Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Кніга — аб’яўленне
«Дзённік» святой сястры Фаўстыны Кавальскай, які на беларускай мове пабачыў свет у выдавецтве “«Pro Christo», – бестселер сусветнай містычнай літаратуры. Гэта адначасова захапляльная гісторыя адносінаў душы з Богам і падручнік цярпення, пакоры ды малітвы, шчодрае аб’яўленне Божай Міласэрнасці і кніга-гімн на яе хвалу.
«Дзённік» складаецца з шасці сшыткаў і дадатку «Мая падрыхтоўка да святой Камуніі». Сястра Фаўстына пісала яго на працягу апошніх чатырох гадоў жыцця (1934–1938) па наказе спаведнікаў і выразным загадзе Езуса Хрыста. У ім апісаныя містычныя сустрэчы святой з Панам Богам і перададзена пасланне Божай Міласэрнасці, якое так патрэбнае ўсяму сучаснаму свету і кожнаму чалавеку паасобку. Таму гэта адна з кніг, што назаўсёды перамяняюць душу чытача і да якіх можна шматразова звяртацца на працягу ўсяго жыцця.
Падзеі, апісаныя ў «Дзённіку», распавядаюць пра зараджэнне культу Божай Міласэрнасці, у прыватнасці пра гісторыю стварэння абраза Езуса Міласэрнага, устанаўлення свята Божай Міласэрнасці, з’яўлення і распаўсюджвання Вяночка да Божай Міласэрнасці, а таксама адпаведнай літаніі і навэнны. З гэтым набажэнствам Пан Езус звязваў вялікія абяцанні і прасіў сястру Фаўстыну перадаць іх усяму чалавецтву: «Я абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, і асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду ахоўваць яе як сваю хвалу»; «з душамі, якія будуць прыбягаць да Маёй міласэрнасці і якія будуць яе праслаўляць і абвяшчаць іншым пра Маю вялікую міласэрнасць, Я паступлю ў гадзіну смерці адпаведна Маёй бясконцай міласэрнасці» (Дз., 48, 379). Кніга напоўнена сведчаннямі, просьбамі, благаслаўленнямі і абяцаннямі, якія сам Пан Бог перадае нам праз сястру Фаўстыну.
З гэтаю кнігаю нібы нанова перажываеш усё сваё жыццё, пераглядаючы яго ў іншым святле – у ззянні Божай Міласэрнасці. Пачынаеш па-іншаму ўспрымаць свае дасягненні і няўдачы, свае жаданні і мары… Душа спакайнее і лагаднее, ды ўслед за святою Фаўстынаю хоча паўтараць: «Я змучана і спрацавана, // Але сумленне мне сведчыць аб тым, // Што я раблю ўсё для большай хвалы Пана, // Пан – мая спадчына і мой спачын» (Дз., 1000).
Ганна Шаўчэнка