Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Як пазнаць сапраўднае аблічча Бога
Працягваючы знаёміць вас, шаноўныя чытачы, з духоўнымі творамі, у гэтым нумары звяртаемся да кнігі с. Нунэ Цітаян MSF «Крыж і Пасха», якая дапаможа заглыбіцца ў сэнс Хрыстовай Ахвяры і Ягонай бескарыслівай любові.
Разгортваючы першыя старонкі кнігі «Крыж і Пасха», я чакала, што сустрэну ў ёй чарговыя мудрагелістыя тэалагічныя разважанні пра сэнс Хрыстовага крыжа, цярпення і ўваскрасення, а наткнулася на поўны шчырасці аповед пра пошукі аўтарам – сястрой Нунэ Цітаян, MSF – адказаў на пытанні, якія непакояць і адначасова натхняюць усе пакаленні чалавецтва з таго часу, як Хрыстус прыйшоў на зямлю і прыняў за ўсіх нас пакутлівую смерць.
Мы нібыта шмат ведаем і самі можам вучыць іншых, але калі нас раптам кранае цярпенне, то разумеем, што не здольныя жыць тымі праўдамі, у якіх так абазнаныя, што хрысціянская рэальнасць для нас – толькі тэорыя. «Ты моцна пакутуеш, але не ўмееш пакутаваць», – гэтыя словы з верша польскага паэта Рамана Брандштэттэра, працытаваныя аўтарам, становяцца для чытача своесаблівым сігналам, які з кожнай новай старонкаю кнігі нагадвае, што мы, хрысціяне, сапраўды, губляемся перад Дрэвам Пазнання і Дрэвам Крыжа.
Адбываецца гэта па той прычыне, што мы ўсё жадаем зразумець з дапамогаю логікі, у той час як «мы не здольныя спасцігнуць Бога, таму што Ён ва ўсім непамерна пераўзыходзіць нас». Гэтае перакананне стала адным з ключавых у кнізе с. Нунэ Цітаян. «Нашы пытанні, звернутыя да Бога: чаму? за што? навошта? каму гэта трэба? – гэта пытанні веры, а не пошуку сэнсу», – дадае аўтар і паступова паказвае канкрэтныя, узятыя з уласнага жыццёвага вопыту, шляхі ўмацавання ў сабе такой веры. Гэты вопыт с. Нунэ чэрпае з гісторыі свайго народа (аўтарка з’яўляецца армянкаю па паходжанні), з лёсу сваіх продкаў, са служэння ў Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і, з катэхетычнай працы з дзецьмі. С. Нунэ прыводзіць шматлікія выразныя прыклады, жыццёвыя сітуацыі, якія ставілі ў тупік яе імкненне спасцігнуць Бога моцаю розуму, а знойдзеныя адказы на складаныя экзістэнцыйныя пытанні па-новаму, нечакана адкрывалі Божае аблічча і паказвалі спосабы Божай прысутнасці ў гісторыі чалавецтва.
Ад пытання пошукаў сэнсу і пытання веры с. Нунэ падводзіць чытачоў да прыняцця Божай міласэрнасці, якая з’яўляецца адваротным бокам уяўнай Божай «слабасці», і сцвярджэння Божай моцы, якая выяўляецца ў нашым збаўленні. Згодна з гэтым пабудавана і кампазіцыя кнігі: ад разважанняў пра муку і смерць Езуса да аповеду пра пакаянне, прыняцце Цела і Крыві Хрыста і спасланне Духа Святога.
«Ці ведаем мы нашага Бога? Які вобраз Бога мы носім у сабе?» – пытаецца ў нас аўтар і праз некалькі старонак з жалем піша: «Ён нам як чужы, не родны. Мы слухаем пра Яго, як сіроты слухаюць цікавыя гісторыі пра сваіх бацькоў, але на самой справе не ведаюць іх». Ці не з’яўлялася і ў вас такое ўражанне? Ці не адчулі вы гэта самі на сабе? Калі так, то кніга с. Нунэ Цітаян дапаможа вам на жыццёвай дарозе, на вашым «шляху ў Эмаўс», пазнаць Хрыста.
Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка