Не прэтэндуючы на абсалютную дасканаласць у справе пошуку самых апошніх і самых цікавых духоўных твораў, усё ж хацелі б падказаць чытачам, што найноўшае выходзіць апошнім часам у хрысціянскіх выдавецтвах. З гэтай мэтай прапаноўваем знаёмства з навінкамі духоўнай літаратуры.
Волат духу
Пра кнігу «Пастыр скалечаных душаў.
Успаміны пра айца Войцеха Навачыка, ОМІ»
Такіх людзей вельмі мала… Гэта волат духу, загартаваны ў жорсткіх жыццёвых выпрабаваннях; гэта святар, які вымушаны быў працаваць за дзесяцярых і якога з удзячным сэрцам успамінаюць людзі нават праз 40 гадоў пасля яго адыходу ў вечнасць. Войцех Навачык (1910–1984), місіянер аблат Марыі Беззаганнай, стаў ужо святаром-легендай у Касцёле на Гродзеншчыне, дзе служыў з 1930-х да 1980-х гадоў. Менавіта да 40-годдзя яго смерці, а таксама да 100-годдзя заснавання Пінскай дыяцэзіі, якая раней ахоплівала таксама значныя рэгіёны Міншчыны і Навагрудчыны, прымеркаваны выхад кнігі «Пастыр скалечаных душаў. Успаміны пра айца Войцеха Навачыка, ОМІ» («Про Хрысто», 2024).
На пачатку свайго святарскага шляху, у 1939-м айцец Войцех Навачык быў скіраваны на служэнне ў капліцу святых Яўхіма і Ганны ў Вашкевічах на Лідчыне (цяпер святыня тэрытарыяльна знаходзіцца ў вёсцы Агароднікі), вёў душпастырскую працу таксама ў Беліцы і Нецячы. У 1950 годзе святар быў арыштаваны і адпраўлены ў ссылку, асуджаны на 60 гадоў зняволення. Вызвалены ў 1956 годзе, айцец Войцех жартаваў, што Бог скрэсліў «нуль» у яго прысудзе. Хворы і знясілены цяжкаю працаю, святар вярнуўся на Гродзеншчыну і пачаў служыць у касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку. Адначасова ў 1950–1980-я гады абслугоўваў парафію ў Дзятлаве і быў душпастырам у многіх навакольных парафіях, дзе святыні засталіся ў руінах пасля ваеннага ліхалецця ды савецкай антырэлігійнай прапаганды.
У пасляваенныя гады айцец Войцех Навачык быў адзіным святаром з супольнасці місіянераў аблатаў Марыі Беззаганнай, які застаўся служыць у Беларусі. Дэвіз супольнасці – «Бог паслаў мяне прапаведаваць Евангелле бедным». Зведаўшы ўбоства, нястачу, зняволенне і хваробу, айцец Войцех не шкадаваў апошніх сіл, каб сваім сумленным і ахвярным служэннем, сваёю шчодраю дапамогаю несці людзям святло надзеі, веры і любові, якіх так не ставала ў гады вайны і атэізму на нашай зямлі. Ён падымаў з руін парафіі, быў руплівым працаўніком і ўважлівым духоўным кіраўніком. Менавіта так пра яго згадваюць людзі, чые ўспаміны і аповеды, змешчаныя ў кнізе «Пастыр скалечаных душаў», дапамагаюць нашым сучаснікам аднавіць жывую памяць пра гэтага нястомнага душпастыра. Пра яго асобу апавядаюць біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка, які быў пераемнікам айца Войцеха на святарскай працы ў навагрудскім фарным касцёле; сабрат айца Навачыка, айцец Казімір Янджэйчак, ОМІ; а таксама былая парафіянка Ганна Расцішэўская.
Кніга багата ілюстраваная архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі, якія не толькі яскрава дапаўняюць успаміны пра айца Войцеха, але і даюць уяўленне пра гісторыю жыцця Касцёла на Наваградчыне, Лідчыне, Дзятлаўшчыне, праводзяць чытача па шматлікіх сцежках святарскага служэння айца Навачыка.
Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка