Духоўная кніга

Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам,  што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з  навінкамі духоўнай літаратуры.

 

 

Да сустрэчы з Езусам у малітве

 

 

OKLADKAБлізкія, глыбока асабістыя, даверлівыя адносіны з Езусам –  гэта той фундамент, на які абапіраецца малітва. Калі малітва становіцца больш палымянай і сталай, тады больш глыбокай і пераўтваральнай становіцца наша сувязь з Богам. Сілу для зменаў заўсёды дае прысутнасць Хрыста, блізкія адносіны з Ім. Бо калі доўга застаешся з кімсьці, становішся падобным да яго, пераймаеш ягоны склад думак і пачуццяў, ягоныя погляды на ўсё, што цябе акружае.

Чарговая кніга айца езуіта Юзафа Аўгустына («Сокровенность и свобода. Встреча с Иисусом». Минск, «Про Хрысто», 2023) прысвечана будаванню менавіта такіх адносін з Богам. Разважанні, прапанаваныя ў ёй, –  гэта не столькі «падрыхтаваныя для іншых» уводзіны ў малітву, колькі дзяленне аўтара ўласным, глыбока асабістым перажываннем малітвы. Тэксты айца Юзафа – безупынны паток гарачай малітвы. Тут чалавек становіцца перад Богам адзін на адзін, пазбаўлены сваіх масак, сваёй уяўнай велічы і славы, і моліцца шчырым сэрцам. У прапанаваных медытацыях заўважаецца дух адкрытай канфрантацыі са Словам Божым, дух пошуку ўнутранай свабоды, а таксама імкненне наладжваць адносіны глыбока асабістай і старанна аберагаемай блізкасці з Езусам.

Гэтая кніга – не нейкае павучэнне, гэта роздум аўтара над праблемамі жыцця ўвогуле, з якімі сутыкаемся ў сваім жыцці, у жыцці нашых блізкіх, у Касцёле, у нашай краіне і ў свеце. Немагчыма прайсці міма таго, што баліць, хочацца пазбавіцца гэтага або (калі нам не па сілах) хоць зразумець сэнс, прыняць. І тады нас ратуе сустрэча з Езусам, глыбока асабістыя адносіны з Ім на малітве. Айцец езуіт Юзаф Аўгустын – добра вядомы духоўны аўтар і арганізатар ігнацыянскіх рэкалекцый, таксама і ў нашай краіне. Яго творы дапамагаюць хрысціянам развіваць сваё духоўнае жыццё, упарадкоўваць адносіны з Богам. Таксама і ў гэтай кнізе ён дае сведчанне таго, што глыбока асабістая, містычная сувязь чалавека з Богам не толькі не прыводзіць да страты сябе самога і чалавечай ідэнтычнасці, а наадварот, напаўняе чалавечае быццё сапраўднай свабодай, дзякуючы якой чалавек можа адказаць на запрашэнне свайго Стварыцеля і Пана любіць Яго ўсім сэрцам, усёю душою, усім розумам і ўсёю моцаю сваёю (пар. Мк 12, 30).

 

 Ірына Бурак.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий