Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай плануем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Быць «Пакаленнем М»
У выдавецтве «Про Хрысто» выйшла кніжачка з выбранымі малітвамі для моладзі. Зручны, невялікага памеру малітоўнік быў падрыхтаваны спецыяльна як дапамога для маладога чалавека, каб вучыцца давяраць Богу кожны момант свайго жыцця ў малітве і быць пакаленнем «М» – пакаленнем малітвы, якая прыносіць плён.
Складальнікі не імкнуліся ахапіць увесь багаты спектр рэчаіснасці маладога чалавека, а вылучылі толькі найбольш важныя сферы жыцця, якія варта напоўніць Божай прысутнасцю. Гэта – духоўнае жыццё, сфера пачуццяў, сексуальнасць, праца і служэнне, а таксама выклікі гэтага свету. У кнігу ўвайшлі малітвы, якіх вы не знойдзеце ў іншых беларускамоўных малітоў-ніках, напрыклад, навэнна да св. Людовіка Мартэна за людзей, якія перажываюць дэпрэсію, малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі аб адкрыцці дару жаноцкасці, малітва да св. Юзафа аб адкрыцці дару мужнасці, малітва аб унутраным аздараўленні.
Малітвы, літаніі, навэнны і псальмы змешчаныя ў пяці раздзелах: «Я і мая душа», «Я і маё цела», «Я і мае пачуцці», «Я і мая праца», «Я і гэты свет». Напачатку кожнага раздзела малітоўнічка пададзеныя, адпаведныя тэматыцы, нумары артыкулаў з катэхізіса для моладзі YOUCAT, які дапаможа паглыбіць рэлігійныя веды.
Кацярына Дурко