Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Немагчыма застацца абыякавым …
Напрыканцы мінулага года ў выдавецтве «Про Хрысто» выйшла кніга Раісы Зянюк «Ксёндз Юзаф Барадзюля: жыццяпіс і ўспаміны», прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння гэтага моцнага духам, дарэшты адданага Богу святара, які паходзіў з Віцебшчыны. Для свайго грунтоўнага даследавання аўтарка сабрала мноства дакументаў і матэрыялаў у архівах Беларусі і замежжа, сустрэлася са сваякамі ксяндза Юзафа і з іншымі людзьмі, якія захоўваюць жывую памяць пра яго, запісала цікавыя сведчанні з іх вуснаў, а таксама пераклала на беларускую мову і падрыхтавала да выдання пісьмовыя ўспаміны самога кс. Юзафа.
Як піша ва ўводзінах да кнігі Раіса Зянюк, доўгі час асоба ксяндза Юзафа не была шырока вядомай у Беларусі, хоць ён прынёс вялікую ахвяру дзеля сведчання веры ў нашым краі – рэпрэсаваны за сваю святарскую дзейнасць, больш за 25 гадоў правёў пад арыштамі, у турмах і ссылках, і нават пасля вызвалення амаль да канца свайго жыцця не меў права афіцыйна займацца душпастырствам. «Я імкнулася максімальна напоўніць гэтую кнігу дакументамі, якія не толькі дапамагаюць у вызначэнні асноўных жыццёвых этапаў кс. Юзафа Барадзюлі, але і дазваляюць нам уявіць, як выглядала жыццё святара ў ХХ ст., якія падзеі суправаджалі дзейнасць духавенства, паказаць больш шырокі кантэкст, у якім жыло грамадства таго часу», – напісала яна ва ўводзінах. І ёй сапраўды ўдалося даць чытачу вельмі выразнае ўяўленне пра складаную атмасферу рэлігійнага жыцця Беларусі ў ХХ стагоддзі.
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч ва ўступным слове да выдання звярнуў увагу на тое, што кніга пра ксяндза Юзафа Барадзюлю і яго сведчанне вельмі патрэбныя сучаснаму грамадству: «Сёння існуе спакуса не быць вернымі свайму слову, сваім абяцанням, сваім прысягам. <…> Так, гэтая вернасць можа прывесці да выпрабаванняў, але ў Евангеллі сказана: „Той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены“ (Мц 24, 13)».
Чытаючы жыццяпіс і ўспаміны ксяндза Юзафа, змешчаныя ў дадатку, цікава назіраць за тым, што яму надавала сілы вытрываць.
Кніга насычана фотаздымкамі, выявамі дакументаў і лістоў, матэрыялаў прэсы і старонак аўтабіяграфіі ксяндза Юзафа Барадзюлі. Яна будзе карыснаю не толькі тым, хто цікавіцца гісторыяй, але і кожнаму верніку, бо немагчыма застацца абыякавым да такіх цярпенняў і такой моцы чалавечага духу…
Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка