Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
У чэрвені 2021 г., па ініцыятыве пробашча мінскага касцёла святых Сымона і Алены кс. каноніка Уладзіслава Завальнюка адбылася малітоўна-пакутніцкая аўтапілігрымка з копіямі цудадзейных абразоў уздоўж межаў нашай краіны. У перэгрынацыі ў сваіх цудадзейных абразах Найсвяцейшая Панна Марыя пераадолела многія тысячы кіламетраў, беручы пад сваю апеку ўсю нашу краіну і яе жыхароў. Гэта вельмі важная малітоўная акцыя, падчас якой вернікі маліліся аб спакоі ў нашай краіне і ў свеце, аб еднасці нашага народа, за сем’і і моладзь, аб спыненні пандэміі, а таксама аб хутчэйшым аднаўленні Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе. І малітоўная акцыя -пілігрымка працягваецца, бо вернікі многіх парафій Беларусі прагнуць запрасіць Маці Божую, каб яна наведала іх мясціны.
У гэтай брашуры, якая так і называецца “Цудадзейныя абразы Маці Божай” прадстаўлена сціслая інфармацыя пра абразы Маці Божай, копіі якіх, у выкананні мастачкі Ядвігі Сенько, вандруюць у аўтапілігрымцы па парафіях нашай краіны. Тут пададзены малітвы да Маці Божай, а таксама інфармацыя пра святыні, дзе знаходзяцца арыгіналы і копіі цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны ў Беларусі, пра набажэнствы і адпусты, якія адбываюцца ў святынях.
Вольга АДАМОВІЧ.