Духоўная кніга

Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам,  што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з  навінкамі духоўнай літаратуры.

 

 

Апякунка Беларусі

 

 

Budslau-Abraz-WokladkaАсаблівасцю сёлетняга фэсту ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай стане святкаванне 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза папскімі каронамі. Перад гэтым абразом вернікі ўжо больш за 400 гадоў выпрошваюць у Панны Марыі шматлікія ласкі і цуды, да яго прыходзяць зблізку і здалёку, каб памаліцца і ўшанаваць верную Апякунку Беларусі. Аднак няшмат хто ведае гісторыю гэтай нацыянальнай святыні. Доўгія стагоддзі наклалі свой адбітак амаль на кожнай дэталі маляванага абраза, яго багата аздобленай шаце і раме. З гэтай нагоды выдавецтва «Про Хрысто» падрыхтавала змястоўную кнігу «Апякунка Беларусі», прысвечаную цудадзейнаму абразу Маці Божай Будслаўскай. Пад адной вокладкай тут сабраныя тры важкія працы, кожная з якіх па-свойму раскрывае духоўнае багацце і ролю гэтага незвычайнага абраза ў каталіцкім жыцці нашага краю.

   Першы раздзел — «Абраз Маці Божай Будслаўскай» — гэта праца мастацтвазнаўцы Аляксандра Ярашэвіча, дзе сцісла распавядаецца пра гісторыю Будслава і ўзнікненне цудадзейнага абраза, пра цуды, звязаныя з ўшанаваннем Маці Божай Будслаўскай і занатаваныя ў кнізе аднаго з гвардыянаў даўняга будслаўскага кляштара. У раздзеле таксама падаецца цікавая інфармацыя пра старажытныя спісы і копіі цудадзейнага абраза Маці Божай.

   У другім раздзеле — «Аздабленне абраза Маці Божай Будслаўскай у 1632–1783 гг.» — рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі прапануе сваё даследаванне гісторыі цудадзейнага абраза, яго срэбранай шаты, каронаў Маці Божай і Дзіцяткі Езуса, а таксама багата аздобленай рамы. Аўтар меў магчымасць назіраць за рэстаўрацыяй абраза, якая была праведзена ў 2021–2022 гг. і дала магчымасць блізка судакрануцца з кожнаю дэталькаю на ім, што мае сваё загадкавае і цікавае паходжанне.

   Трэці раздзел — «Вобраз Маці Божай Будслаўскай у сучасным мастацтве» — належыць аўтарству Алега Глекава, мастацкага і тэхнічнага рэдактара выдавецтва «Про Хрысто». Ён сабраў грунтоўную інфармацыю пра ўзнікненне, паходжанне і распаўсюджванне спісаў і копій цудадзейнага абраза з часоў адраджэння рэлігійнага жыцця і культу Маці Божай Будслаўскай на нашых землях. Акрамя таго, аўтар распавядае пра ўвасабленне вобраза Марыі з цудадзейнага абраза ў мастацкіх працах і ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Хочацца спадзявацца, што кніга «Апякунка Беларусі» паспрыяе яшчэ большаму пашырэнню культу Маці Божай Будслаўскай, а таксама заахвоціць чытачоў заставацца вернымі ў сваёй малітве да Панны Марыі, не пакідаць надзеі і памятаць, што Багародзіца сама заўсёды прагне адорваць нас шматлікімі ласкамі, нават такімі, аб якіх мы не просім.

 

 

Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий