Духоўная кніга

Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам,  што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з  навінкамі духоўнай літаратуры.

 

 

У школе ружанцовай малітвы

 

Пра кнігу «Маці Божая Ружанцовая, маліся за нас!

Ружанцовыя разважанні»

 

 

 Ruzancovya razvazanniАдна з праблемаў, з якою сустракаюцца вернікі падчас ружанцовай малітвы,— рассеянасць і няздольнасць доўга засяроджвацца думкамі на выбранай таямніцы Ружанца. Аднак Маці Божая Фацімская падчас сваіх аб’яўленняў прасіла, каб «элемент» разважання заўсёды прысутнічаў у гэтай  малітве,  якая  не  павінна  быць механічным паўтарэннем адных і тых жа фразаў.

Вялікаю дапамогаю ў вырашэнні гэтай праблемы могуць стаць падрыхтаваныя тэксты ружанцовых разважанняў для чытання і медытацыі перад кожнаю таямніцаю. Менавіта яны і сталі зместам кнігі «Маці Божая Ружанцовая, маліся за нас!», якая выйшла ў выдавецтве “Про Хрысто”.Прапанаваныя ў кнізе разважанні складзеныя на аснове пісьмовых сведчанняў святых – Св. Фаўстыны Кавальскай, Св. айца Піо з П’етрэльчыны, Св. Маці Тэрэзы з Калькуты, Св. Яна Паўла ІІ, а таксама на аснове дакументаў Папы Францішка і сведчанняў кардынала Казіміра Свёнтка. Складальнік кнігі айцец Раман Шульц, ОР у прадмове да яе нагадаў, што «Ян Павел ІІ заахвочваў нас стаць вучнямі ў школе малітвы Марыі. Гэта вельмі арыгінальны погляд на малітву. Ён дапамагае нам усвядоміць, што вучнёўства – працэс, які не заканчваецца, а працягваецца ўсё жыццё, асабліва ў духоўнай сферы. <…> Разважанні над таямніцамі Ружанца маюць вялікую каштоўнасць па той прычыне, што з’яўляюцца вынікам медытацыі і кантэмпляцыі над Божым словам, якое прайшло праз сэрцы святых і было перададзенае нам, дастасаванае да нашых часоў і праблемаў, каб яно таксама магло прайсці праз нашыя сэрцы і сфармаваць іх».

У кнігу таксама ўключаны «Ружанец з малітоўнымі дадаткамі», у якім прапануецца надзейны спосаб сапраўды ўважліва маліцца на ружанцы і пражываць біблійныя падзеі разам з Марыяй. Сутнасць такога спосабу ў тым, што ў кожнай малітве «Вітай, Марыя…» пасля слова «Езус» мы дадаём невялікае разважанне, якое тэматычна адносіцца да ружанцовай таямніцы. Той, хто хоць аднойчы паспрабаваў маліцца Ружанец такім чынам, напэўна, пераканаўся, што гэты спосаб сапраўды дапамагае вяртаць думкі да прадмету малітвы, і неабавязкова карыстацца менавіта прапанаванымі ў кнізе формуламі – цікавей і нават пажадана прыдумваць свае, актуальныя менавіта для вас, у вашай жыццёвай сітуацыі малітоўныя дадаткі.

У «Дадатку» да кнігі змешчаны разважанні Св. Максімільяна Марыі Кольбэ пра тое, што азначае сапраўднае набажэнства да Маці Божай, пра сутнасць і спосабы даручэння сябе Беззаганнай (тэксты падаюцца ў перакладзе з польскай мовы). Тут таксама прапануюцца парады а. Рамана Шульца, ОР адносна Пампейскай навэнны (значэнне гэтага набажэнства, парадак навэнны, сведчанні вернікаў пра яе эфектыўнасць).

Кніга з ружанцовымі разважаннямі можа стаць для чытача надзейнаю падтрымкаю ў будаванні блізкіх адносінаў з Езусам Хрыстом праз Яго Маці, якая ў сваіх аб’яўленнях у Фаціме сама прасіла нас кожны дзень маліцца на ружанцы.

 

 

 Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий