Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай плануем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
«Как Бог приходит в семью»
Выйшла кніга нямецкага тэолага і педагога Альберта Бізінгера пра рэ-лігійнае выхаванне ў сям’і. Пасля перакладчыка мне давялося першай прачытаць на рускай мове кнігу нямецкага тэолага і педагога Альберта Бізінгера «Как Бог приходит в семью». Рэдактарская праца аказалася цяжкаю, але адначасова і цікаваю – надта мне імпанавала ненавязлівая, простая мова аўтара, з якою ён заклікае бацькоў не баяцца і дазволіць Богу ўвайсці ў іх сям’ю. Каму як не яму, бацьку чатырох дзяцей, раіць нам, маладым (а можа, яшчэ і не бацькам), як выхоўваць дзяцей у духу здаровай пабожнасці?
«Суправаджаць», «Божы дотык», «пуцяводны анёл», «сямейны рытуал» – гэта словы, якія сустракаюцца ў кнізе часцей за іншыя. І перад тым, як вы возьмеце ў рукі кнігу, я хачу падзяліцца з вамі высновамі, якія пасля яе чытання і перачытвання я зрабіла дзякуючы гэтым словам. Суправаджаць (а не навязваць, не змушаць, не шантажыраваць) – гэта асноўнае дзеянне, уласцівае рэлігійнаму выхаванню дзіцяці. А.Бізінгер заклікае нават тых бацькоў, якія самі не атрымалі годнага рэлігійнага выхавання, не баяцца развівацца на духоўным шляху разам з дзецьмі, шукаць разам з імі адказы на дзіцячыя, але з-за гэтага не меней сур’ёзныя і важныя пытанні пра жыццё, смерць і Бога.
«Любоў Божая ўжо нас ахінае», – піша аўтар. Божы дотык – гэта працэс, які, пачаўшыся ад моманту зачацця, ужо ніколі не заканчваецца. Для сям’і словы «У вас будзе дзіця…» ці «У вас нарадзілася дзіця…» могуць стаць пачаткам незвычайнага духоўнага вопыту. Бог – гэта крыніца жыцця, у тым ліку і жыцця чалавечка, якога бацька і маці ўпершыню бяруць на рукі пасля яго нараджэння. Божы дотык, той, што няспынна ёсць, трэба толькі адкрыць у сваім жыцці і дапамагчы заўважыць яго дзіцяці.
Адзін з дванаццаці заклікаў кнігі гучыць так: «Вы пакліканыя быць адно для аднаго – „анёламі“. Там, дзе ёсць анёлы, дзейнічае і Божы клопат, Божая любоў. Клапоцячыся адно пра аднаго ў сям’і, мы такім чынам запрашаем у яе Бога. Бацькі клапоцяцца пра дзяцей, з’яўляючыся для іх «пуцяводнымі анёламі» на шляху іх рэлігійнага і чалавечага ўзрастання. Маці і бацька клапоцяцца адно пра аднаго, удзяляючы час развіццю сужэнскіх адносінаў і даючы сабе час на аднаўленне духоўных і фізічных сіл.
Дзеці клапоцяцца пра бацькоў, даючы ім магчымасць пабыць разам і вучачыся паважаць іх межы як сужэнскай пары. Так і ствараецца «анёльская супольнасць».
«Сямейны рытуал», на думку А. Бізінгера, – вельмі важная частка штодзённага рэлігійнага выхавання. Сядаць кожны вечар на край ложка сына ці дачушкі і размаўляць пра мінулы дзень, прасіць прабачэння і прабачаць, цікавіцца перажываннямі дзіцяці, чытаць і абмяркоў-ваць біблійныя гісторыі – гэтыя простыя дзеянні могуць прыўнесці ў сям’ю пачуццё бяспекі і адзінства.
Але галоўнае адкрыццё, ці хутчэй, прадчуццё, якое дзякуючы А. Бізінгеру набыло слоў-ную форму, – гэта ўсведамленне, што рэлігійнае выхаванне – не дадатак да агульнага выхавання. Рэлігійнае выхаванне – гэта не толькі заняткі па катэхезе, але шлях, які бацькі і дзеці маленькімі крокамі пераадольваюць разам, узрастаючы ў любові і адкрываючы ў сваім сумесным і паасобным жыцці дотык Стварыцеля. Цікава, якія высновы зробіце вы пасля прачытання кнігі? Дзяліцеся імі знамі і з вашымі знаёмымі. Але галоўнае – каб зробленыя вы-сновы давалі плён у вашых сямейных адносінах.
Дар’я АХЛАМЁНАК