Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
«Вясёлы дзень для нас настаў
або Пра тое, хто такі велікодны баранак»
Працягваем знаёміць чытачоў з дзіцячымі кнігамі ксяндза Яна Твардоўскага, якія былі падрыхтаваныя і выйшлі ў выдавецтве “Про Хрысто”.
Гэтая кніга выйшла ў перакладзе на беларускую мову пісьменніцы Ірыны Жарнасек з ілюстрацыямі мастачкі Галіны Хінкі-Янушкевіч. Яна адрасавана найперш дзецям і прысвечана велікодным святам, іх «мудраму і радаснаму перажыванню». Проста і шчыра і разам з тым вельмі глыбока ксёндз Ян апавядае пра традыцыйныя велікодныя сімвалы, якія з кожным годам набываюць новыя адценні. Са сваім адметным гумарам аўтар запрашае нас радасна ўсміхнуцца, параіўшы, каб мы «святы не перажоўвалі, а перажывалі».
Больш за пяцьдзясят гадоў ксёндз Ян Твардоўскі (1915-2006) прамаўляў у касцёле сясцёр візітантак нядзельныя і святочныя казанні, якія прыцягвалі вернікаў з розных раёнаў Варшавы.
Кожнай вясною ён падрыхтоўваў іх да мудрага і радаснага перажывання велікодных святаў. Адно за адным пакаленні дзяцей пазнавалі дарагія для самога святара святочныя сімвалы: вясёлую вербную «пальмачку» з коцікамі , асвечаную, калі да яе дакрануліся вада і малітва: «святое» яйка, якое «не ходзіць» у касцёл; велікоднага баранка з чырвонай харугвачкай, які нагадвае жаўнера, што выйграў бітву і цяпер пераможна маршыруе. Дзядулі і бабулі, бацькі і дзеці штогод чулі пажаданне, якое святар любіў паўтараць: «Ешце, дарагія госці, бо схуднелі моцна ў посце».
Кніга «Вясёлы дзень для нас настаў або Пра тое, хто такі велікодны баранак» – гэта запісаныя думкі, якія падаўжаюць жыццё слоў, вымаўленых калісьці з амбоны, а таксама дапамагаюць і сёння глыбей падрыхтавацца да велікодных святаў ды лепш іх перажыць.
«Першая Камунія з белым бантам»
Кожная кніга ксяндза Яна для дзяцей –у тым ліку і гэтая – урок веры, дабрыні, бескарыслівасці, адказнасці, чулага стаўлення да патрэбаў іншых, умення забывацца пра сябе, вернасці Богу і бацькам. Прырода ў ксяндза Яна — настаўніца, якая вучыць захапляцца Богам, які яе стварыў.
Спадзяемся, што кніга «Першая Камунія з белым бантам» дапаможа дзецям па-сапраўднаму, з любоўю ў сэрцы перажыць дзень Першай святой Камуніі, дапаможа ім убачыць найважнейшае ў гэтым дні. А калі прамінецца ўрачысты настрой, кніга будзе каштоўнай дарадчыцай у штодзённым жыцці і добрым правадніком па таямніцах веры.
Вольга Адамовіч