Духоўная кніга

Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам,  што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з  навінкамі духоўнай літаратуры.

 

 

«Мяне заўсёды ратавала вера…»

 

 

Uspaminy-VokladkaУ выдавецтве «Про Хрысто» выйшла ў свет кніга ўспамінаў пра незвычайную асобу першага ў гісторыі Каталіцкага Касцёла сучаснай Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка. Кніга-сведчанне тых, хто добра ведаў кардынала, хто з ім працаваў, хто меў шчасце з ім кантактаваць і быць сведкам яго жывой непахіснай веры, яго адданасці Хрысту і Касцёлу. Прапануем увазе чытачоў уступнае слова да кнігі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча (у скарачэнні).

 

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, шаноўныя чытачы!

Вы трымаеце ў руках незвычайную кнігу – кнігу ўспамінаў пра святой памяці Яго Эмінэнцыю ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка «Мяне заўсёды ратавала вера…». Яго імя як жывога мучаніка часоў атэістычных ганенняў на веру, першага Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта, Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі, а таксама першага і шматгадовага Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі залатымі літарамі ўпісанае ў сучасную гісторыю адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Лёс распарадзіўся так, што я, па даручэнні Прадстаўніка Апостальскага Пасаду ў былым Савецкім Саюзе, святой памяці арцыбіскупа (пазней кардынала) Франчэско Каласуона, павінен быў паведаміць ксяндзу прэлату Казіміру Свёнтку, што Папа Ян Павел II прызначае яго Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Мітрапалітам і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі і пытаецца аб яго згодзе.

У той час я паехаў ва Украіну, у Жытомір на біскупскую кансэкрацыю ксяндза Яна Пурвінскага і там нечакана сустрэў ксяндза Свёнтка. Пасля Імшы ў жытомірскай катэдры я сказаў яму пра рашэнне Папы. Ксёндз Свёнтэк адказаў, што яму ўжо ідзе 77 год, а ва ўзросце 75-ці біскуп павінен прасіць Папу аб вызваленні ад абавязкаў, на што я адказаў, што Папа пра гэта добра ведае, і калі прызначае яго, то ў гэтым ёсць неабходнасць, а час можна распачаць лічыць нанова. Тады ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк адказаў, што ў рашэнні Папы бачыць Божую волю і прымае прызначэнне. (…)

Сустракаючыся і працуючы разам з кардыналам Казімірам Свёнткам, я перадусім быў уражаны клопатам Яго Эмінэнцыі пра Касцёл і яго будучыню. Касцёл яму быў Маці, якая яго нарадзіла для духоўнага жыцця, і якой ён ахвярна служыў да канца сваіх дзён. (…)

Выказваю ўдзячнасць ахвярадаўцам і ўсім, хто напісаў свае ўспаміны пра Яго Эмінэнцыю кардынала Казіміра Свёнтка, а таксама выдавецтву «Про Хрысто» за падрыхтоўку і выданне гэтай кнігі. Іх і ўсіх чытачоў кнігі ад усяго сэрца благаслаўляю.

 

 

Вольга Адамовіч


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий