Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Чым перапоўнена сэрца
Апостальскі ліст Святога Айца Францішка
«Patris Corde»
На пачатку 2021 года ў выдавецтве «Pro Christo» выйшаў беларускі пераклад апостальскага ліста Святога Айца Францішка «Patris Сorde», напісаны ім з нагоды 150-й гадавіны абвяшчэння святога Юзафа Апекуном паўсюднага Касцёла.
«Пасля Марыі, Маці Божай, ніводзін святы не займае ў папскім навучанні столькі месца, колькі Юзаф, Яе Абраннік, – піша Папа Францішак у самым пачатку апостальскага ліста. – Мае папярэднікі паглыбілі пасланне, змешчанае ў нешматлікіх звестках, пададзеных у Евангеллі, каб больш выразна падкрэсліць яго цэнтральную ролю ў гісторыі збаўлення: благаслаўлёны Пій ІХ абвясціў яго „Апекуном Каталіцкага Касцёла“, шаноўны Пій ХІІ прадставіў яго як „Апекуна працоўных“, а святы Ян Павел ІІ як „Апекуна Збаўцы“. Людзі ж звяртаюцца да яго як да „апекуна добрай смерці“.
Таму цяпер, праз 150 год пасля абвяшчэння яго Апекуном Каталіцкага Касцёла 8 снежня 1870 г. праз благаслаўлёнага Пія ІХ, я хацеў бы падзяліцца з вамі некаторымі асабістымі разважаннямі пра гэтую незвычайную постаць, такую блізкую чалавечаму стану кожнага з нас, каб, як кажа Езус, „вусны гаварылі тое, чым перапоўнена сэрца“ (пар. Мц 12, 34). Гэтае жаданне ўзрастала на працягу апошніх месяцаў пандэміі, калі мы дасведчылі сярод закранаючага нас крызісу, што „нашае жыццё ткуць і падтрымліваюць звычайныя людзі – у большасці забытыя, якіх не ўбачыш у загалоўках газет і часопісаў, ані на вялікай сцэне апошняга шоу, але якія, несумненна, пішуць сёння вырашальныя падзеі на старонках нашай гісторыі: лекары, медсёстры і медбраты, работнікі супермаркетаў, прыбіральшчыкі, апекуны і апякункі, кур’еры дастаўкі, прадстаўнікі службаў грамадскай бяспекі, валанцёры, святары, кансэкраваныя асобы і шмат іншых, хто зразумеў, што ніхто не збаўляецца сам. […]Святы Юзаф нагадвае нам, што ўсе, хто знешне непрыкметны або „другарадны“, прымаюць выключна актыўны ўдзел у гісторыі збаўлення. Усе яны заслугоўваюць прызнання і падзякі».
Пераклад апостальскага ліста на беларускую мову здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і выдадзены з нагоды пасвячэння касцёла Святога Духа ў Мінску.
Вольга АДАМОВІЧ.