Духоўная кніга

Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам,  што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з  навінкамі духоўнай літаратуры.

 

 

 

З Марыяй – да Езуса

 

 

 

 f-oklУ выдавецтве «Pro Christo» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пабачыла свет новае выданне – брашура «Дар Марыі. Гісторыя і сутнасць аб’яўленняў. Навэнна да Маці Божай, якая аб’явіла Цудоўны медалік».

Цудоўны медалік (медалік Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі) з’явіўся ў выніку аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны, якія адбыліся ў 1830 г. у капліцы Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці на вуліцы дзю Бак у Парыжы. Маці Божая аб’явілася Кацярыне Лябурэ (1806–1876), якая тады ў Кангрэгацыі праходзіла навіцыят.

Першыя медалікі былі адлітыя ў чэрвені 1832 г. і хутка сталі знакам асаблівага Божага дзеяння, шматлікіх аздараўленняў і навяртанняў – менавіта таму медалік і пачалі называць цудоўным. Аб’яўленне Найсвяцейшай Панны Марыі і змешчаны на галоўным баку медаліка заклік «О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае», паспрыялі таму, што ў 1854 г. папа Пій IХ абвясціў дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі выдала паведамленне адносна падрыхтоўкі да 200-годдзя аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі св. Кацярыне Лябурэ. Знакавая дата будзе адзначацца ў 2030 г.: «У сувязі з гэтым юбілеем па ініцыятыве місіянераў святога Вінцэнта дэ Поля і сясцёр Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці 27 лістапада 2021 года ў Польшчы распачалася дзевяцігадовая Навэнна да Маці Божай Цудоўнага медаліка (медаліка Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі), да якой можна далучыцца ў любы момант. Паколькі пасланне, якое абвясціла Маці Божая ў 1830 годзе, і Яе медалік – сімвал гэтага паслання – актуальныя ва ўсе часы і асабліва сёння, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ахвотна падтрымлівае гэтую ініцыятыву абедзвюх Кангрэгацый св. Вінцэнта дэ Поля. <…>

Навэнна будзе мець характар своеасаблівай „перэгрынацыі медаліка“; яе асноўная тэма — „Цудоўны медалік: знак з неба і ўказальнік шляху да неба“. Спадзяемся, што гэтая ініцыятыва паспрыяе ажыўленню веры, аднаўленню жыцця ў Хрысце…». У брашуры пададзена кароткая гісторыя і сутнасць аб’яўленняў Маці Божай Кацярыне Лябурэ. Таксама змешчаны тэкст няспыннай навэнны да Маці Божай Цудоўнага медаліка.

 

 

 

Падрыхтавала Эльвіра Палінеўская.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий