Духоўная кніга

Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам,  што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з  навінкамі духоўнай літаратуры.

 

 

 

З бацькоўскай цеплынёю і шчырасцю

Пра кнігу арцыбіскупа Юзафа Станеўскага

«Як стаць сведкам Хрыста. З любоўю да моладзі».

 

 

 

Staneuski-VokladkaЗ нагоды 10-годдзя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, а таксама 55-годдзя з дня нараджэння Яго Эксцэленцыі ў выдавецтве «Про Хрысто» пабачыла свет кніга «Як стаць сведкам Хрыста. З любоўю да моладзі», у якой пададзены разважанні арцыбіскупа Юзафа Станеўскага пра найважнейшыя аспекты хрысціянскай веры. Кніга нарадзілася з «Блога біскупа», які Яго Эксцэленцыя вёў у Інтэрнэце на сайце Catholic.by з мэтаю па-бацькоўску дапамагаць маладым людзям знаходзіць правільныя жыццёвыя арыенціры. «Тут я змяшчаў кароткія звароты да вас. Я шмат маліўся, каб мае словы, думкі і перажыванні дайшлі да вашых сэрцаў і знайшлі там жывы водгук», – піша арцыбіскуп ва ўступным слове да кнігі.

Выданне прыемна здзіўляе сваёю шматаспектнасцю і рознапланавасцю, чытаецца лёгка і з цікавасцю, бо ў ім ёсць глыбіня і непасрэдная аўтарская шчырасць. Загалоўкі раздзелаў кнігі самі гавораць пра актуальнасць яе тэматыкі: «Пераадольваць страх перад будучыняй», «Ці праўда, што адзін любіць, а другі дазваляе сябе любіць?», «Як бачыць Бога ў цярпенні» і інш. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі з вялікім клопатам піша пра важнасць сям’і, моцнай Богам, пра беражлівыя адносіны да жанчыны, пра любоў у самых розных яе аспектах, у тым ліку пра любоў да Радзімы. У кнізе арцыпастыра вядзецца гутарка пра хрысціянскую пазіцыю і жыццёвую сталасць, пра пашану да працы і пераемнасць пакаленняў, а таксама пра шматлікія іншыя праблемныя пытанні, якія могуць хваляваць сучаснага маладога чалавека.

Аповед аўтара закранае самыя патаемныя куточкі сэрца чытача, вядзецца з пазіцыі брата і сябра, без асуджэння, папрокаў і лішняга дыдактызму. Арцыбіскуп не крытыкуе сучасную моладзь, не страшыць яе грахом, а з цеплынёю дзеліцца рознымі гісторыямі з асабістага досведу, сведчаннямі святых, згадвае кранальныя моманты з жыцця, якія яго самога калісьці моцна ўразілі. Усё гэта нараджае ў душы чытача давер да аўтара і заахвочвае чытаць кнігу да апошняй старонкі.

Варта адзначыць, што кніга  мае  вельмі густоўны дызайн, упрыгожаная малюнкамі і фотаздымкамі, а на апошняй старонцы яе вокладкі змешчаныя шчырыя і пазітыўныя водгукі маладых людзей на тэксты з «Блог біскупа», і гэта -дадатковы штуршок заглыбіцца ў кнігу і паразважаць пра тое, як жа стаць сведкам Хрыста ў сучасным свеце…

 

 

 Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий