Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
«Кубак з адным вухам»
Ксёндз Ян Твардоўскі, чые кніжкі былі падрыхтаваныя ў выдавецтве “Про Хрысто”, з вялікаю любоўю, простаю моваю тлумачыў дзецям складаныя рэчы: што такое Эўхарыстыя, што азначае – прымаць святую Камунію, як любіць Пана Бога, чаму Езус з’яўляецца сябрам кожнага чалавека. Ён ахвотна пра гэта гаварыў і пісаў. Маральныя, этычныя, тэалагічныя праблемы з яго вуснаў рабіліся зразумелымі нават самым маленькім чытачам.
Гэтая кніга адрозніваецца ад папярэдніх выданняў дзвюма істотнымі асаблівасцямі. Па-першае, сабраныя ў ёй творы арыентаваныя ўжо не толькі на самых маленькіх чытачоў, але і на дзяцей старэйшага ўзросту (верш «Развітанне са школаю», апавяданне «Цяжкі выбар» і інш.), і нават на дарослых, або на «дзяцей, якія захутка выраслі» (вершы «Удалося», «У альбом», «Каўчэг», «Малітва марнатраўнага сына», «Скруха марнатраўнага сына», «Велікодная малітва» і інш.). Змястоўна кніга ахоплівае самыя разна-стайныя аспекты чалавечага жыцця: нараджэнне маленькага дзіцяці, яго пазнанне свету, любові і найважнейшых жыццёвых каштоўнасцяў, вучоба і выхаванне, першае каханне, сяброўства, будаванне адносінаў з Богам і блізкімі людзьмі, праца і адпачынак, багацце і беднасць… Многія разважанні кс. Яна Твардоўскага прапушчаныя праз прызму ўласных дзіцячых успамінаў і таму афарбаваныя лёгкай настальгіяй, як, напры-клад, у кароценькім вершы «Школа»:
Парты дошка і крэйда
як чарцяняты сляза за слязой
шукаю хаця б кавалка
святой памяці школы маёй.
Другая асаблівасць, якая адрознівае гэтае выданне кнігі кс. Яна Твардоўскага ад папярэдніх, датычыцца ілюстрацый, створаных маладою беларускаю мастачкаю Вольгаю Чарняўскаю. Гэтыя малюнкі напаўняюць кнігу спакойным святлом, пяшчотнаю добразычлівасцю, лагоднасцю, лёгкаю гарэзлівасцю, адлюстраванаю ў тварах і постацях персанажаў, вяртаюць у час дзяцінства і бесклапотнасці, прыцягваюць увагу да самых маленькіх, незвычайных звычайных рэчаў… Няхай гэтая кніжка ў яскравай аранжавай вокладцы стане для беларускіх чытачоў нібы «мандарынкаю» пад святочнаю ялінкаю і напоўніць іх сэрцы водарам Божай радасці, шчырасці і цеплыні.
Вольга Адамовіч