Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Да сакрамэнту канфірмацыі
У выдавецтве «Про Хрысто» пабачыла свет 5-е, дапоўненае і дапрацаванае выданне «Катэхізіса», які служыць дапаможнікам пры падрыхтоўцы да сакрамэнту канфірмацыі (складальнік с. Марына Пашук).
Адразу варта адзначыць, што дадзеная кніга, паводле свайго зместу, мае шырокае прызначэнне, таму што па сутнасці ў ёй выкладзены асноўныя праўды каталіцкай веры. Яна можа стаць сціслым і даступным даведнікам, які дапамагае арыентавацца на духоўных сцежках жыцця, для кожнага веруючага чалавека.
Першая частка кнігі – «Пра сакрамэнт канфірмацыі» – прысвечана выкладу вучэння Касцёла пра Духа Святога – адну з Асобаў Найсвяцейшай Тройцы. Дух Святы – «Пан і Жыватворца», як мы называем яго ў Сімвале веры, – суцяшае і ўмацоўвае хрысціяніна на шляху да Нябеснага Валадарства. Прымаючы Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, мы атрымліваем шматлікія Божыя дары і ўзрастаем у веры. Якія ж абавязкі вынікаюць з сакрамэнту канфірмацыі? Хто можа прыняць гэты сакрамэнт і якое сімвалічнае значэнне маюць некаторыя яго элементы? Пра гэта таксама ідзе гутарка ў першай частцы кнігі.
Асноўны змест выдання складае «Катэхізіс у пытаннях і адказах», дзе распавядаецца пра Божае Аб’яўленне, пра святы Касцёл, пра хрысціянскую маральнасць, малітву, ласку, святыя сакрамэнты і пра іншыя важныя рэчы, якія абавязаны ведаць кожны католік. У «Дадатку» падаюцца малітвы, звязаныя з сакрамэнтам канфірмацыі і з набажэнствам да Духа Святога, а таксама «Парадак удзялення канфірмацыі» па- за Імшою.
Быць у пастаянным духоўным кантакце з Духам Святым, штодзённа прасіць Яго аб ласках і дарах – годная і збаўчая справа для кожнага хрысціяніна. Няхай гэты дапаможнік стане для чытача чарговаю ступенькаю ў глыбокім пазнанні Бога, бязмежна міласэрнага і шчодрага на шматлікія дары.
Ганна Шаўчэнка.