Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Адпусты
Скарб Касцёла
«Адпусты», – так называецца выданне, якое нядаўна ўбачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто».
Касцёл не толькі заахвочвае да дабрачыннасці і пакаяння, але жадае таксама дапамагчы хрысціяніну праз заслугі Езуса Хрыста і святых атрымаць ад міласэрнага Айца адпушчэнне часовай кары за грахі.
Касцёл па праву даручанай яму ўлады праз адпусты ўдзяляе выбаўленне ад часовай кары за грахі. Дзякуючы адпустам, вернікі, якія знаходзяцца ў ласцы Божай, могуць атрымаць гэтае выбаўленне ад часовай кары за грахі для сябе, а таксама для душаў, якія знаходзяцца ў чыстцы.
Каталіцкі Касцёл называе адпуст як «дараванне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія ўжо прабачана. Вернік атрымлівае яго пры пэўных умовах для сябе самога або для памерлых праз паслугу Касцёла» (ККК. Кампендый, п. 312). Варта памятаць, што для атрымання адпусту трэба быць у стане асвячальнай ласкі, прыняць Святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.
Акрамя падрабязнай інфармацыі пра поўныя і частковыя адпусты, у брашуры змешчаны таксама малітвы, гімны і акты ўміласціўлення, за якія можна атрымаць адпуст.
Дарэчы, поўны адпуст можна атрымаць (пры выкананні ўмоваў): 31 снежня — за публічнае чытанне (або спеў) гімна «Цябе, Бога, праслаўляем» з падзякай Богу за атрыманыя на працягу года ласкі; 1 студзеня (урачыстасць Багародзіцы Марыі) — за пабожнае публічнае чытанне (або спяванне) гімна «Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы». Тэкст гімна павінен быць прачытаны цалкам.
Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка