Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
«Паэтычны каляндар»:
малітва, творчасць, адпачынак
Ці можна спалучыць у адзін непарыўны працэс пазнанне Бога, рэлігійнае развіццё, акунанне ў паэтычнае мастацтва слова і маляванне? Выяўляецца, што так, можна. Практычнае пацвярджэнне таму – кніга-альбом «Паэтычны каляндар. Каталіцкія святы ў вершах і малюнках», вершы да якога напісаў беларускі паэт Мар’ян Дукса, а выявы-размалёўкі стварыла мастачка Галіна Хінка-Янушкевіч (Мінск, «Про Хрысто», 2020).
На 60-ці старонках кнігі чытач пазнаёміцца з натхнёнымі паэтычнымі рэфлексіямі, прысвечанымі паасобку кожнай урачыстасці, святу ці літургічнаму ўспаміну, што адзначаюцца ў Касцёле і аточаныя асабліваю пашанаю сярод вернікаў нашага краю. Побач з паэтычнымі творамі змешчаны прыгожыя тэматычныя малюнкі, якія дзеці або дарослыя могуць дапоўніць фарбамі ў адпаведнасці са сваім густам і настроем. У сваю чаргу такое размалёўванне – таксама спосаб малітвы і адпачынку. Чытач нібы поўнасцю – розумам, эмоцыямі, праз зрокавае ўспрыманне і тэхнічна, праз творчую працу пэндзлікам і фарбамі – уключаецца ў перажыванне свята ці літургічнага перыяду. Для дзіцяці такі спосаб вывучэння асноўных біблійных падзей і касцёльных урачыстасцяў дасць цудоўныя магчымасці для развіцця.
Дарослыя могуць займацца творчасцю сумесна з дзецьмі або самастойна — цудоўна, калі ў кожнага члена сям’і будзе ўласны размаляваны альбом з рэлігійнымі вершамі, бо вынікамі такой працы можна ўзаемна дзяліцца, іх можна абмяркоўваць, дапаўняць жаданымі элементамі, а потым захоўваць як памятку перажытага года… Па сутнасці, кожны разварот у гэтай кнізе з вершам і адпаведным малюнкам – гэта асобная глыбокая гісторыя, якая хоць і адбылася дзве тысячы гадоў таму, але працягвае спаўняцца ў жыцці кожнага з нас.
Кніга «Паэтычны каляндар» – ідэя для цудоўнага падарунка. Яе могуць выкарыстоўваць катэхеты на занятках рэлігіі, бацькі, праводзячы час з дзецьмі, а таксама ўсе, хто любіць паэзію і мастацкую творчасць.
Ганна Шаўчэнка.