Духоўная кніга

Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам,  што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з  навінкамі духоўнай літаратуры.

 

 

Асаблівы скарб

 

 

Кніга св. Альфонса Лігуоры «Наведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту» – асаблівы скарб для тых, хто жадае прабываць перад Езусам Эўхарыстычным і выкарыстоўваць парады святога доктара Касцёла дзеля паглыблення адносінаў з Хрыстом. Яна выйшла ў свет ў выдавецтве «Про Хрысто» з нагоды правядзення Пятага Ружанцовага кангрэсу ў Магілёве. Прапануем пазнаёміцца з прадмоваю да кнігі аўтарства арганізатара кангрэсу а. Рамана Шульца ОР.

 

Liguory-voklДарагія браты і сёстры, мы прапануем вам гэтую кнігу, бо мноства людзей дзякуючы ёй навучыліся любіць Пана Езуса і знайшлі Яго, сапраўды прысутнага ў табэрнакулюме.

У гэтым сусветным бестселеры сабраныя разважанні, напоўненыя любоўю да Езуса. Яны аб’яднаны ў 31 сустрэчу. Гэта цудоўная кніга, залатая класіка духоўнай літаратуры. Мы рады, што яна з’явілася на беларускай мове, дзякуем перакладчыку і ўсім, хто паклапаціўся пра якасць гэтага выдання. Мова, якою піша святы доктар Касцёла, можа здавацца часам няпростаю для чытання і малітвы, бо гэтаму тэксту ўжо 300 гадоў. Аднак стыль аўтара вельмі лагічны і звязны, таму ад чытача патрэбна толькі ўважлівае чытанне і разважанне над тэкстам. <…>

У свеце няшмат кніг, падобных да гэтай, дзе змест наўпрост з сэрца святога Альфонса выліваецца на паперу, і няшмат кніг, здольных настолькі моцна прывабіць чытача да Эўхарыстычнага Езуса, дапамагаючы распаліць у сэрцы сапраўдную любоў да Яго.

У сваіх разважаннях святы Альфонс натхняе чытача цытатамі са Святога Пісання, адкрываючы нам розныя праявы Божай любові да чалавека. Ён гаворыць пра любоў таго Бога, які 24 гадзіны на дзень чакае нас у табэрнакулюме. Вельмі ўзрушвае, што Альфонс Лігуоры дзеліцца з чытачамі асабістымі думкамі і гэтак дапамагае лепш пазнаваць Езуса і захапляцца Яго любоўю.

Яшчэ адна перавага кнігі ў тым, што падчас кожнай сустрэчы аўтар заахвочвае нас прыняць Езуса ў сэрца ў духоўнай Камуніі. Гэтая практыка нанова ажыла ў Касцёле, калі распачалася пандэмія COVID-19 і з розных прычынаў вернікі ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі праз інтэрнэт-трансляцыі і прымалі Камунію духоўна. <…>

Тут чытач таксама знойдзе малітвы да Божай Маці, складзеныя вялікімі марыйнымі містыкамі. Старажытныя марыйныя антыфоны і малітвы да Яе цудоўна выяўляюць духоўнасць вялікіх святых, прызнаных Касцёлам, што надзвычай каштоўна для нас. (…)

 

 

  а. Раман Шульц ОР


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий