Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Скарб любові
У маі спаўняецца 85 гадоў з дня адыходу да Нябеснага Айца Святой Уршулі Ледухоўскай, USJK – заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага. Гэтую святую вельмі цанілі і паважалі за самаахвярнасць і любоў да бліжніх, асабліва да дзяцей, за яе сілу духа, якую яна сама лічыла сведчаннем сваіх адносінаў з Хрыстом.
Каштоўным скарбам для ўсяго Касцёла з’яўляюцца таксама тэксты біблійных медытацый Святой Уршулі Ледухоўскай. Гэтыя разважанні грунтуюцца на Евангеллі і першапачаткова былі напісаныя для сясцёр манаскай супольнасці. Аднак кожны католік сёння мае магчымасць чэрпаць з гэтага бясцэннага скарбу дзякуючы таму, што медытацыі святой, па ініцыятыве сясцёр уршулянак, выдадзеныя асобнаю кнігаю, якая была перакладзеная на беларускую мову і пабачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто».
«Скарб любові: Біблійныя медытацыі» – такую назву кніга Святой Уршулі Ледухоўскай атрымала нездарма: у адным з разважанняў аўтарка выказвае шчырае жаданне, каб слова Пана стала для яе найдаражэйшым скарбам: «Ці цаню я Евангелле? …Там схаваны скарб, неспасцігальны скарб любові Езуса, любові да Езуса. Да гэтага скарбу трэба часам крапатліва дакопвацца. Часам трэба доўга і з цяжкасцю шукаць яго, але, калі аднойчы знайшоў яго – якое шчасце, якая карысць для душы!». Сапраўды, на прыкладзе ўласных разважанняў Святая Уршуля паказвае, як здабываць каштоўныя «пярлінкі» хрысціянскай мудрасці і цнотаў з бяздонных і багатых глыбіняў Святога Пісання. Для гэтага не патрэбныя нейкія надзвычайныя жыццёвыя сітуацыі – штодзённы побыт, адносіны з блізкімі, роднымі і знаёмымі людзьмі даюць нам магчымасць жыць паводле Евангелля, хоць часта гэта вельмі няпроста!
Тэксты разважанняў сабраныя ў кнізе ў 20 раздзелаў у адпаведнасці са структураю таямніцаў Святога Ружанца. Такім чынам тэматыка медытацый цалкам ахоплівае змест Евангелля: ад звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі да ўнебаўшэсця Езуса Хрыста. А дзякуючы таму, што кожны фрагмент разважанняў унутры тэматычных раздзелаў — гэта кароткі завершаны па сэнсе тэкст, кніга лёгка ўспрымаецца, яе зручна чытаць з любога месца, і яна знойдзе практычнае прымяненне падчас ружанцовай малітвы, у якой разважанне над Святым Пісаннем займае ключавое месца.
Медытацыі святой Уршулі хоць і ўгрунтаваныя на звыклых штодзённых сітуацыях, але скіраваныя да «вышыняў», у «краіну вечнай любові». Разглядаючы зямныя цяжкасці і выпрабаванні, думкі і жаданні, цноты і грахі, радасць і смутак у святле канкрэтных фрагментаў з Евангелля, аўтарка паказвае чытачу спраўджаны шлях да святасці, па якім прайшла яна сама.
Відавочна, што з тэкстаў Святой Уршулі можна скласці цэлы малітоўнік, і ў ім будуць малітвы на кожную патрэбу. У іх не будзе занадта высокіх і абстрактных фразаў – простыя, але глыбокія, зачэрпнутыя з уласнага досведу думкі святой стануць вельмі блізкімі кожнаму з нас. Кожны, хто пачне карыстацца гэтымі разважаннямі, несумненна адкрые для сябе скарб вялікай любові.
Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка