Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
«Маці Суцяшэння,
прыйдзі ў сем‘і нашы…»
Да вялікага юбілею, 100-годдзя вяртання абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у вёску Баруны Ашмянскага раёна, была прымеркавана яшчэ адна важная падзея – выданне кнігі «Малітвы да Маці Божай Барунскай. Modlitwy do Matki Bozej Borunskiej», якая пабачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто» на беларускай і польскай мовах.
Абраз Маці Божай, які некалькі стагоддзяў таму з’явіўся ў барунскім касцёле, увесь час славіўся шматлікімі цудамі і ласкамі, што атрымалі вернікі, дзякуючы сваёй шчырай веры, руплівай малітве і адданню сябе Найсвяцейшай Панне Марыі. Маці Божая Суцяшальніца Засмучаных – а менавіта такім сімвалічным тытулам вернікі ўшаноўваюць знакаміты абраз у Барунах – цяпер нястомна таксама заступаецца за сваіх дзяцей, якія на зямлі штодня з даверам звяртаюцца да Яе ў сваіх цяжкасцях і выпрабаваннях. Па гэтай прычыне малітоўнік, выдадзены з нагоды 100-гадовага юбілею, можа стаць малітоўнаю апораю для кожнага верніка, які ў блуканні па звілістых шляхах зямнога жыцця, па далінах сумненняў ці слёз шукае нябеснай падтрымкі.
Малітоўнік распачынаецца кароткім нарысам з гісторыі цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай, які ў складаных падзеях XVII–XX стагоддзяў не толькі ацалеў, але і ў вандраванні па розных месцах нашай Айчыны спрыяў навяртанню многіх вернікаў, а затым вярнуўся ў тую святыню, дзе першапачаткова быў змешчаны па просьбе самой Панны Марыі.
У кнігу ўвайшлі таксама «Навэнна да Маці Божай Барунскай» са сціслым тлумачэннем духоўнага сэнсу гэтага набажэнства і з малітвамі на кожны дзень навэнны; «Малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных», «Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі» (Ларэтанская) і яшчэ некалькі кароткіх малітваў да Маці Божай.
«Маці Суцяшэння, // Прыйдзі ў сем’і нашы, // Ўнясі спакой Божы // Пад кожны паддашак!» – так мілагучна звіняць словы вядомай касцёльнай песні -малітвы, якую на беларускую мову пераклала паэтка Ірына Багдановіч і поўны тэкст якой таксама змешчаны ў малітоўніку. Няхай гэтыя словы знойдуць глыбокі водгук у душы кожнага, хто будзе карыстацца гэтаю кнігаю, і цалкам увасобяцца ў нашым сямейным, сацыяльным, прафесійным і духоўным жыцці.
Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка