Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай плануем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Новы Запавет для дзяцей і моладзі
У выдавецтве «Pro Christo» выйшаў «Новы Запавет для дзяцей і моладзі» па-беларуску. Гэта – чарговая версія бестселера, які папулярна называецца «Біблія з папугаем», даступная ў свеце на многіх мовах.
Выданне падрыхтавана спецыяльна для юных чытачоў. Поўны пераклад Новага Запавету пададзены разам з каментарыямі, малюнкамі, тлумачэннямі, каляровымі картамі, дыдактычнымі заданнямі, цікавай інфармацыяй, якая знаёміць з тагачасным жыццём, звычаямі і людзьмі Бібліі. Усё гэта зроблена для таго, каб юны чытач свядома і з разуменнем мог плённа карыстацца Божым Словам.
Гэта таксама дасканалая прылада евангелізацыі і дыдактычны дапаможнік для святароў, катэхетаў, бацькоў і тых, хто хоча заахвоціць дзяцей і моладзь чэрпаць духоўную падтрымку і каштоўнасці са скарбніцы Хрыстовага вучэння.
«Новы Запавет для дзяцей і моладзі» (Мінск, 2019) падрыхтаваны стараннем Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і выдадзены, дзякуючы выдавецтву «Pro Christo”.
Адметнасцю кнігі з’яўляюцца:
- Поўны тэкст Новага Запавету ў поўным афіцыйным рыма-каталіцкім перакладзе на беларускую мову (Мінск, 2017).
- Уводзіны да кожнай кнігі і яе кароткі змест.
- Слоўнік і каляровыя карты.
- Каляровыя ўстаўкі з біблійнымі цікавосткамі і прыгодніцкімі ілюстрацыямі.
- Тлумачэнне цяжкіх паняццяў і тэмаў.
- Тэматычныя рамкі ў прывабнай форме.
- Важныя вершы, якія варта запомніць.
- Інфармацыі і малюнкі паказваюць, як выглядала жыццё ў старажытнасці.
Каардынатарам распаўсюджвання «Новага Запавету для дзяцей і моладзі» (Мінск, 2019) у дыяцэзіях Беларусі з’яўляецца Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Запрашаем у цікавую прыгоду – у вандроўку па старонках заўсёды жывой Кнігі, бо яе героямі можам быць таксама і мы! Застаецца толькі знайсці час і жаданне адправіцца ў гэтае падарожжа разам з яе натхнёнымі аўтарамі.
Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ
Паводле Catholic.by