Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Захаваць боскую чысціню сэрца
Дапамога дзецям у духоўным узрастанні
У выдавецтве «Pro Christo» выйшла новае, папраўленае, выданне малітоўніка для дзяцей «Шчаслівыя чыстыя сэрцам». Гэтая кніжачка – добрая дапамога для дзяцей у іх духоўным узрастанні, таму яна стане найлепшым падарункам, асабліва на ўрачыстасць Першай Камуніі дзіцяці.
Адзін з найважнейшых скарбаў, які мы можам пакінуць у спадчыну сваім дзецям, — гэта вера. Яна здольная ўзброіць іх духоўна на ўсіх зямных шляхах, па якіх дзеці, пасталеўшы, у пэўны час пойдуць самастойна. На жаль, мы не можам прадбачыць, што чакае дзяцей на гэтых шляхах, і не зможам заўсёды быць побач з імі. Таму вельмі важна даць ім такое духоўнае апірышча, якое дапамагло б не згубіцца ў лабірынтах гэтага свету, асвятляла б іх шлях падчас выпрабаванняў і заўсёды паказвала доўгачаканае «святло ў канцы тунэля».
Добрым дапаможнікам у гэтай справе для дзяцей будзе малітоўнік «Шчаслівыя чыстыя сэрцам». Нездарма за аснову назвы гэтае кнігі ўзятыя словы аднаго з благаслаўленняў Езуса, прамоўленых падчас Казання на гары.
Сэрца дзіцяці – чыстае ў сваім духоўным харастве. Аднак нельга пагадзіцца з тымі, хто з жадання растлумачыць гэтую алегорыю параўноўвае дзіцячае сэрца з «чыстым лістом паперы», на якім дарослыя могуць напісаць што заўгодна. У такім сэнсе «чыстае» азначала б «пакуль не запоўненае», іншымі словамі, «пустое». Сэрца дзіцяці – нібы белая кашулька, адзетая на душу, яшчэ не заплямленая, такая, якой яе задумаў Створца, Пан Бог. Нашая ж задача – не напісаць на ёй свой «тэкст», а захаваць такою ж чыстаю і прыгожаю. У сэрца дзіцяці, як і кожнага дарослага чалавека, упісаны Божы закон. І хоць дзіця яшчэ не ўсведамляе яго розумам, але яно ўжо адчувае сэрцам. Таму сэрца дзіцяці ў сваёй прыроджанай боскай чысціні дапытлівае і цікаўнае да ўсяго, што бачыць у свеце. Яно ставіць найважнейшыя пытанні пра дабро і зло, пра любоў і нянавісць, пра справядлівасць і міласэрнасць. Якія адказы атрымае дзіця ў гэтым інтэнсіўным духоўным пошуку? Змест малітоўніка «Шчаслівыя чыстыя сэрцам» пабудаваны такім чынам, каб прапанаваныя ў ім малітвы, сабраныя ў тэматычныя раздзелы, скіроўвалі дзіця да Бога Айца — Першакрыніцы ўсяго, да Езуса Хрыста — нашага Збаўцы з грахоўнай няволі, і Духа Святога — Асвячальніка нашых жыццёвых шляхоў і Суцяшальніка ў непазбежных малых і вялікіх выпрабаваннях.
Ганна Шаўчэнка