Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Прагныя Неба.
Бацькі Cвятой Тэрэзы з Лізьё
Кніга прысвечана шматдзетным бацькам
У выдавецтве «Про Хрысто» выйшла кніга Марэка Вуйтовіча SJ пра бацькоў cвятой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса — Людвіка і Зэлі Мартэн.
«Прысвячаю гэтую кнігу шматдзетным бацькам, – піша аўтар, – жадаю вам кожны дзень давяраць Божаму Провіду, будуючы сярод клопатаў хатні Касцёл Езуса Хрыста. Няхай вашымі апекунамі будуць святыя сужэнцы Зэлі і Людвік Мартэн, бацькі дзевяці дзяцей».
18 кастрычніка 2015 г. Папа Францішак абвясціў Мартэнаў святым сужэнствам. У іх сям’і нарадзілася дзевяць дзяцей, сярод якіх была св. Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса, доктар Касцёла.
У гэтай кнізе распавядаецца гісторыя жыцця святых Людвіка і Зэлі
Мартэнаў. Іх прыклад, асабліва выразны ў часы крызісу сям’і, сведчыць, наколькі велічным пакліканнем з’яўляецца хрысціянскае сужэнства не толькі ў місіі перадачы веры дзецям, але перадусім як супольны сужэнскі шлях да святасці.
Вольга АДАМОВІЧ.