Духоўная кніга

Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам,  што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з  навінкамі духоўнай літаратуры.

 

 

«Ад вуха да вуха.

Пра ўсмешку і радасць»

 

Выдавецтва «Про Хрысто» выдае кнігі не толькі для дарослых, але таксама не забывае і пра дзяцей. Для маленькіх чытачоў у выдавецтве былі падрыхтаваныя кніжкі, якія сталі ў свой час бестселерамі дзіцячай каталіцкай літаратуры. Гэтыя выданні і сёння застаюцца актуальнымі і запатрабаванымі сярод чытачоў, таму мы раскажам пра некаторыя з іх, аўтарам якіх з’яўляецца вядомы польскі святар-паэт Ян Твардоўскі (1915–2006).

 f-str-34

Кс. Ян Твардоўскі ў сваёй кнізе для дзяцей вучыць чытача знаходзіць радасць у кожным, нават пахмурным, дні, усміхацца нават непрыяцелю, заўважаць Божыя цуды ў штодзённых з’явах і справах. Аўтар пераконвае: нават калі ты бедны, хворы і адрынуты людзьмі – ты ўсё роўна можаш падабацца Пану Езусу, калі маеш добрае, чыстае сэрца.

 Гэтае выданне твораў кс. Яна Твардоўскага – зрэшты, як і ўсё жыццё аўтара –  прысвечана пашырэнню ў нашых сэрцах Божай любові. Яно вучыць нас падабацца Пану Езусу, радавацца Эўхарыстыі і разумець значэнне сакрамэнтаў, адрозніваць дабро ад зла і бачыць духоўным зрокам нябачныя Божыя справы.

І ўсё ж зборнік «Ад вуха да вуха…» прыкметна адрозніваецца ад іншых кніг кс. Яна Твардоўскага. Ключавым паняццем гэтае кнігі з’яўляецца радасць. Аўтар нібы спрабуе дайсці да сутнасці, да найглыбейшых крыніцаў, сапраўдных прычынаў гэтага стану чалавечай душы, вучыць знаходзіць сярод мноства падманлівых і часовых радасцяў зямнога свету тую нязгасную радасць, якая здольная перамяніць чалавечую душу. «Ці ўмееш ты шукаць усмешку?», «Чаму мы радуемся?», «Што такое радасць?», «Ці ўмееш ты любіць?» – на першы погляд, назвы і тэмы апавяданняў падаюцца вельмі простымі, але нават мы, дарослыя, не заўсёды ўпэўненыя, што можам правільна адказаць на заключаныя ў іх пытанні. Прачытаўшы хаця б адно з апавяданняў кс. Яна Твардоўскага, мы нібы вяртаемся на надзейны, знаёмы шлях пасля блукання па цёмным густым лесе жыццёвых шуканняў – вяртаемся да самага важнага, патрэбнага і праўдзівага, каб кожны дзень з гэтых шуканняў «прыносіць дадому кавалак неба, нават калі будзе ліць дождж».

Калі  аднойчы  прачытаеш  кнігу «Ад вуха да вуха. Пра ўсмешку і радасць», несумненна, захочаш вярнуцца да яе яшчэ не раз, каб нанова ажывіць сваю любоў і ўзгадаць пра самае  каштоўнае,  што  ты можаш  падарыць  бліжняму, не  абяднеўшы  сам, – пра ўсмешку і  радасць.

 

 

Вольга  Адамовіч


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий