці  можна  Святое Пісанне на экзамен узяць?”. “Безумоўна, можна, толькі  вы не паспееце яго выкарыстаць!”.

   Сястра Назарыя захоўвае ў памяці шмат смешных і каверзных момантаў, якія здараюцца ў студэнцкім  асяроддзі, лічыць, што і яны адыгрывалі  вялікую  ролю ў набыцці вопыту  для наладжвання лепшага кантакту і з дарослымі, і з дзецьмі.

   – Нам  пашанцавала не толькі на выкладчыкаў, але і на аднакурснікаў, – працягвае сястра. –  Сярод навучэнцаў былі тры сястры законныя, дактары, настаўнікі, эканамісты, хатнія гаспадыні. З жаданнем ехалі  мы  на лекцыі, дапамагалі адзін  другому ў падрыхтоўцы да экзаменаў і залікаў, да практычных заняткаў  па літургіцы, ладзілі  карнавалы, праводзілі віктарыны: “Что? Где? Когда?”. І нават тыя два-тры дні, якія  мы праводзілі разам у аўдыторыі або вечарам пры якой-небудзь  размове, былі часам шчырай узаемнай  і  незабыўнай радасці. Праз два тыдні – зноў  Баранавічы, зноў сустрэча з каледжам, дзе ўсё проста, зразумела і дзе ўсе – роўныя!

   Студэнткай  с.Назарыя  стала  ўжо пасля  чатырох  гадоў  асабістай фармацыі  ў Кангрэгацыі  Сясцёр Найсвяцейшай  Сям’і  з Назарэта (назарэтанак), пераканаўшыся, што тэалагічныя веды патрэбна па-глыбляць, а катэхеткай у парафіі – пасля таго  як скончыла Баранавіцкі катэхетычны каледж   імя  Зыгмунта Лазінскага. Усё тое, што набыла ў ім, сёння з  поспехам  выкарыстоўвае ў працы з дзецьмі. З  імі  таксама патрэбна  ўмець  жартаваць, даваць малым  хвілінку адпачынку і абавязкова  паказваць, што  тут, на  занятках  па катэхезе, у Касцёле іх нехта заўсёды чакае, радуецца іх прыходу, задаволены сумеснай  з імі працай.

   – Кожны ўрок для дзяцей, якіх рыхтую  да  Першай святой Камуніі,  – дзеліцца сястра Назарыя, – гэта  амаль ад пачатку да канца імправізацыя. Рыхтуюся, пішу  план правядзення  ўрока, стаўлю  мэту  і задачы, а тут раптам дзяўчо пачынае  сваю  дзіцячую “споведзь”: “Сястра  Назарыя, ці  будзе  гэта  грахом, калі я накрычала на коціка, бо ён падраў  ў  маёй спальні абоі. Я папрасіла ў яго прабачэння, але ж моцна на яго крычала…”. Я павінна абавязкова рэагіраваць, нічога не павінна  быць незаўважаным… У тую ж хвіліну іншая дзяўчынка з нецярпеннем чакае адказу ўжо на сваё пытанне: “А ці грэх, калі хто працуе  ў  казіно?”. І таксама  павінна адказваць, не забываючы пра запланаваную  тэму  ўрока! І пра грахі  бацькоў  яны  распытаюць, і пра грахі дзядуляў-бабуляў… Заслужыць  давер у малых  лёгка, важна, каб захаваць гэты давер.

   С. Назарыя не  абмежавалася вучобай у сярэдняй духоўнай установе, зараз  яна  вучыцца  завочна на IV курсе Папскага  тэалагічнага  аддзялення ў Варшаве.

   – Прыемна, – прызнаецца сястра Назарыя,  – што на адным курсе са мною, акрамя  палякаў,  вучацца студэнты з Англіі, Германіі, Аўстраліі, Мальты, і  з  імі  таксама цікава. Даязджаюць паяздамі, далятаюць самалётамі. Відаць, Богу гэта патрэбна, Бог гэтаму спрыяе!

 

 

 

З выпускнікамі каледжа сустрэліся

Раіса СУШКО (тэкст)  і Карнэлій КОНСЭК, SVD (здымкі).


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий