Духоўная кніга

Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам,  што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з  навінкамі духоўнай літаратуры.

 

 

Шляхамі Пружаншчыны…

Пра кнігу «Каталіцкія святыні. Пінская дыяцэзія.

Пружанскі дэканат. Пружанскі раён»

 

 

 Vokladka-PruganyЗнаўцы каталіцкай літаратуры, несумненна, добра памятаюць грунтоўнае выданне «Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія», якое пабачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто» шмат гадоў таму і ў якім сабрана інфармацыя пра ўсе касцёлы, капліцы і кляштары Будслаўскага, Вілейскага і Мінскага дэканатаў. Кніга стала максімальна поўным даведнікам для ўсіх, хто цікавіцца архітэктурай, гісторыяй, сакральным мастацтвам нашага краю.

Сёння  маем радасную нагоду распавесці пра чарговае выданне серыі «Каталіцкія святыні», якое выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто» на пачатку восені і прысвечана святыням Пружанскага раёна аднайменнага дэканата Пінскай дыяцэзіі – мясцін, з якімі быў асабліва звязаны святарскі шлях кардынала Казіміра Свёнтка. Аўтар тэксту і фотаздымкаў, як і ў першым выданні серыі, – архітэктар Аляксей Яроменка. Праехаўшы па дарогах Пружаншчыны, ён сабраў унікальную інфармацыю пра святыні, якія тут дзейнічаюць у наш час, якія былі разбураныя і стаяць у руінах, а таксама пра тыя, ад якіх не засталося нават рэшткаў… Аляксей Яроменка знайшоў і апрацаваў вялікую колькасць архіўных матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архівах і бібліятэках Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі. Дзякуючы гэтым пошукам яму ўдалося ўзнавіць гістарычную сетку мясцовых структураў Касцёла. «У дадзеным выданні разглядаюцца парафіі ў межах Пружанскага раёна, – піша аўтар, – але цікава, што ў межы гэтага раёна трапляюць гістарычныя цэнтры ажно трох дэканатаў – дзеючага Пружанскага, былых Ружанскага і Шарашоўскага». Як адзначае біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ва ўступным слове да выдання, Пружанскі раён адзіны на тэрыторыі Беларусі з такою асаблівасцю. Пастыр Пінскай дыяцэзіі таксама заўважае: «Пададзеная аўтарам інфармацыя — унікальная і цікавая. Зазначу, што многія помнікі архітэктуры дагэтуль не згадваліся ў навуковай і даведачнай літаратуры, не даследаваліся і, магчыма, былі б незаслужана забытыя нашчадкамі, хоць руіны некаторых святыняў у хмызняках і зарасніках яшчэ нагадваюць нам пра тое, што каталіцкае жыццё на Пружаншчыне ў розныя часы было вельмі актыўным і плённым».

Кніга густоўна ілюстраваная гістарычнымі картамі, архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі святыняў, выявамі праектаў і чарцяжоў сакральных будынкаў — усё гэта суправаджаецца разгорнутымі подпісамі і тлумачэннямі на палях кніжных старонак, што дапамагае чытачу добра арыентавацца ў пададзеным матэрыяле, паслядоўна праводзіць яго ўнутраны позірк праз мінулыя стагоддзі і выразна паказвае, які адбітак на сакральных помніках – дый на чалавечых лёсах – пакінулі час, войны, дзесяцігоддзі атэізму і нявер’я.

Выданне прымеркавана да 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, у склад якой уваходзіць Пружанскі дэканат. Выдадзеная інфармацыя мае надзвычайную каштоўнасць для кожнага верніка не толькі Пружаншчыны, але і ўсёй Беларусі, а таксама для нашых нашчадкаў, якія напэўна будуць неабыякавыя да жыцця Каталіцкага Касцёла.

 

 

Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий