Духоўная кніга

Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам,  што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з  навінкамі духоўнай літаратуры.

 

 

 

Урок каштоўнасці жыцця

 

 

«Крыніца спакоюаддацца Божай волі: рабіць тое, што ў нашых сілах, астатняе пакінуць Божаму Провіду і давяраць, як дзіця, Яго найлепшай Маці, Найсвяцейшай Панне Марыі…»    

  Святы  Максімільян Марыя Кольбэ OFMConv

 

 

Okladka-Kolbe-2Намаганнямі Ордэна братоў меншых канвентуальных (OFMConv) і выдавецтва «Про Хрысто» убачыла свет кніга «Рыцар Беззаганнай». Выданне прысвечана святому Максімільяну Кольбэ, яго пакліканню і місіі. Жыццё гэтага святога — цудоўнае сведчанне веры і любові да Бога і да Беззаганнай Панны Марыі, якой ён даручыў сваё жыццё з дзяцінства. Гэты пераказ кнігі М. Канчкоўскай «Айцец Кольбэ» адрасаваны для падлеткаў. Пераклад з польскай мовы і пераказ зрабіла беларуская пісьменніца Ірына Жарнасек. Ілюстрацыі выкананы вядомай мастачкай Галінай Хінка-Янушкевіч.

Як піша ва ўступе да кнігі айцец Павел М. Раманчук OFMConv: «Жыццё святога Максімільяна з’яўляецца ўрокам для сучаснага пакалення: урокам каштоўнасці жыцця, урокам перажывання і рэалізацыі асабістага паклікання, урокам годнасці, якою Бог адарыў кожнага чалавека. Гэтую мудрасць неабходна адкрываць, таму я заахвочваю ўсіх пазнаёміцца з кнігаю, якая дае нам такую магчымасць.

Як пры жыцці св. Максімільян клапаціўся пра кожнага чалавека і атуляў яго сваёй малітвай, няхай гэтак жа і сёння ён заступаецца за тых, хто пазнае яго ахвярнае жыццё і руплівую дзейнасць на старонках гэтай кнігі».

 

 

Вольга АДАМОВІЧ.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий