Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Спадчына многіх пакаленняў вернікаў
Пра кнігу «Прасіце і атрымаеце. Літаніі. Навэнны. Вяночкі».
Доўгачаканая і вельмі патрэбная кніга «Прасіце і атрымаеце» выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто» – зборнік літаній, навэннаў і вяночкаў. Выданне аб’ёмам каля 650-ці старонак стала плёнам шматгадовай працы калектыву рэдакцыі часопіса «Ave Maria», на старонках якога на працягу больш чым 20-ці гадоў друкавалася пераважная частка малітоўных тэкстаў, што ўвайшлі ў зборнік. Акрамя таго, некаторыя літаніі, навэнны і вяночкі былі адмыслова падрыхтаваныя для новага малітоўніка.
Нездарма да навэннаў, літаній і вяночкаў як да любімых формаў прыватнай малітвы часта звярталіся святыя і благаслаўлёныя, пакінуўшы нам шматлікія сведчанні пра эфектыўнасць такой малітоўнай практыкі. Варта падкрэсліць, што дзейснасць малітвы заключаецца не ў нейкай асаблівай сіле яе словаў ці выразаў (не будзем надаваць ёй магічных уласцівасцяў!), а ў тым, што гэтыя традыцыйныя набажэнствы патрабуюць ад верніка паслядоўнасці і пастаянства, што ў сваю чаргу фармуе ў душы цвёрдую, нязломную веру і дапамагае не збочваць з абранага духоўнага шляху. Так, навэнна звычайна доўжыцца дзевяць дзён – а гэта ўжо патрабуе пэўнай дысцыпліны ва ўласным духоўна-рэлігійным жыцці. Літаніі і вяночкі часцей за ўсё заснаваныя на мностве малітоўных паўтораў і заклікаў, таму дапамагаюць максімальна «акунуць» свае думкі ў малітву, напоўніць ёю штодзённыя справы і абавязкі.
Згадаем, што Пан Езус, жадаючы ўсяму свету аб’явіць бязмежнасць сваёй Міласэрнасці і заахвочваючы чалавецтва маліцца аб уміласціўленні за грахі, прадыктаваў Св.Фаўстыне Кавальскай менавіта гэтыя тры формы малітвы да Божай Міласэрнасці: літанію, навэнну і вяночак (дарэчы, сёлета спаўняецца 90 гадоў з часу з’яўлення Вяночка да Божай Міласэрнасці). Менавіта ў гэтай святой містычкі мы можам вучыцца вытрываласці ў малітве. «Няхай душа ведае, што для таго, каб маліцца і вытрываць у малітве, яна павінна ўзброіцца цярплівасцю і мужна пераадольваць знешнія і ўнутраныя цяжкасці. Унутраныя цяжкасці: расчараванне, чэрствасць, вяласць, спакусы; знешнія: адносіны людзей і [неабходнасць] прытрымлівацца часу, прызначанага для малітвы. Я сама адчула, што калі не прачытала малітвы ў вызначаны для яе час, то пасля таксама яе не прачытала, бо не дазволілі абавязкі, а калі і прачытала, то з вялікімі цяжкасцямі, бо думкі былі пра абавязкі» (Дз., 147), – разважала Св. Фаўстына.
Спадзяемся, што духоўныя тэксты гэтых навэннаў, літаній і вяночкаў да Пана Бога, Маці Божай, святых і благаслаўлёных, упершыню сабраныя пад адною вокладкаю, дапамогуць вам, дарагія чытачы, узмацняць свой давер да Пана, выпрацоўваць пакору і вытрываласць у малітве, зноў і зноў адважна прыносіць да Бога ў малітве ўсе свае цяжкасці, сумненні і просьбы…
Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка