Духоўная кніга

Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам,  што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з  навінкамі духоўнай літаратуры.

 

 

 

«Бог заўсёды быў са мною…»

Успаміны пра ксяндза Вацлава Пянткоўскага

 

 

 

 

У выдавецтве “Про Хрысто” выйшла кніга ўспамінаў пра легендарнага святара ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага, былога генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі. Нягледзячы на цяжкія выпрабаванні лёсу, гады зняволення ў ГУЛАГу, кс. Вацлаў застаўся верны Хрысту і Касцёлу. Сваімі ўспамінамі дзеляцца яго выхаванцы – былыя клерыкі падпольнай семінарыі, якую арганізаваў кс. Пянткоўскі, сённяшнія біскупы і святары.

 

   Pyantkouski-Vokladka-1Постаць палымянага святара раскрываюць і словы самога ксяндза Вацлава, якія змешчаны ў кнізе:«Супакаенне я знаходзіў толькі ў малітве і ў напружанай святарскай працы. Бог заўсёды быў са мною і шчодра надзяляў мяне мужнасцю… Справа, якую я выконваў, была сапраўднай, Божай. Я служыў Богу і людзям, згодна з Божым наказам. А служба гэтая – дзеля праўды, любові, справядлівасці, спакою, благаслаўлення, радасці, шчасця, найвялікшага дабра, сацыяльнага парадку, дзеля хрысціянскіх вартасцяў. Гэтыя вартасці хрысціянскай рэлігіі, прывітыя Богам і ўдасканаленыя праз Яго Сына Езуса Хрыста, з’яўляюцца прагненнем кожнай добрай душы. Увесь свет з вялікім жаданнем чакае сапраўднага спакою без войнаў, нянавісці, зайздрасці, махлярства, сквапнасці і карыслівых намераў. Прагне быць вольным… Калі я служу гэтай вялікай справе, гэтаму бессмяротнаму, магутнаму Каралю ўсіх каралёў і Пану ўсяго свету, то хіба ж ёсць яшчэ штосьці больш узнёслае?! Гэта сапраўдная раскоша! А пераносіць цяжкасці, зносіць пагарду, знявагі, быць наканаваным на зняволенне…, на заўчасную смерць – гэта гераізм…»

   Успаміны пра ксяндза Вацлава Пянткоўскага, якімі дзеляцца ў гэтым выданні былыя яго выхаванцы, гулкім рэхам адгукнуцца ў сэрцах шматлікіх вернікаў, якім ён дапамог пазнаць Бога і Божую праўду.

 

 

                                                                                Эльвіра ПАЛІНЕЎСКАЯ.

 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий